Абласная вучоба прайшла на базе РУСП «Масаляны»

Лента новостей

Жывёлагадоўля – важная галіна сельскай гаспадаркі. У гэтай пяцігодцы яе развіццё набывае асаблівае значэнне, таму што краіна плануе павялічыць экспарт прадукцыі ў блізкае і далёкае замежжа. Для гэтага неабходна надаць вялікую ўвагу  росту валавой прадукцыі. І каб выканаць важныя задачы, пастаўленыя перад аграрыямі, трэба не стаяць на месцы, а ўкараняць усё тое перадавое, што ўжо апрабавана іншымі.

Нядаўна ў РУСП “Масаляны”  прайшла абласная  занальная  вытворчая вучоба, на якой пабывалі прадстаўнікі  сельскай гаспадаркі  Бераставіцкага, Ваўкавыскага, Свіслацкага, Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў. Праводзіў яе намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вайцяховіч.  У канструктыўнай гутарцы прынялі ўдзел галоўны ветурач вобласці Мікалай Кот, генеральны дырэктар РСУП “Гродзенскае племпрадпрыемства” Пётр Каштэлян, загадчыкі малочнатаварных комплексаў, дзе жывёла доіцца ў даільных залах і знаходзіцца на камбібоксавым утрыманні,  заатэхнікі-селекцыянеры, тэхнікі па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы,  урачы-гінеколагі.  Прысутным былі паказаны слайды па вядзенню вытворчасці ў Ізраілі, дзе развітая малочная жывёлагадоўля і ёсць чаму павучыцца. Там высокія надоі і ўсё малако адпавядае гатунку “экстра”, таму што іншае ўвогуле  незапатрабаванае. Гутарка вялася пра недахопы, якія маюць месца на малочнатаварных комплексах Гродзеншчыны. У вобласці ёсць яшчэ фермы, дзе ў год карова дае прыблізна 4 тысячы кілаграмаў малака. У наш час мець сярэднясутачны надой 7 літраў – гэта недапушчальна.  Амаль столькі ж можа даць і добрая каза, спажыўшы пры гэтым намнога менш корму. Калі ў прадстаўнікоў ферм запыталіся, чаму склалася такая сітуацыя, яны адказвалі, што “вінаваты кармы”. Таму нават з такога вопыту можна зрабіць вывад, што самае галоўнае для таго, каб мець высокія надоі,  трэба добра карміць і даглядаць жывёлу. Парады па выпраўленні заганнага становішча давалі запрошаныя вучоныя Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.
Удзельнікі мерапрыемства паглядзелі, як у РУСП “Масаляны” на новым малочнатаварным комплексе вядзецца кармленне жывёлы па розных узроставых групах. За рэцэптурай кармоў сочыць жывёлавод Данута Ігнаткевіч.
Тое, што ў РУСП “Масаляны” умеюць працаваць і атрымліваць добрыя вынікі, можна бачыць па надоях высокапрадуктыўных кароў. Яны даходзяць па секцыях раздою да 34-36 кг малака ў суткі.  А асобныя рэкардсменкі даюць да 46 кг малака.  У развітых краінах высокапрадуктыўная жывёла дае да 11 тысяч у год.
А каб карова давала шмат малака, трэба яе добра даглядаць  з  самага  нараджэння. Генетычны матэрыял у нашым раёне  добры. У РУСП “Масаляны” цяляты атрымліваюць малодзіва, а затым работнікі сочаць, каб прывагі былі належныя. Вядома, што з добрай цялушкі атрымаецца  такая ж і  карова. Таму прывагі іх павінны быць тэхналагічнымі. Над гэтым тут і працуюць,  і  поспехі ёсць.
Аднак ніякая тэхніка не заменіць руплівую працу чалавека.  Усе здабыткі ў жывёлагадоўлі ў гэтай гаспадарцы сталі магчымыя дзякуючы такім працавітым людзям, як цялятніцы Галіна Мароз, Ніна Кіку, Зоя Садаўнічая, аператары машыннага даення Ганна Дзямбіцкая, Валянціна Токарава, Таццяна Печка і многія іншыя.
Увесь  зладжаны адпрацаваны ланцужок вытворчасці, кармленне, догляд і лячэнне кароў, а таксама прафілактыка захворванняў, захаванне сучасных тэхналогій аказалі вялікае ўражанне на прысутных. Яны шмат чаму  павучыліся  і  будуць арыентавацца на перадавы вопыт.
Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *