“Бераставіцкія музыкі” на фестывалі ў Чарна Беластоцкай


Нягледзячы на рознагалоссі, якія часам узнікаюць на палітычнай арэне, прыкладам добрасуседскіх сяброўскіх адносін паміж беларусамі і палякамі можна лічыць штогадовае запрашэнне народнага ансамбля народнай песні раённага Дома культуры “Бераставіцкія музыкі” для ўдзелу ў Міжнародным фестывалі жартоўнай песні ў мястэчку Чарна Беластоцка. Нашы артысты з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі гэтага адметнага мера-прыемства.
Пабывалі “Бераставіцкія музыкі” ў Чарна Беластоцкай і ў мінулую суботу. Тут, на беразе маляўнічага возера Чапялуўка, фестываль праходзіў ужо ў шосты раз. Дарэчы, сцэна фестывалю–своеасаблівая. Яна пабудавана над вадой прыгожага возера, размешчанага амаль у самым сэрцы Пушчы Кнышыньскай. Куток гэты—адна з самых прыгожых прыродных мясцін Беластоцкага ваяводства і штогод прыцягвае шмат турыстаў.
Арганізатары свята жартоўнай песні—мясцовы Дом культуры і муніцыпалітэт Чарна Беластоцкай—за шэсць гадоў існавання праекту па-стараліся стварыць зручныя, камфартабельныя ўмовы і для ўдзельнікаў фестывалю, і для гасцей, і для шматлікіх гледачоў. А таму фестываль стаў вельмі папулярным не толькі ў самой Польшчы, але і за яе межамі. Сёлета, напрыклад, прыязджалі фальклорныя калектывы з Украіны, Літвы, беларускія ансамблі Мінска, Шчучынскага і Гродзенскага раёнаў.
Нашы артысты настолькі палюбіліся мясцовым гледачам сваёй каларытнасцю і задорам, што ў адрозненне ад іншых калектываў Гродзеншчыны, маюць статус “зорак” фестывалю і заўсёды выступаюць у якасці ганаровых гасцей. Вось і сёлета “Бераставіцкія музыкі”, прыняўшы ўдзел у традыцыйным шэсці ўдзельнікаў фестывалю і прадставіўшы на суд гледачоў 20-мінутную канцэртную праграму, проста пакарылі ўсіх арыгінальным беларускім рэпертуарам, сваёй эмацыянальнасцю і пазітыўнай энергетыкай.
Штогод Міжнародны фестываль жартоўнай песні ў Чарна Беластоцкай пашырае межы, павялічвае колькасць удзельнікаў, імкнучыся тым самым выканаць сваю асноўную мэту—прыцягнуць увагу да асаблівасцяў нацыянальнага гумару праз удзел польскіх гуртоў і гуртоў з-за мяжы, садзейнічаць культурнаму супрацоўніцтву памежных рэгіёнаў і развіваць трывалыя добрасуседскія адносіны паміж дзяржавамі.
Святлана Ганчарова, фота
 Анатолія Багдановіча



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *