“І сёння ў памяці жах тых першых дзён вайны…”

Культура Лента новостей

02Ніна Іванаўна Грышкевіч нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў невялічкай вёсцы Жылічы нашага раёна. Ёй восемдзесят шэсць, і жанчына добра памятае пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Вось што расказвае:
– Мне ішоў у 1941-м дванаццаты год, і тыя страшныя падзеі не маглі не ўрэзацца ў маю дзіцячую памяць. У нашых Жылічах налічвалася ўсяго трынаццаць хат, столькі ж і сем’яў тут жыло. Людзі ў вёсцы былі дружныя, памагалі адзін аднаму, спачувалі ў горы і разам радаваліся добрым навінам. Абавязкова хачу вам сказаць, што я нідзе, акрамя сваёй вёскі, не жыла, толькі пад старасць некалькі зімаў зімавала ў горадзе ў дзяцей. І што нідзе па сённяшні дзень няма для мяне месца, даражэйшага за нашы Жылічы. Тут замуж выйшла, тут дзяцей гадавала. І калі б хто мне сказаў, што вёска апусцее, што застануся некалі ў ёй адна-адзінюсенкая, ні за што не паверыла б. Але жыццё ёсць жыццё, яно распараджаецца па-свойму, і цэлых тры гады я жыла адна на ўсе нашы Жылічы. І крыўдна было трохі, і боязна, але ніяк не хацела перасяляцца з родных сцен, з роднай вуліцы ні да дзяцей, ні ў сацыяльны прытулак, куды прапаноўвалі ехаць. Аднак пачало моцна падводзіць здароўе, і рашыла ўсё ж такі перабрацца ў Макараўскі інтэрнат: і догляд добры, і фельчар на месцы, а галоўнае – такія ж, як сама, старыя людзі побач. І жыву ўжо тут другі год. А свае Жылічы ўспамінаю, паверце, штодня, сню іх ледзь не кожную ноч: і людзей нашых, якіх даўно ўжо няма, і працу сваю, і падзеі розныя, што перажылі мы ўсёй вёскай. Сніцца, як праду або тку за кроснамі, як спяшаюся з бабамі на работу ў поле ці бягу на ферму, дзе доўга працавала.
А дзіцячыя гады ўспамінаюцца, і сны таксама сняцца, найчасцей пра тое, як раўлі-кружылі ў небе самалёты з чорнымі крыжамі. Мне гэта было так жудасна! Думала, што вось-вось загіну і я, і мой брат, і мае татка з мамкай, а таксама ўсе нашы вяскоўцы.
… Чуткі пра вайну дайшлі да нас ў той жа самы спякотны нядзельны дзень, 22 чэрвеня. Наша вёска стаіць каля чыгуначнай каляі, і яшчэ ранкам людзі бачылі, як у бок Ваўкавыска прайшоў цягнік з выбітымі вокнамі. Здагадваліся, што прыйшла бяда… А хутка іх здагадку пацвердзілі школьнікі – іх прыслалі настаўнікі апавясціць людзей, што пачалася вайна.
Кватарскі аэрадром ад нашых Жылічаў вельмі блізка, і калі нямецкія самалёты бамбілі яго, то разварочваліся якраз над нашымі прысадамі. У баку аэрадрома да таго моцна вухкала, што дрыжала зямля і нашы хаты. Адзін наш лётчык, казалі мае бацькі і нашы суседзі, усё-такі здолеў узляцець і збіў нямецкага бамбардзіроўшчыка. Той упаў у лесе.
Яшчэ ў памяць урэзалася, як немцы бамбілі цягнік, што ішоў на Ваўкавыск з боку Беластока. У ім, казалі, ехалі сем’і ваенных, якія служылі на заходняй мяжы. Божухна, як гэта было жудасна! Бацькі расказвалі, што з неба ляцелі не толькі бомбы, а лётчыкі стралялі па пасажырах і з кулямётаў. Потым жыхары навакольных вёсак знаходзілі каля забітых у жыце матуль маленькіх дзяцей і гадавалі іх.
Пасажыры з цягніка хаваліся ў хатах каля чыгункі, а калі самалёты зніклі, то ўсе яны ішлі ў накірунку Ваўкавыска. Я сама бачыла каля нашай вёскі жанчын з дзецьмі. Яны былі апрануты па-гарадскому, меншыя дзеці былі ў іх на руках, а большыя беглі побач і памагалі матулям несці клункі. Людзі давалі жанчынам і іх дзеткам папіць вады, што-небудзь з прадуктаў.
Падчас бамбёжак нашы вяскоўцы хаваліся ў склепах. Помню, як мы з суседзямі беглі ў мураваны склеп дзядзькі Каладзінскага. Мне было так страшна там сядзець, што я моцна плакала…
І яшчэ адзін эпізод помніцца ўсё жыццё. Гэта калі нашага татку, Івана Данілавіча, немцы павялі за хлеў расстрэльваць. А было так. Першыя варожыя салдаты з’явіліся ў нашых Жылічах можа праз тыдзень. Спыніліся адпачыць, раскладвалі вогнішчы ў садах, на падворках, некаторыя гатавалі курэй і ў хатах. Наша хата была даволі прасторная, ды і на выгляд някепская. Дык салдаты выгналі нас на вуліцу, а ў самым лепшым пакоі пасяліўся нейкі высокі ваенны чын, татка казаў, што гэта генерал. Можа, і так, бо разам з ім быў перакладчык. Татка ўзабраўся на гарышча хаты, а мы з мамай былі ў хляве. Брат з суседнімі хлопцамі-сябрукамі сядзеў у іх бульбяной яме. Помню, як моцна мама непакоілася за яго. А сусед, каб немцы не знайшлі хлопцаў, рубаў побач на калодцы хварост і маскіраваў ім уваход у яму.
З братам нічога не сталася. А вось бацьку мы ледзь не страцілі. Салдаты ўбачылі ў шопцы каля хлява ровар. Выцягнулі, з рогатам пакаталіся па прыгуменні, і адзін з салдат пакаціў яго на вуліцу. А зноў бачым – насустрач яму татка: ушчаперыўся за ровар і цягне яго да сябе. Немец узлаваўся, нешта зашваргатаў па-свойму. А потым зняў з пляча зброю і паказаў татку, што застрэліць яго. Удваіх салдаты павялі пад аўтаматам татку за хлеў. Мамка, а за ёю і я, не помнілі як выскачылі з хлява і нарабілі такога шуму, крыку, плачу! На той крык нават выскачыў з хаты той высокі ваенны чын і загадаў перакладчыку даведацца, ў чым справа. Мама, плачучы, растлумачыла, што татку павялі расстрэльваць за хлеў, а ён жа ні ў чым не вінаваты. Дзякаваць Богу, ёй удалося вымаліць літасці: генерал загадаў татку не трапляць больш яму на вочы.
І ўсё ж Вялікая Айчынная вайна не абышла яго бокам. Татка ваяваў. Расказваў, што ішоў па самай першай лініі фронту. Быў моцна паранены і яго выратоўвалі ўрачы ваеннага шпіталю ў польскім горадзе Любліне. Пасля вайны ўжо доўга не пажыў, а праз некалькі год пасля смерці таты і мамы не стала…
Ды што там казаць: вайна пастукалася горам у кожную хату маёй роднай і любай сэрцу вёсачкі Жылічы.
Марыя Драпеза,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *