І СНІЦЦА МНЕ ГАЗЕТА…

Лента новостей

Упершыню мне давялося пабачыць гэтага чалавека ў нашай рэдакцыі некалькі месяцаў таму. Высокі, маладжавы, у дзелавым касцюме і пры гальштуку, ён з цікавасцю распытваў, хто я і адкуль, ці падабаецца мне працаваць, ці не шкадую, што вырашыла стаць журналістам. Толькі крыху пазней я даведалася, гэты статны з вабнай шчырай усмешкай мужчына – былы галоўны рэдактар “Бераставіцкай газеты” Яўген Уладзіміравіч Болбат.

І вось напярэдадні Дня друку адбылася наступная наша сустрэча. Некалі кіраўнік раённага выдання з агульным 40-гадовым журналісцкім стажам сёння сядзіць насупраць – дапытвацца падышла мая чарга.
– Яўген Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, як наогул так здарылася, што журналістыка стала справай Вашага жыцця?
– У юнацтве ў мяне ніколі не было мары працаваць менавіта ў газеце. Я хацеў стаць аграномам, спрабаваў паступіць у сельскагаспадарчы інстытут, але не атрымалася. Цяпер разважаю: мабыць, гэта быў лёс. Пасля таго, як вярнуўся з арміі, трэба было шукаць працу. У штаце свіслацкай раёнкі патрэбен быў друкар. Які з мяне друкар? – падумаў я тады, але да галоўнага рэдактара Алега Пятровіча Смальянава ўсё ж такі пайшоў. Той зрабіў мне зусім нечаканую прапанову – пастажыравацца ў якасці літаратурнага супрацоўніка, а калі да­знаўся, што я з вёскі Грынкі, яшчэ і тэму падказаў. У чэрвені 1969 года ў райгазеце з’явіўся мой першы артыкул пра будаўніцтва новай навучальнай установы – “Будзе школа ў Грынках”. Матэрыял за матэрыялам – і праз два месяцы мяне залічылі ў штат, якраз у дзень майго нараджэння. Канешне, трэба было вучыцца, таму мяне накіравалі ў сталіцу, закончыў там газетнае аддзяленне Мін­с­кай вышэйшай партыйнай школы. Я прайшоў усе ступені прафесійнага росту – быў карэспандэнтам, узначальваў аддзел, працаваў намеснікам рэдактара. Пазней меў магчымасць уладкавацца і ў рэспубліканскае выданне, але быў ужо сямейным чалавекам, таму прапанова заняць пасаду кіраўніка бераставіцкай раёнкі мне падалася больш прымальнай.
– А ці ж надта было складана, калі Вы, зусім новы, незнаёмы для рэдакцыйнага калектыву чалавек, прыйшлі не проста працаваць, а адразу кіраваць выданнем?
– Шчыра кажу – я з удзячнасцю ўспамінаю ўсіх калег. У нашай рэдакцыі не было яўнага дзялення на творчых і тэхнічных работнікаў. Мы выпускалі ідэалагічна важную прадукцыю – газету. Таму ўсе вучыліся, раіліся, прымалі прапановы чытачоў. Невыпадкова газета неаднаразова займала прызавыя месцы ў рэспубліканскіх і абласных творчых конкурсах.
Наш калектыў імкнуўся да новага, у ім вітаў дух пошуку, творчасці, узаема­выручкі. У рэдакцыі былі вопытныя журналісты: Уладзімір Хонцар, Ніна Абрамовіч, Палікарп Абрамовіч, Марыя Драпеза і іншыя. Работа побач з імі – выдатная школа не толькі для маладых, пачынаючых журналістаў, але і для тых, у каго за плячыма ўжо быў значны прафесійны і жыццёвы вопыт, у тым ліку для мяне. Гэта былі адметныя журналісты, незвычайныя асобы, чый аўтарытэт вызначаўся не пасадай, а багаццем ведаў, прыстойнасцю, людскасцю і адданасцю справе.
Так, большасці з тых, хто пачынаў працу ў раёнцы і шмат зрабіў для яе станаўлення, ужо няма сярод нас. Адыходзіць цэлае пакаленне журналістаў і паліграфістаў, а з імі і каштоўныя скарбы душы, ведаў, вопыту. І вельмі важна тое, што ў 2008 годзе выйшла ўнікальнае выданне пра журналістаў Гродзеншчыны, якія пакінулі значны след у развіцці перыядычнага друку рэгіёна. Думаю, кніга “Прызванне быць журналістам” знайшла дарогу і да чытача, і да работнікаў друку, асабліва маладых.
Дарэчы, амаль усіх ця­перашніх супрацоўнікаў рэдакцыі я некалі сам прымаў на працу. Я і сёння яшчэ жартаўліва называю іх сваімі “дзецьмі”.
– А памятаеце, як я ўпер­шыню прыйшла да Вас на субяседванне? – раптоўна запыталася мая суседка па кабінеце тэхнічны рэдактар Людміла Мартус. – Вы тады сказалі мне перавесці на беларускую мову словы “беседка” і “обои”.
– Так-так, як жа не памятаю? – засмяяўся Яўген Уладзіміравіч.
– Сорак гадоў – дастаткова працяглы адрэзак часу. Многа значных змяненняў у працэсе выпуску газет адбылося на Вашых вачах і непасрэдна з Вашым удзелам. Якой жа яна была, тагачасная газета ў параўнанні з сённяшняй?
– Цяпер раёнкі далёка пайшлі наперад у плане кадравага і тэхнічнага забеспячэння. Раней у рэдакцыі была свая фоталабараторыя, і з чорна-белых фотаздымкаў Фёдара Арэшкіна рабілі клішэ на цынкавых пласцінах, у друкарні стаяў лінатып, на якім з свінцу адлівалі кожны асобны газетны радок. З газетай працавалі Зінаіда Хілюта, Ганна Барадаўка, Уладзімір Мазола і іншыя. Адбіткі палос рабілі ў сваёй жа друкарні, дзе потым друкаваўся і ўвесь тыраж. Памятаю, як аднойчы складзеную з аб’ёмных свінцовых радкоў газету да друкарскай машыны не данеслі – рассыпалі. Усю ноч мы нанова збіралі старонкі радок за радком, каб нумар выйшаў своечасова.
Добра, што газету ў той час набіралі, вычытвалі, вярсталі і друкавалі на месцы. Калі ж гэтыя работы сталі выконваць у абласной друкарні, дзе газету вычытвалі і падпісвалі да друку адказны выпускаючы і карэктар, часам здараліся розныя казусы і памылкі. Уяўляеце, што адчуваў рэдактар, які не мог пракантраляваць працэс выпуску газеты поўнасцю? Дарэчы, у гэтым сэнсе з былым, самым вопытным, карэктарам Нінай Лук’яненка працаваць было надзейна і спакойна.
Сучасны дзень, безумоўна, уплывае і на работу калектыву, і на воблік газеты. Афармленне, здымкі, колернасць, аб’ём сталі цяпер ужо зусім іншымі. Бачу гэта не толькі па роднай раёнцы, але і па іншых, у тым ліку інтэрнет-выданнях. Аднак радуе і імпануе тое, што творчую эстафету старэйшых газетчыкаў пераймае моладзь. Яна імкнецца ўдасканальваць змест раённага перыядычнага выдання, робіць яго больш прывабным для чытача. Лічу, што цяпер роля журналісцкай працы яшчэ больш узрасла, а густы і патрабаванні чытачоў яшчэ больш пашырыліся. Каб задаволіць іх, журналісту трэба быць не толькі творчай асобай з шырокім кругаглядам, але і смялей выкарыстоўваць наватарскія падыходы ў напісанні матэрыялаў, валодаць суча­­снымі электроннымі тэх­налогіямі, быць дына­мічным і крэатыўным.
– Вы чалавек, які ўсё жыццё прысвяціў адной вельмі адказнай, цяжкай, не заўсёды прадказальнай і ўдзячнай працы. Ці не хацелася калі-небудзь змяніць сферу дзейнасці?
– Сітуацыі былі розныя. Але ж цяпер магу з упэўненасцю сказаць, што праца ў раённай газеце з яе таленавітым, невялікім, але дружным калектывам назаўсёды застанецца самым хвалюючым радком у маёй біяграфіі. Менавіта прафесія падаравала мне незабыўныя паездкі, сустрэчы з цікавымі, неардынарнымі людзьмі, мудрымі субяседнікамі.
На апошняй газетнай старонцы маленькімі літа­рамі надрукавана дата пад­пісання новага рэгістрацыйнага пасвед­чання – 2010 год. Ездзіў атрымліваць яго ў міністэрства яшчэ я, а ўжо праз некалькі месяцаў у гэтым жа годзе выйшаў на пенсію. Ведаеце, у мяне тры дарослыя сыны і ўжо сямёра ўнукаў. Мне няма калі сумаваць. Але ў сне часам бачу, што я рэдактар, які разам з калектывам рыхтуе да выпуску чарговы нумар. А з-пад пяра з’яўляюцца радкі:
– Станок друкарскі ўначы спыніўся –
Тыраж газеты фарбаю пахучы,
На белых аркушах
паперы
У радках застаўся неўміручым…
Гутарыла
Ганна РАДЗЮК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *