Ёсць у чалавека іскра Божая. Творчасць Аляксандра Ваўчка

Лента новостей

Творчыя людзі адметныя. Сярод звычайных будняў праносяць яны праз жыццё сваю задушэўную справу, якая ўзвышае іх над паўсядзённасцю і сагравае сэрца, дорыць натхненне і адчуванне палёту. Таму некалькі гадоў раней я нават не адразу паверыла, што прадстаўнік такой сур’ёзнай прафесіі, юрыст, галоўны юрыс­консульт упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Ваўчок яшчэ і таленавіты мастак, разьбяр па дрэве і нават скульптар. Праўда, да гонару гэтага чалавека, называе ён сябе сціпла: народны ўмелец. А па сабе я скажу – яшчэ нават не збіраючыся пісаць матэрыял і гутарыць з Аляксандрам Аляксандравічам пра яго захапленне, я кожны раз, праходзячы міма раённай бібліятэкі, на хвіліну спынялася, каб палюбавацца на драўляную выяву Гусляра, і не толькі я, а і іншыя мясцовыя жыхары, дарослыя і дзеці, і прыезджыя. Разам з прыгожым будынкам і яркімі кветкамі побач яна стварае непаўторны вобраз адметнага куточка нашай роднай Бераставіччыны. Дрэва – матэрыял “цёплы” ў адрозненне ад іншых, а чулыя рукі натхнёнага нацыянальнай ідэяй разьбяра здолелі ўдыхнуць душу ў сваё тварэнне. Здаецца, зайграе зараз сівы Гусляр, заспяваюць гуслі- самагуды…
Можна сказаць і жартам, і ўсур’ёз, што нарадзіўся Аляксандр Ваўчок “з алоўкам у руцэ”, таму што маляваць палюбіў з самага дзяцінства. Выкарыстоўваў для сваіх малюнкаў і белыя месцы на газетах, і чыстыя лісты ў школьных сшытках, так цягнулася рука да паперы, каб хутчэй з’явіўся новы малюнак. Не ўяўляў сябе ні кім іншым, толькі мастаком. Але клапатлівая мама настаяла на тым, каб закончыў сын дзесяць класаў, а не восем, і тады ўжо паступаў вучыцца далей. Аднак аказалася, што ў знакамітае мастацкае вучылішча імя Глебава ў Мінску прымалі як раз пасля базавай школы, а не сярэдняй, так што шанц быў страчаны. Паспрабаваў паспытаць шчасця юнак у тэатральна — мастацкім інстытуце, там была вельмі цікавая спецыяльнасць “жывапіс”. Але конкурс аказаўся вялізны, аж дзесяць чалавек на месца, і паступалі туды дзеці вядомых людзей і мастакоў, многія з якіх былі добра падрыхтаваныя. Сціплы правінцыял проста адступіў з павагай, а каб не здраджваць сваёй мары, наогул не стаў больш нікуды падаваць дакументы. Пра тую юнацкую нерашучасць, пабачыўшы работы Аляксандра, дзе адчуваецца аўтар, дзе відаць яго адметная рука, у мяне сёння такое меркаванне: усё ж трэба было паспрабаваць. Талент прабівае сабе дарогу – магчыма, вопытныя выкладчыкі заўважылі б здольнага абітурыента, яны ж такіх самі шукаюць, радуюцца сваім знаходкам!
А той восенню пайшоў хлопец у армію, адслужыў, вярнуўся дамоў. І які ж цікавы ў яго лёс! Паступіў ён на 10-месячныя курсы ў Гродзенскі абласны навукова-метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна — асветніцкай работы.
— І Вы перасталі быць самавучкам, шмат там даведаліся? – цікаўлюся.
— Так. Здольнасці – гэта добра. Але ёсць мастацкая грамата, напрыклад, прадмет “асновы малюнка”. Нас вучылі, як правільна намаляваць шар, куб. У мастацтва ёсць свае асаблівыя законы. Тое, чаму там навучылі, што ахапіў, засталося са мной на ўсё жыццё.
Хлопец працаваў у мастацкай майстэрні ў Карэлічах, а затым на заводзе “Інтэграл” у Мінску. Узялі яго звычайным грузчыкам, а абавязкі стаў выконваць мастака — афарміцеля. Справа была па душы, працаваў ён з ахвотай. І наступіў у яго жыцці цікавы паварот. Сакратар камсамольскай арганізацыі цэха прапанаваў разам з ім за кампанію паступаць на юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Аляксандр згадзіўся і ўзяўся за падручнікі, рыхтаваўся заўзята. І паступіў, а той хлопец не здаў экзамены. Вучыцца было цікава, вышэйшая адукацыя дала грунтоўныя веды, узбагаціла інтэлект. Гэта была ўдача, і новая прафесія захапіла маладога чалавека.
Ва ўпраўленні сельскай гас­падаркі і харчавання Бера­ставіцкага райвыканкама Аляксандр Ваўчок працуе ўжо каля 20 гадоў. Займаецца кадравай работай і іншымі пытаннямі. Яго паважаюць калегі па працы. Але захапленне гэтага чалавека ўсё жыццё ідзе з ім побач. Выкананыя алоўкам партрэты членаў сваёй сям’і, карціны, на якіх можна пазнаць прыгожыя краявіды Бераставіччыны, разьба па дрэве, ва ўсім відаць майстэрства. Наперадзе ў Аляксандра персанальная выстаўка, а наведвальнікаў нашага раённага музея будзе радаваць і адметная драўляная вавёрка. Палюбавалася на яе і я, цікава мне было паглядзець і на тое, як дакранаецца да яе Аляксандр Аляксандравіч – з любоўю, пяшчотай да свайго тварэння.
Бераставіцкая зямля шчодрая на народныя таленты. Яны робяць наша жыццё багацейшым.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *