“Яе адносіны да працы — узорныя”

Лента новостей Человек и его дело

IMG_3448Пагутарыць з намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Алекшыцы” і старшынёй прафкама Ганнай Міхаленка заўсёды цікава. Сама карэнная сяльчанка і шчаслівая шматдзетная маці, яна вельмі добразычліва і з вялікай павагай выказваецца пра людзей, якія на працягу многіх гадоў робяць гонар гаспадарцы сваёй руплівай працай, і кожны раз знойдзе для іх адметныя прачуленыя словы. Вось і на гэты раз, расказваючы пра Рэгіну Лашэвіч, брыгадзіра малочнатаварнай фермы “Падбагонікі”, яна адзначыла:
— Ведаю шаноўную Рэгіну Юльянаўну на працягу ўжо 30 гадоў. Яна ў нас служыць добрым прыкладам для маладых, яе адносіны да працы – узорныя. На такога адметнага чалавека можна арыентавацца, у яго можна многаму павучыцца маладым, каб паспяхова пабудаваць сваю працоўную біяграфію. Жанчына гэтая сціплая, як і многія нашы руплівыя зямлячкі. Але ў яе ёсць сіла волі і ўпэўненасць у сабе, сапраўдная самадастатковасць. А гэта вельмі важна, калі чалавек звязвае лёс з сельскай гаспадаркай, бо такі нялёгкі “хлеб надзённы” не кожнаму па плячу…
Думаецца, што з гэтым многія згодзяцца. І раней, і зараз жыццё ў горадзе прываблівае нямала вясковых дзяўчат. Але часта што чакае іх там? Не заўсёды добрая работа з годным заробкам, да таго ж вострая праблема з кватэрным пытаннем. Ці знойдуць яны там тое, што бачылі ў юнацкіх марах?
Пабываўшы ў маляўнічых мяс­цінах, дзе месціцца невялічкая ўтульная сядзіба Рэгіны Юльянаўны, з падворкам, які патанае ў яркіх прыгожых кветках, дзе паблізу схіляюць долу цяжкія галіны пладовыя дрэвы, пачуўшы вясёлыя галасы яе дамачадцаў, можна ўбачыць рэальную прывабную альтэрнатыву гораду. Тут цудоўна дыхаецца, са свайго агарода можна паласавацца свежанькімі хрусткімі агуркамі і агністымі чырванабокімі памідорамі, вырашчанымі сваімі рукамі. Тут чалавек жыве ў еднасці з цудоўнай роднай прыродай. Таму так любяць адпачываць унукі ў сваёй любай бабулі летам. А дагледжаная кампактная ферма “Падбагонікі” паблізу, на якую нават у выхадныя дні брыгадзір Рэгіна Лашэвіч прыходзіць, хаця і ведае, што ўсё там будзе ў парадку, таксама адразу звяртае на сябе ўвагу.
Звязала свой лёс з такой няпростай галіной – жывёлагадоўляй, Рэгіна Юльянаўна даўно, ў маладосці, калі выйшла замуж за хлопца з Бераставіччыны. Пера­ехала пасля вяселля са Свіслацкага раёна ў вёску Падбагонікі, да бацькоў мужа. Там жыве і дагэтуль, і кожны кавалачак зямелькі тут выпешчаны яе рукамі. “Прырасла” з маладосці жанчына да гэтага месца, адчувае сябе тут шчаслівай. Род яе даў тут новыя парасткі, і ўсе дзеці перанялі бацькоўскую працавітасць. А ферма адметная, шмат гадоў аддала ёй Рэгіна Юльянаўна. Крок за крокам тут умацоўвалася вытворчасць, будаваўся сённяшні моцны дабрабыт, а “цэментавалася” гэта выдатным “чалавечым фактарам”. Раней даільнымі апаратамі кароў даілі ў вёдры, было шмат ручной цяжкай працы. Даяркі самі раздавалі кармы. Але і людзі тады былі “цягавітыя”, гаворыць брыгадзір, з трывалымі вясковымі каранямі, “да працы зайздросныя”. Жывёлу шкадавалі, даглядалі добра, па-гаспадарску, як сваю. Таму і жыве зараз ферма, дае аддачу, рука не падымецца закрыць такую, хаця і пайшла зараз новая мода – інтэнсіфікацыя, узбуйненне вытворчасці. Ды і як закрыеш, калі на гэтым малым жывёлагадоўчым аб’екце такія паказчыкі, што на многіх новых вялікіх комплексах рэспублікі такіх не знойдзеш? Вось, напрыклад, калі 20 гадоў таму тут сярэднясутачны надой быў ад каровы 16 — 17 кілаграмаў, што выдатна было на той час, дык зараз 22 – 23 кілаграмы. А аператараў таксама на гэтай ферме зараз менш, так што і тут жывёлаводы ідуць у нагу з часам. Два дзясяткі гадоў таму даярак у “Падбагоніках” было 8, а зараз 5. А кароў пабольшала, у 2011 годзе пабудавалі на ферме яшчэ адно памяшканне. На гэтым жывёлагадоўчым аб’екце праведзена мадэрнізацыя, зроблены малочны блок, устаноўлены вытворчы халадзільнік. Тэхналогіі захоўваюцца. Увага надаецца не толькі валу, але і якасці. Усё малако з “Падбагонікаў” здаецца вышэйшым гатункам.
А арганізатарскі талент брыгадзіра тут ляжыць не на паверхні. Магчыма, многія нават і не здагадваюцца, што ён у гэтай жанчыны ўвогуле ёсць. Верагодна, гэта і з’яўляецца сапраўднай адзнакай такога таленту – калі гэтай кардынальнай рысы нябачна і нячутна, а вынікі выдатныя. Камунікабельнасць, разважлівасць, шчырае імкненне заўсёды прыйсці на дапамогу людзям, работа ў дружнай зла­джанай камандзе, — ніхто гэтаму Рэгіну Юльянаўну спецыяльна не вучыў. А вось менеджараў у гарадах вучаць, і за такія курсы яны выкладваюць немалыя грошы. Непрыкметная ж гераіня нашай сённяшняй публікацыі атрымала іх у спадчыну ад сваіх працавітых сялянскіх прашчураў і ўзбагаціла сваёй інтуіцыяй і стараннем. Таму і ёсць ціхая радасць і маральнае задавальненне і ў яе, і ў невялікага дружнага калектыву, дзе “адзін за ўсіх, а ўсе за аднаго”, і ў кіраўніцтва гаспадаркі.
Для нашага здымка ў “раёнцы” прымацоўвала Рэгіна Юльянаўна да адзення бліскучы новенькі медаль “За працоўныя заслугі”, якім яе ўзнагародзілі нядаўна, нязвычнай рукой. Толькі па прыхаванай сціплай усмешцы можна было заўважыць, што такая дастойная адзнака яе шматгадовай працы ёй вельмі прыемная. Уяўляю, якімі вачамі глядзяць на сваю пяшчотную любую бабулю і такую яе ўзнагароду ўнукі. Што і казаць, для іх гэта таксама добры прыклад, каштоўны ўзор, як сваімі рукамі і ўменнем будаваць свой лёс, які б занятак яны не выбралі ў жыцці…
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *