130-гадовы юбілей Якуба Коласа і Янкі Купалы адзначаецца ва ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна

Лента новостей

Школы раёна не засталіся ў баку ад святкавання 130-гадовага юбілею Якуба Коласа і Янкі Купалы. І, трэба сказаць, яно абяцае быць па-сапраўднаму маштабным і захапляльным…

Напрацягу цэлага года ў агульнаадукацыйных установах раёна адбудзецца шэраг самых разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных Якубу Коласу і Янку Купалу. Так, ужо цяпер у кожнай школе створаны пастаянна дзейнічаючыя экспазіцыі, прыдатныя для нагляднай дэманстрацыі жыццёвага і творчага шляху паэтаў. Акрамя таго, зараз праходзіць раённы этап рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Пад сінім небам”. Лепшыя вучнёўскія работы ў красавіку будуць накіраваны ў Гродна для ўдзелу ў абласным этапе конкурсу.
З цягам часу паўсюдна адбудуцца конкурсы на лепшага чытальніка вершаў, вынікам якіх стане агульнараённае спаборніцтва, запланаванае на лістапад. Таксама амаль у кожнай школе пройдуць конкурсы насценных газет. Вось і чарговы выпуск “Першай ластаўкі”, якая “выпускаецца” ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе, быў прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння паэтаў.
Лепшыя знаўцы творчасці Я.Коласа і Я.Купалы ў Вялікабераставіцкай школе змогуць паспаборнічаць ў сваіх ведах падчас літаратурнага турніру, які адбудзецца ў маі, і гульні “Што? Дзе? Калі?” па творчасці паэтаў. А група аматараў тэатральнага майстэрства з Пархімаўскай базавай школы пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Т.А.Канаевай мае намер у канцы гэтага навучальнага года паставіць спектакль па п’есе Я.Купалы “Паўлінка”.
Вучні з Вялікаэйсмантаўскай школы збіраюцца падчас летніх канікулаў на экскурсію ў Дзяржаўны музей Я.Купалы і Я.Коласа, а гімназісты з аг.Пагранічны плануюць наведаць восенню мемарыяльны музей-сядзібу Акінчыцы. У іншых жа ўстановах адукацыі школьнікі абмяжуюцца завочнымі “падарожжамі”. Напрыклад, у красавіку ў Малабераставіцкай сярэдняй школе адбудзецца літаратурна-культурная вандроўка па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю Я.Купалы і Я.Коласа, а ў Алекшыцкай сярэдняй школе рыхтуецца завочная вандроўка “На ростанях”.
У Канюхоўскім яслях-садзе-сярэдняй школе пройдзе сустрэча з членамі грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” — падчас яе вучні змогуць паразважаць аб творчасці беларускіх песняроў з нашымі сучаснымі паэтамі і празаікамі.
І — хто ведае? — можа, камусьці адна з такіх сустрэч ці літаратурных вечарын дапаможа ўпершыню або нанава адкрыць для сябе багаты свет творчасці Купалы ды Коласа…

Вікторыя Дзержановіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *