Эйсмантаўскі аддзел ГА “Саюз палякаў на Беларусі” дзейнічае на Бераставіччыне

Лента новостей

Так склалася гістарычна і геаграфічна, што Бераставіччына—рэгіён прыгранічны. У нас пражываюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, аднак найбольшая этнічная група—палякі (21,7%). У раёне дзейнічае Эйсмантаўскі аддзел грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі”, які ўзначальвае былы дырэктар Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Уладзімір Янкойць. Чым жыве аддзел? Аб гэтым сёння пойдзе размова з яго старшынёй.
— Уладзімір Віктаравіч, як доўга існуе на Бераставіччыне аб’яднанне палякаў?
— Ужо звыш дзесяці гадоў. Эйсмантаўскі аддзел ГА “Саюз палякаў на Беларусі” быў зарэгістраваны ў 2001 годзе. Сёння ў ім аб’яднаны 115 чалавек. У розныя гады аддзел узначальвалі Уладзіслава Адамаўна Ядкоўская і Ірэна Тадэвушаўна Іядкоўская. Ірэна Тадэвушаўна, дарэчы, уваходзіць у склад савета аддзела і з’яўляецца намеснікам старшыні. Членамі савета таксама з’яўляюцца жанчыны з актыўнай жыццёвай па-зіцыяй: дыспетчары СВК імя Варанецкага Сафія Іосіфаўна Красоўская і Ганна Станіславаўна Стацкевіч, а таксама педагог сацыяльны школы Антаніна Яўгеньеўна Талочка. Наша дзейнасць рэгламентуецца Статутам ГА “Саюз палякаў на Беларусі”.
— З якой мэтай быў створаны аддзел?
— З мэтай нацыянальнага адраджэння, фарміравання нацыянальнай свядомасці, захавання і развіцця польскіх традыцый і прапаганды польскай мовы як асноўнага носьбіта нашай культуры.
— Якія мерапрыемствы праводзяцца ў гэтым напрамку?
— Пэўную ролю ў падтрыманні польскіх і каталіцкіх традыцый у нашым аграгарадку адыгрывае правя-дзенне калядных і пасхальных свят, якія наладжваюцца сумесна з мясцовымі ўстановамі культуры, адукацыі, сельвыканкамам, СВК імя Варанецкага. Члены аддзела, якія ў большасці сваёй з’яўляюцца работнікамі мясцовай гаспадаркі і ўстаноў сацыяльнай сферы, актыўна ўдзельнічаюць у праводзімых культурна-масавых мерапрыемствах, канцэртах, справаздачных сходах і г.д. Запомнілася, напрыклад, леташняя святочная вечарына да Дня пажылых людзей і Дня маці. Летам адбылася паломніцкая паездка ў в.Тракялі Воранаўскага раёна, у касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Дзевы Марыі, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Тракельскай Божай Маці.
— А якім чынам вядзецца прапаганда польскай мовы?
— У Вялікаэйсмантаўскай СШ дзейнічаюць факультатыў і гурток па вывучэнні польскай мовы, якую выкладае настаўніца Алена Рышардаўна Талочка. Ёсць гурток польскай мовы і ў дзіцячым садку, якім кіруе Эмілія Браніславаўна Шыкута. Тры ўзроставыя групы школьнікаў і моладзі наведваюць заняткі па рэлігіі пры мясцовым касцёле. Пад эгідай ГА “Саюз палякаў на Беларусі” сумесна з упраўленнем адукацыі аблвыканкама штогод традыцыйна праводзіцца конкурс дэкламатараў польскай паэзіі.
Увогуле, польскія народныя традыцыі і мова дзецям і моладзі перадаюцца ў сем’ях ад бабуляў і дзядуляў, і такім чынам захоўваецца пераемнасць пакаленняў.
— Уладзімір Віктаравіч, дзякуй за гутарку.
Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *