Чырвоная рукавічка дарыла радасць

Лента новостей

З 10 снежня па 6 студзеня рэспубліканская акцыя “Цуды на Каляды” актыўна крочыла і па бераставіцкай зямлі. Піянеры і члены БРСМ нашага раёна таксама паклапаціліся аб тым, каб у святочныя дні не засталіся па-за ўвагай адзінокія састарэлыя грамадзяне, дзеці-інваліды, дзеці з малазабяспечаных сем’яў. Менавіта іх імкнуліся акружыць клопатам і цеплынёй сваіх сэрцаў маладыя людзі.
Сімвалам акцыі стала чырвоная рукавічка з эмблемамі БРПА, БРСМ і валанцёрскіх атрадаў “Добрае сэрца”, на раённым этапе лепшым быў прызнаны лагатып рукавічкі Вялікабераставіцкай СШ. Усе падарункі, якія рыхтавалі ўдзельнікі акцыі, былі святочна аформлены і абавязкова змяшчалі выяву чырвонай рукавічкі, таму можна з упэўненасцю сказаць, што яна дарыла радасць усім, хто атрымліваў гэтыя падарункі.
Як расказала старшыня раённага савета БРПА Т.М.Таберка, усе піянерскія дружыны ўстаноў адукацыі раёна актыўна ўключыліся ў правядзенне акцыі. Напрыклад, алекшыцкія школьнікі наведалі мясцовую бальніцу і ўручылі салодкія падарункі яе пацыентам. А яшчэ падрыхтавалі навагодні агеньчык для жыхароў Алекшыц, спецыяльныя запрашэнні на які атрымалі дзеці-інваліды і адзінокія састарэлыя. Піянеры і валанцёры Макараўскага дзіцячага сада-СШ арганізавалі збор падарункаў для розных катэгорый грамадзян, якія патрабуюць увагі ў святочныя дні: у дзіцячы сацыяльны прытулак яны перадалі канцылярскія тавары і цацкі, сабралі дзве пасылкі для малазабяспечаных сям’яў, уручылі салодкія падарункі састарэлым, якія знахо-дзяцца на ўтрыманні ў доме-інтэрнаце. Акрамя таго, правялі аперацыю “Чысты двор”, падчас якой расчысцілі ад снегу двары ветэранаў педагагічнай працы.
З падарункамі і святочнай навагодняй праграмай гасцілі ў дзіцячым сацыяльным прытулку піянеры і валанцёры з Вялікаэйсмантаўскай і Пархімаўскай школ. Яшчэ вучні Пархімаўскай БШ наведалі з віншавальнымі паштоўкамі настаўнікаў — пенсіянераў, а Вялікаэйсмантаўскія школьнікі пабывалі ў бальніцы сястрынскага догляду са святочным канцэртам і падарункамі.
За час акцыі было зроблена многае, і вельмі важна, што маладыя людзі не толькі аказалі ўвагу тым, хто мае ў гэтым патрэбу, але і самі раскрылі ў сваіх сэрцах дабрыню і міласэрнасць.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *