Чарговы восеньскі кірмаш прайшоў у Вялікай Бераставіцы

Актуально Лента новостей

Вось і зноў у мінулую суботу частка цэнтральнай вуліцы Вялікай Бераставіцы ператварылася на некаторы час у кірмашовую арэну. Як толькі развіднела, тут па традыцыі выстраіўся цэлы рад палатак, у якіх прадаваўся найбольш папулярны прадукт кожнага кірмашу – мяса. Цана на свініну на гэты раз крыху ўзрасла ў параўнанні з кастрычніцкім кірмашом, а ялавічыну сельгасвытворцы прапаноўвалі па той самай цане – па 30 тысяч рублёў за кілаграм, але яе было зусім нямнога. Затое найбольш папулярнай у нашых людзей свініны прывезлі столькі, што пад канец кірмашу прадаўцы самі запрашалі рэдкіх прахожых набыць у іх мяса, каб не везці яго назад.
Для тых, хто вырошчвае хатнюю жывёлу і аддае перавагу свайму мясу, кірмаш таксама быў добрай падмогай. Можна было набыць і парасят, і збожжа на корм.
У рэйтынгу папулярнасці па продажу гародніны першае месца, хіба, заняла б капуста. Яно і зразумела, сезон квашання наступіў, а тут тавар побач. У большасці яе прапаноўвалі індывідуальныя прадпрымальнікі, як, дарэчы, і моркву, цыбулю, сталовыя буракі. Цэны на белакачанную вагаліся ад 1600 да 2200 рублёў за кілаграм.
У скверы традыцыйна размяшчаліся гандлёвыя палаткі Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства, птушкафабрыкі, “Малочнага Міру”. А ўздоўж цэнтральнай дарожкі, якая вядзе на стадыён, на гэты раз прадавалі і нетрадыцыйны тавар. Многія ўдзельнікі кірмашу звярталі ўвагу на вялізную калекцыю шматлікіх вырабаў з дрэва, якую прывёз прадпрымальнік са Слоніма. Тут былі і цацкі для дзяцей, і розныя прылады для кухні, і вельмі прыгожыя рэчы для ўпрыгожвання інтэр’ераў кватэр, а таксама прысядзібных участкаў.

Сяргей Хілюта, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *