ХТО НАМАЛЯВАЎ БЕРАСТАВІЦКУЮ РАТУШУ?

Из истории земли Берестовицкой Культура

2 жніўня 1754 г. кароль Аўгуст ІІІ Саксонскі выставіў прывілей аб наданні Вялікай Бераставіцы Нямецкага (Магдэбургскага) права. Гэты асаблівы статус мястэчка даваў яго жыхарам значную самастойнасць – дазваляў самім выбіраць сабе кіраўніцтва, самастойна гандляваць, мець ўласныя суды, а значыць незалежна ад землеўладальніка вырашаць многія надзённыя патрэбы.
Адным з галоўных атрыбутаў тагачаснага магдэбургскага горада з’яўлялася ратуша – будынак, у якім мясціліся перад усім магістрат, гарадскі суд і рада. Зазвычай такая пабудова мела прамавугольную форму і стаяла на цэнтральнай плошчы населенага пункта, якая называлася Рынкам. Старая прымаўка: “Да касцёла калі хочаш, а ў ратуш мусіш”, — падкрэслівае асаблівую значнасць гэтай установы.
Зразумела, была ратуша і ў Вялікай Бераставіцы. Сёння, на жаль, гэта ўжо страчаная спадчына, і першае ўяўленне, аб тым, як яна некалі выглядала, даў малюнак з 19 ст. невядомага аўтара, змешчаны на старонках сучасных гістарычных і краязнаўчых выданняў, у тым ліку ў энцыклапеді “Архітэктура Беларусі” (рэд. А.А. Воінаў, 1993). У асобных публікацыях аўтарства прыпісвалі нават вядомаму польскаму мастаку Юзэфу Пешку.
Хто ж з’яўляецца сапраўдным аўтарам малюнку бераставіцкай ратушы? Дакладны адказ на пытанне знайшоўся ў адным з папулярных польскіх часопісаў “Biesiada literacka” Nr/20 за 19.05.1899 г. У рубрыцы “Гістарычныя пабудовы” (стар. 388) змяшчаецца той самы малюнак, аб якім ідзе размова, а пад ім кароткі надпіс: ”Былая ратуша ў Вялікай Бераставіцы. Малюнак А. Казарскага”.
Адольф Казарскі – польскі мастак і педагог. Нарадзіўся ў 1836 г. у Радаме (Мазовія) ў сям’і сціплага чыноўніка. Маючы талент да малявання, з 1852 г. ён вучыўся ў Школе Прыгожых Мастацтваў у Варшаве. Яго настаўнікам быў знакаміты польскі мастак Ксаверы Канеўскі. Пасля вучобы Адольф Казарскі падпрацоўваў у літаграфічных друкарнях і шмат вандраваў, шукаючы цікавыя месцы для замалёвак. З-за недахопу сродкаў працаваў выкладчыкам у Сядлецкай гімназіі і адначасова супрацоўнічаў з папулярнымі перыядычнымі выданнямі “Tygodnik Ilustrowany”,”Klosy” i ”Biesiada literacka”. Вандруючы па розных мясцінах, рабіў малюнкі ў асноўным гістарычных і культавых пабудоваў. Ад 1869 г. выкладаў каліграфію і малюнак ў Губернскай гімназіі ў Плоцку, працягваючы адначасова супрацоўніцтва з польскімі часопісамі, у якіх змяшчаў свае малюнкі.
Праўдападобна, у адной адной з такіх вандровак мастак наведаў Вялікую Бераставіцу, дзе яму на вока трапіў будынак старой ратушы на местачковым Рынку. Малюнак выкананы алоўкам на паперы, на якім ратуша прадстаўлена выцягнутай у даўжыню фасаднай часткай. З правага боку аўтар ”зачапіў” яшчэ і фрагмент суседняй пабудовы. Відавочна, у Бераставіццы мастак маляваў пры заходзе сонца.
Варта адзначыць, што ў большасці свае замалёўкі Казарскі рабіў на паперы, карыстаючыся пры гэтым алоўкам і пяром. Найбольш значнай яго працай лічыцца ”Панарама Варшавы” (1875). Памёр майстар ў 1911 г.
Сяргей Лушчык,
г. Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *