Фонду міру – 60 гадоў

Лента новостей Общественные объединения Общество

Сёння  адзначаецца 60-годдзе з дня ўтварэння Беларускага фонду міру. Гэтая грамадская арганізацыя вядзе адлік сваіх добрых спраў з 27 красавіка 1961 года, з дня заснавання Савецкага фонду міру. А перадумовы для яго ўтварэння ўзніклі  яшчэ ў  чэрвені 1950 года, калі  ў Савецкім Саюзе пачаўся збор подпісаў пад Стакгольмскім заклікам «Аб забароне прымянення атамнай зброі». У кароткі тэрмін пад гэтым заклікам было сабрана больш за 115 мільёнаў подпісаў, акрамя таго,  многія людзі па ўласнай ініцыятыве пачалі дасылаць і грашовыя ахвяраванні  з паметкамі: “На абарону міру”, ”На карысць міру”, “Каб не было вайны», “За мір ва ўсім свеце”. Паток ахвяраванняў з гадамі не спыняўся, і  трэба было весці яго ўлік.   Тады  Камітэт савецкіх жанчын, Савецкі камітэт ветэранаў вайны, Савецкі камітэт абароны міру і Савецкі камітэт салідарнасці з краінамі Азіі і Афрыкі выступілі з ініцыятывай стварэння  Савецкага фонду міру, яго старшынёй быў абраны вядомы пісьменнік Барыс Палявы.  Пад яго кіраўніцтвам Фонд міру стаў адной з самых масавых і ўплывовых грамадскіх арганізацый, заслужыў сваімі міратворчымі і дабрачыннымі акцыямі вялікі аўтарытэт як унутры краіны, так і за мяжой.  

3 сакавіка 1972 года на II Беларускай канферэнцыі прыхільнікаў міру была створана Беларуская рэспубліканская камісія садзейнічання Савецкаму фонду міру, якую ўзначаліў знакаміты скульптар, Герой Сацыялістычнай Працы, народны мастак СССР Заір Азгур.  Неўзабаве камісія была ператворана ў Беларускае аддзяленне Савецкага фонду міру. Да сярэдзіны 1980-х гадоў у БССР налічвалася звыш 14 тысяч камісій садзейнічання Фонду міру, якія аб’ядноўвалі больш за 100 тысяч актывістаў.

У Беларусі сярод маладзёжных працоўных калектываў нарадзілася ініцыятыва па залічэнні ў склад брыгад ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, Герояў Савецкага Саюза, заработная плата якіх пералічвалася ў Фонд міру. У рэспубліцы стала добрай традыцыяй перадаваць зарплату аднаго працоўнага дня на фінансаванне міратворчых акцый. У папаўненні Фонду міру прымалі актыўны ўдзел дзеячы навукі і культуры.

24 жніўня 1991 года пачалася новая старонка ў беларускай гісторыі Фонду міру. У гэты дзень на пазачарговай канферэнцыі Беларускага аддзялення Савецкага фонду міру быў заснаваны Беларускі фонд міру, які стаў правапераемнікам Савецкага фонду міру на тэрыторыі нашай рэспублікі. Старшынёй яго быў абраны Марат  Ягораў — журналіст, літаратар, ветэран Вялікай Айчыннай, чалавек яркага і цікавага лёсу. За гады свайго кіраўніцтва ён па праву набыў славу сапраўднага народнага дыпламата. Марат Ягораў выступаў з трыбун ААН і Эўрапарламента, быў госцем на інаўгурацыі прэзідэнта ЗША. Дзякуючы яму міратворчы рух незалежнай Беларусі набыў істотную вагу на міжнароднай арэне.  

З 2015 года па цяперашні час старшынёй праўлення Беларускага фонду міру з’яўляецца Максім Місько, фонд працягвае сваю дзейнасць па  ўмацаванні міру, дружбы, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі і народамі, прапагандуе і ўвасабляе ў жыццё ідэі міласэрнасці і гуманізму.

На сённяшні дзень у Беларускім фондзе міру налічваецца 148 гарадскіх і раённых арганізацый, якія аб’ядноўваюць больш за 18 тысяч членаў арганізацыі,  яшчэ  каля 950 тысяч актывістаў  прымаюць удзел у дзейнасці Фонду міру і прадстаўляюць 8350 працоўных калектываў.

На Бераставіччыне таксама дзейнічае раённая арганізацыя Беларускага фонду міру, якую ўзначальвае Валянцін Арцюхевіч.

— Наша раённая арганізацыя  займае актыўную пазіцыю ў грамадскім жыцці раёна, а  цеснае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне са структурнымі падраздзяленнямі раённага выканаўчага камітэта, установамі аховы здароўя і адукацыі, прадстаўнікамі іншых грамадскіх аб’яднанняў дазваляе нам своечасова рэагаваць на тую ці іншую праблему,  якая хвалюе насельніцтва раёна, — адзначае    Валянцін Аляксеевіч. – Дзякуючы прыцягненню спонсарскай дапамогі  i добраахвотных ахвяраванняў, раённая арганізацыя праяўляе пасільны клопат і аказвае матэрыяльную падтрымку інвалідам, ветэранам вайны і працы, дзецям-сіротам, дзецям-інвалідам, дзецям з малазабяспечаных сем’яў, падтрымлівае адораных дзяцей і маладыя таленты.

Напрыклад, па добрай традыцыі два разы на год лепшыя навучэнцы і студэнты вобласці атрымліваюць спецыяльныя стыпендыі, устаноўленыя Гродзенскім абласным аддзяленнем Беларускага Фонду міру для таленавітай і адоранай моладзі ў рамках праграмы “Адораныя і таленавітыя – будучыня свету”, гэтыя стыпендыі ўручаюцца ўжо на працягу 17 гадоў, і іх атрымалі больш за 60 школьнікаў Бераставіччыны.  Падтрымлівае раённая арганізацыя Фонду міру і адораных спартсменаў – юных барцоў з Бераставіцкай ДЮСШ, для іх рыхтуюцца навагоднія падарункі.

У няпросты час пандэміі Беларускі фонд міру ініцыяваў правядзенне рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Паклон вам нізкі — нашы дактары», каб падтрымаць медыцынскіх работнікаў, якія сёння знаходзяцца на перадавой у барацьбе з інфекцыяй COVID-19. Маральнае  і матэрыяльнае стымуляванне ад раённай арганізацыі Беларускага фонду міру атрымалі і бераставіцкія медыкі.   

Валянцін Арцюхевіч падкрэслівае,    што сабраныя грашовыя сродкі не залежваюцца на рахунку Фонду, а адразу накіроўваюцца на дабрачынныя мэты, бо раённая арганізацыя Беларускага фонду міру прымае   пастаянны ўдзел у  гуманітарных  акцыях і мерапрыемствах, якія праводзяцца ў  нашым раёне. Ён выказаў шчырую падзяку ўсім неабыякавым людзям, якія падтрымліваюць беларускі фонд міру і тым самым уносяць свой уклад ва ўмацаванне міру і згоды ў грамадстве.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *