У СВК імя Варанецкага радуе ўраджай рапсу

Лента новостей

Ураджайнасць азімага рапсу ў гэтым годзе ў СВК імя Варанецкага – 42,2 цэнтнера з гектара (па даных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Бераставіцкага райвыканкама на 17 ліпеня). У некаторых іншых гаспадарках яна ўдвая меншая. У чацвер на гэтым тыдні ў СВК імя Варанецкага рапс убіралі чацвёрты дзень, пры добрым надвор’і для заканчэння ўборкі гэтай культуры трэба яшчэ прыкладна столькі ж часу.
У чым сакрэт высокіх нама­лотаў? Сеялі тут гібрыды Артыст, Элвіс, Нэльсан, Таката. Насенне куплялі ў фірме “Агриматко”, выбіралі самае прыдатнае для сваіх умоў. Яно французскай селекцыі. Рапс у гэтай гаспадарцы вырас невысокі, але ўдалы. І на камбайн нагрузкі вялікай няма. Гэта яшчэ раз даказвае, што буйная расліна з вялікім сцяблом – не заўсёды залог высокай ураджайнасці.
З восені ў СВК імя Варанецкага паклапаціліся пра пасевы, зрабілі хімпраполку, падкармілі мікраэлементамі. Рапс добра перазімаваў, нягледзячы на працяглую зіму. Вясной таксама надалі ўвагу падкормцы. Два разы “пачаставалі” расліны азотнымі ўгнаеннямі і два мікраэлементамі – у комплексе іх усяго 16. Гэта бор, фосфар, калій, магній, цынк і іншыя. Своечасова правяралі пасевы на захворванні і шкоднікаў. Упусціць час было нельга. Кветаед і скрытнахобатнік могуць знішчыць будучы ўраджай за некалькі дзён, калі не апрацаваць яго. Усё было зроблена па сучасных тэхналогіях, як патрабуе культура земляробства.
Каб выканаць дзяржзаказ, трэба здаць 250 тон насення. Астатняе гаспадарка прадасць.
А ўбіраў ураджай, калі я прыехала на поле, на “Лексіёне – 580” з прыстаўкай для рапсу сямейны экіпаж – бацька і сын Антон і Станіслаў Іядкоўскія. Разам яны працуюць другі сезон.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *