У раённым Доме культуры г.п.Вялікая Бераставіца вучаць майстэрству акцёра

Лента новостей

А вучыць малодшых школьнікаў і старшакласнікаў гэтаму захапляючаму мастацтву малады спецыяліст Аляксандра Міцкевіч (на здымку злева), якая, скончыўшы тэатральнае аддзяленне гімназіі-каледжа мастацтваў г.Маладзечна, атрымала спецыяльнасць “актрыса тэатра і кіно”, а цяпер завочна працягвае вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

У раённым Доме культуры Аляксандра вядзе адразу тры гурткі: майстэрства акцёра “Балаганчык”, майстэрства вядучага і лялечны “Батлейка”. Трэба сказаць, жадаючых спасцігаць азы тэатральнага мастацтва сярод дзяцей і падлеткаў аказалася нямала. І не дзіўна. Мастацтва пераўвасаблення прываблівае сваёй таямнічасцю, магчымасцю паспрабаваць сябе ў розных амплуа, пражыць на сцэне некалькі жыццяў, у залежнасці ад выбранай ролі раскрыць сваё ўнутранае “я”. Аляксандра ўспамінае, як і сама яшчэ зусім нядаўна захапілася тэатрам менавіта на такіх вось занятках тэатральнага гуртка ў Марыны Рычардаўны Хамяні, рэжысёра народнага тэатра “Магія ігры” РДК. Як з задавальненнем удзельнічала ў розных пастаноўках, тэатралізаваных казках. І прафесію, звязаную з тэатрам, выбрала менавіта ў той час. Цяпер яна – рэжысер народнага тэатра “Магія ігры” – перадае атрыманы вопыт і веды юным аматарам тэатральнага мастацтва.
Сваю першую тэатральную мініяцюру – клаўнаду “Не смешна”– гурткоўцы прадэманстравалі на Дзень работнікаў культуры. У прыдуманых сумесна з кіраўніком гуртка касцюмах, з арыгінальным грымам, юныя акцёры выглядалі на сцэне вельмі пераканаўча, і нумар, на думку гледачоў, атрымаўся добрым.
Цяпер гурткоўцы рыхтуюцца да спектакля па п’есе Таццяны Ламонавай “Всем летящим на северо-запад” да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам. Наперадзе таксама – тэатралізаваная навагодняя казка. Якая? Не будзем пакуль раскрываць усе планы Аляксандры Міцкевіч і яе выхаванцаў. Няхай гэта будзе сюрпрызам пад Новы год.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *