“У перспектыве жадаем атрымаць еўрапейскі сертыфікат…”

Актуально Лента новостей

Пераўтварэнне былога Бераставіцкага масласырзавода ў вытворчы цэх “Бераставіца” выклікала нямала чутак у нашым раёне. Пачакаўшы некаторы час, каб новы кіраўнік асвоіўся на месцы і ўвайшоў у курс справы, я адправілася пазнаёміцца з ім і даведацца, якая зараз там сітуацыя. Начальнік цэха Анатолій Сідлярэвіч (на здымку), як аказалася, мае дзве вышэйшыя адукацыі – дыпломы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, а перад сваёй новай пасадай адпрацаваў 13 гадоў начальнікам змены ў сырцэху ААТ “Малочны Мір” у Гродне. Дадам яшчэ, што другая спецыяльнасць яго менавіта “інжынер –тэхнолаг па малацэ і малочных прадуктах”, так што ў дасведчанасці і кампетэнтнасці яго сумнявацца не прыходзіцца. Гутарка з ім мяне не расчаравала, хаця пытанні я задавала самыя розныя, часам вострыя, тыя, што хвалююць людзей.

— Па — першае, — супакоіў мяне Анатолій Іванавіч, — усе змены на былым Бераставіцкім масласырзаводзе адбыліся “з прыцэлам” на канчатковы вынік і на карысць справы. –Ні ў якім разе не пацярпелі людзі, якія задзейнічаны непасрэдна на вытворчасці ў цэхах, ні адзін чалавек не страціў там свайго працоўнага месца. Аднак прыйшлося скараціць ранейшыя пасады дырэктара масласырзавода, галоўнага інжынера, работнікаў бухгалтэрыі і будаўнічай групы, якім была прапанавана іншая праца. Затое, дзе яшчэ ў гарадскім пасёлку звычайны рабочы зараз атрымлівае каля 4 мільёнаў рублёў “чыстымі”? Зразумела, гэта на адказных участках, ёсць і менш. Да таго ж, за апошнія два месяцы тут ўжо ўзяты на вытворчасць больш за 10 чалавек, і людзі будуць патрабавацца яшчэ. Для населенага пункта, дзе не такі вялікі выбар працоўных месцаў, гэта важна, калі прапаноўваецца работа.
–Што дала рэарганізацыя?
–Адзінымі сталі цэнтр кіравання, сістэма, рахункі. Скасаваны двайныя разлікі. Забеспячэнне ідзе з адной крыніцы. Праводзіцца маніторынг, а маркетынг і збыт ажыццяўляецца адным адпаведным аддзелам. Вядзецца кантроль за цэнавай палітыкай, рынкамі збыту.
Тая колькасць малака, што перапрацоўвалася, перапрацоўваецца і зараз. Марка бераставіцкіх сыроў цэніцца на расійскіх рынках. На сённяшні дзень выпускаецца 13 відаў цвёрдых сычужных сыроў, 10 з якіх ідзе на экспарт. Вырабляецца таксама нятлусты сыр. А ў чэрвені 4 гатункі перамаглі на Міжнародным конкурсе ў Маскве. На сярэдзіну жніўня выпушчана 2220 тон сыру і 320 тон масла. Уся прадукцыя прадаецца, як кажуць, “з колаў”. Запасаў няма і можна сказаць, “адрываюць яе з рукамі”. Выпускаецца таксама два віды масла. Каб падтрымаць пастаўшчыкоў сыравіны, закупачныя цэны на малако ў нас высокія. Дарэчы, гэта ініцыятыва генеральнага дырэктара ААТ “Малочны Мір” Марыны Анікеевай, якая прайшла шлях ад простага бухгалтара на Бярозаўскім сыраробным камбінаце да сваёй сённяшняй адказнай пасады. Гэты камбінат – адзін з нямногіх у Беларусі, прадукцыя якога мае еўрапейскі сертыфікат.
— Аднак выкажу думку пакупнікоў, што цэны на сыры занадта высокія, зраўняліся ў нашым райцэнтры з мясам, і нават вышэйшыя за мяса. Вам не здаецца? – спыталася я ў Анатолія Іванавіча.
— Выдаткі вялікія. Вельмі дорага каштуе зараз сучаснае абсталяванне, электрычнасць і многае іншае, а трэба яшчэ людзям плаціць годную зарплату і мець хаця б які — небудзь прыбытак для далейшага развіцця вытворчасці. Не варта забываць і тое, што цэны на малочную прадукцыю ў нас рэгулююцца дзяржавай. Мы не маем права павышаць цэны самастойна і бескантрольна. Затое масла ў нас таннае.
Наконт масла я згадзілася. Але, карыстаючыся выпадкам, выказала пажаданне бераставічан:
— Цэх атрымлівае сыравіну з гаспадарак нашага раёна. Ён знаходзіцца ў г. п. В. Бераставіца. Але атрымліваецца, што наш мясцовы жыхар ад гэтага нічога не мае, сыры такія ж дарагія, як у Гродне. Дык магчыма, хаця адзін які-небудзь гатунак сыру цэх мог бы даваць больш танна ў магазіны гарпасёлка, вазіць жа далёка не трэба?
— Улічым пажаданне людзей. Разгледзім гэтае пытанне, — адказаў Анатолій Іванавіч
— Чаму выбар смятаны часта невялікі, а на прылаўках звычайна толькі тая, што “узбагацілі кальцыем”,—пытаюся далей.
— Асартымент прадукцыі ў ААТ “Малочны мір” шырокі. Тое, што заказвае гандаль, тое і прывозім. Ёсць смятана 27 % тлустасці без кальцыю, але яна даражэйшая за тую, дзе менш тлушчу і з кальцыем. Калі будуць заказваць, будзем пастаўляць больш. Смятана з нізкім утрыманнем тлушчу ў цяперашні момант высокастратная.
— А не збіраецеся выпускаць нешта адметнае, для гурманаў, напрыклад, такі знакаміты сыр з цвіллю, здаецца, “Ракфор” называецца, ці падобны?, – пацікавілася я.
— Улічваючы высокую культуру вытворчасці ў г.п.В.Бераставіца, з цягам часу магчыма і такое.
Традыцыйнае маё апошняе пытанне было такім:
— А што плануеце на будучае?
— На месцы стаяць не будзем. У планах – далейшая прадуманая рэканструкцыя, — адказаў начальнік цэха. – Жадаем атрымаць еўрапейскі сертыфікат на нашу прадукцыю, дарэчы, гэта таксама ініцыятыва Марыны Яўгенаўны. Тады нам будзе значна лягчэй канкурыраваць з іншымі перапрацоўшчыкамі. Мы зможам нават выйсці на еўрапейскі рынак.
— Але ж там цэны часам ніжэйшыя на сыры, чым у нас? – пажартавала я. – Хто будзе купляць аналагічную прадукцыю па вышэйшых цэнах?
— Цэны не стаяць на месцы. Попыт на прадукты харчавання ва ўсім свеце расце. Думаю, у нас добрая перспектыва, — упэўнена адказаў Анатолій Іванавіч.
Пажадаем нашаму цэху “Бераставіца” новых здабыткаў! Няхай умацоўваецца брэнд “Малочнага Міра” і нашых землякоў!
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *