У музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы дзейнічае выстава «Птушыны свет у здымках фатографаў»

Лента новостей

Свет птушак поўны загадак і таямніц. Птушкі заўсёды, ва ўсе часы, здзіўлялі людзей сваёй прыгажосцю, вытанчанасцю, спевамі і стымулявалі да вывучэння іх паводзін. Паглядзець на пярнатых вачамі фатографаў, для якіх назіранне за птушкамі праз аб’ектыў фотакамеры стала справай жыцця, можна ў музеі Вавёркі. Сумесна з Гродзенскім аддзяленнем грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” тут наладжана выстава фотаздымкаў птушак, спецыяльнай літаратуры аб птушках і калекцыйных прадметаў з іх выявамі.
– Выбраўшы экалагічны кірунак у сваёй дзейнасці, музей Вавёркі працягвае знаёміць сваіх наведвальнікаў з прыроднымі адметнасцямі рэгіёна, – расказвае галоўны захавальнік фондаў Яўген Волкаў. – Супрацоўніцтва з Гродзенскім абласным аддзяленнем арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ў гэтым сэнсе вельмі карыснае. У прыватнасці, сябрамі аддзялення праведзена вялікая работа па вывучэнні птушак, якія насяляюць балоты размешчанага на тэрыторыі нашага раёна біялагічнага заказніка мясцовага значэння “Свіслач”. Энтузіясты сваёй справы, якія працуюць у арганізацыі, ахвотна дзеляцца сабранымі звесткамі. Напрыклад, нам для выставы прадастаўлены буклеты, палявыя атласы-вызначальнікі, іншая спецыялізаваная літаратура, якая ўяўляе цікавасць тым, што датычыцца птушак нашай мясцовасці.
Наведаўшы экспазіцыю, можна пазнаёміцца і з іншымі цікавымі калекцыйнымі прадметамі накшталт памятнай манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь серыі “Птушка года”, паштовых марак з выявамі птушак, цацак, статуэтак у выглядзе птушак і інш. Аднак сапраўднае захапленне сярод экспанатаў выставы выклікаюць усё ж прафесійныя фотаздымкі птушак у розных незвычайных ракурсах сапраўдных майстроў сваёй справы гродзенскага фатографа Жоржа Гулеўскага і энтузіяста з Брэста Дзмітрыя Якубовіча.
Сапраўдны натураліст Георгій Васільевіч Гулеўскі нядаўна пайшоў з жыцця. Як адзначаюць яго калегі, ён не толькі шмат ведаў і ўмеў назіраць, але і меў талент цікава паказаць і распавесці пра прыроду іншым – нават тым, хто быў далёкі ад яе. Артыкулы Гулеўскага пра прыроду, ілюстраваныя цудоўнымі фотаздымкамі, друкаваліся ў “Гродзенскай праўдзе”, “Перспектыве”, спецыялізаваных прыродазнаўчых выданнях “Прырода Беларусі”, “Лесавік”, “Родная прырода” і іншых. Ён працаваў фотакорам, аператарам на Гродзенскім абласным тэлебачанні, вядучым прыродазнаўчай праграмы для дзетак “Леснічоўка Катафея”. Акрамя прафесійнай дзейнасці, увесь час Георгій Васільевіч працягваў здымаць прыроду і, асабліва, птушак на фота- і відэакамеру. У канцы 1970-х для студыі «Беларусьфільм», удзельнічаючы ў комплекснай экспедыцыі Інстытута заалогіі АН па вывучэнні Палесся, зняў дзвюхсерыйны фільм “Рэдкія птушкі Палесся”. Фатограф удзельнічаў у афармленні дзесяці кніг і фотаальбомаў, яго інфармацыя выкарыстана пры падрыхтоўцы Чырвонай кнігі Беларусі 1993 года. Асабліва значным аказаўся ўклад натураліста ў заснаванне рэспубліканскага ландшафт­нага заказніка “Азёры” ў 1990 годзе. Гулеўскі прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”: улічваў вяртлявых чаротавак на балоце Грайна, удзельнічаў у многіх назіраннях за птушкамі, фотавыставах. Частка яго здымкаў, зробленых на балотах заказніка “Свіслач”, прадстаўлена на выставе ў музеі Вавёркі.
Некаторыя здымкі брэсцкага фатографа Дзмітрыя Якубовіча таксама зроблены на балотах Грайна. Дарэчы, тут адзначаны 102 віды птушак, з якіх 34 уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Чорны бусел, чорнашыйная коўра, балотны лунь, арол-маркут, шэры журавель, касматаногі канюк, вадзяны пастушок, бакас, чорная жаўна, вушастая сава, крыжадзюб – здымкі гэтых і многіх іншых птушак можна паглядзець у музеі Вавёркі.
P.S. Для ўсіх, хто любіць назіраць за птушкамі, фатаграфаваць іх і даведвацца пра асаблівасці іх жыцця з розных куткоў нашай планеты, дзенічае сайт www.birdwatch.by, створаны на валанцёрскіх пачатках гродзенскімі і брэсцкімі аматарамі назіранняў за птушкамі арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Дадаваць фотаздымкі ў галерэю сайта можа зарэгістраваны карыстальнік, а ставіць адзнакі здымкам і каментаваць іх – кожны, хто зазірне на сайт.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *