У “Крынiчцы” прыемна паабедаць

Лента новостей

Пераступіўшы парог закусачнай з прыцягальнай вывескай над дзвярыма “Крынічка”, я, здалося, трапіла ў чыста гарадскую кропку грамадскага харчавання. На такую думку наводзіць інтэр’ер памяшкання. Уласна, паглядзіце на фотаздымак і, мяркую, таксама будзеце згодны са мной: сапраўды прыгожа, сапраўды утульна. Так было тут не заўсёды, усё карэнным чынам змянілася напрыканцы мінулага года, калі закончыліся рамонт і мадэрнізацыя будынка, было ўстаноўлена якасна новае абсталяванне.

— У нас цяпер прасторна, светла, камфортна, — кажуць загадчыца “Крынічкі” і адначасова повар Таццяна Іванаўна Панцэвіч і буфетчыца Валянціна Іванаўна Гузюк. – Усё новае: барная стойка, электрапліта, посуд, стэлажы, мойкі…
Жанчынам ёсць з чым параўноўваць: абедзве працуюць тут даўно. Валянціна Іванаўна з 1983 года была поварам, цяпер гандлюе ў буфеце. Таццяна Іванаўна ў сферы грамадскага харчавання ў Масалянах ужо 33 гады. Пасля заканчэння тэхналагічнага тэхнікума спачатку працавала кандытарам, затым – поварам.
У “Крынічцы” абслугоўванне сёння сапраўды на якасна новым узроўні. Да таго ж абеды недарагія, таму і карыстаюцца паслугі закусачнай попытам. Тут адзначаюць юбілеі, гуляюць вяселлі – вось і нядаўна, 22 ліпеня, гула чарговая вясельная ўрачыстасць, тут заказваюць і іншыя сямейныя святы. Менавіта ў зале “Крынічкі” адбываюцца і памінальныя вячэры па памерлых.
Сюды прыходзяць і проста паабедаць – мясцовыя працаўнікі і тыя, хто знаходзіцца ў РУПС “Масаляны” ў камандзіроўцы. Як сказалі мне работнікі бухгалтэрыі сельгаспрадпрыемства, “Крынічка” дастойна аграгарадка: і зайсці прыемна, і абеды смачныя. Пры гэтым адзначылі, што пра мясцовую закусачную ведаюць нават у Гродне. Нядаўна тут адзначаўся юбілей адной з гараджанак.
Гатуюцца абеды і для механізатараў на сяўбе, на касьбе траў, для камбайнёраў і ўсіх, хто заняты на жніве. Калі мы зайшлі ў “Крынічку”, упраўляцца на кухні повару дапамагалі практыканты з Малабераставіцкага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя перапрацоўчай прамысловасці Паліна Чайкоўская і Саша Казбярук.
— Старанныя памочнікі, — характарызуе іх Таццяна Іванаўна. — З такімі хутчэй і лягчэй гатаваць.
А работы, заўважу, на кухні хапае. Цяпер, у жніўны час, у поле штодня адпраўляецца каля паўсотні гарачых абедаў і затым яшчэ сорак порцый – на вячэру.
Якая ж выручка ў “Крынічцы”? Мая суразмоўца задаволена кажа, што ў ліпені толькі ад рэалізацыі страў з кухні выручана 16 мільёнаў рублёў, а гэта больш запланаванага, ды яшчэ з буфета рэалізавана тавараў на суму 18 мільёнаў.
На здымках: буфетчыца В.І.Гузюк; абедзенная зала.
Марыя ДРАПЕЗА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *