У Кватарскай школе развіваюць пачуцці міласэрнасці і дабрыні

Лента новостей Образование

240У сённяшні час дзяржава многа ўдзяляе ўвагі людзям з абмежаванымі магчымасцямі, састарэлым. Шмат робіцца, каб стварыць кожнаму інваліду ўмовы для яго сацыяльнай і фізічнай рэабілітацыі, безбар’ернае асяроддзе.
Лічу, што такая дапамога павінна тычыцца не толькі пад’ездаў, прыступак, але і чалавечых душ. Галоўная роля ў выхаванні пачуццяў міласэрнасці, дабрыні, узаемадапамогі, адводзіцца сям’і і школе.
У навучэнцаў Кватарскага ясляў-сада-базавай школы гэтыя пачуцці развіваюцца пастаянна. Нашы школьнікі неабыякавыя да чужой бяды, чужога болю. “Мы жадаем, каб людзі часцей усміхаліся” – такі дэвіз у атрада “Цімуравец” дружыны імя П.І.Клімука, што дзейнічае ва ўстанове адукацыі. Асноўная задача атрада – дзяліцца цеплынёй сваёй душы з тымі, каму яна больш за ўсё неабходна ў дадзены момант.
Усмешкі ззялі на тварах выхаванцаў Бераставіцкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, калі цімураўцы прынеслі падарункі ў рамках акцыі “Падзяліся цеплынёй сваёй душы”. А ў вачах нашых школьнікаў стаялі слёзы спачування да равеснікаў, якія абдзелены лёсам і не маюць магчымасці самастойна рухацца. Радасць і здзіўленне – вось якая была рэакцыя маладых інвалідаў, якія жывуць у аг.Кватары, калі да іх завіталі цімураўцы перад Новым годам і прынеслі салодкія падарункі. Маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі радаваліся шчыра і адкрыта, што пра іх успомнілі.
Прыведзеныя прыклады дзейнасці нашага атрада не з’яўляюцца разавымі. Цімураўцы ўзялі пад сваю апеку маладых інвалідаў, састарэлых, адзінокіх, ветэранаў вайны і педагагічнай працы: прыходзяць з падарункамі, віншаваннямі з нагоды свят, аказваюць пасільную дапамогу дома і на прысядзібных участках.
Жыхары аграгарадка раяць адзін аднаму: калі патрэбна дапамога, прасі кватарскіх школьнікаў, яны ніколі не адмовяць і зробяць усё хутка і якасна.
Хоць вучнёўскі калектыў невялікі (ва ўстанове вучыцца менш за 50 чалавек), але можна з упэўненасцю сказаць, што кватарскія школьнікі ўмеюць сябраваць, дапамагаць адзін аднаму, суперажываць, своечасова прыйсці на дапамогу. Дабрыня і міласэрнасць — не пустыя для іх словы.
Міраслава Ціхун, дырэктар Кватарскага ясляў-сада-базавай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *