У бібліятэках Бераставіцкага раёна дзейнічаюць кніжныя экспазіцыі, прысвечаныя Году народнага адзінства

Культура Лента новостей

“Адзінства народа – стабільнасць краіны” – пад такой назвай у Бераставіцкай раённай бібліятэцы дзейнічае тэматычная кніжна-ілюстрацыйная экспазіцыя, прысвечаная Году народнага адзінства, які аб’яўлены сёлета ў Беларусі. Бібліятэкары правялі для сваіх наведвальнікаў прэм’еру экспазіцыі, пазнаёмілі іх з раздзеламі выставы і з выданнямі, прадстаўленымі на ёй.

– У першым раздзеле пад назвай “Шляхамі беларускай гісторыі” змешчана літаратура па гісторыі Беларусі, – распавядае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Валянціна Чыкун. – Другі раздзел “Асобы мінулага і сучаснага Беларусі” знаёміць з кнігамі, якія распавядаюць пра жыццёвыя і творчыя лёсы славутых людзей Беларусі. Трэці раздзел “Рэлігійныя традыцыі на Беларусі” прысвечаны рэлігіі і канфесіям, якія існуюць у сучасным беларускім грамадстве. Чацвёрты і пяты раздзелы  – “Гісторыка-культурная спадчына Беларусі” і “Традыцыйная культура беларусаў” дэманструюць багатую архітэктурную і культурную спадчыну краіны – тое, што стварае нашу еднасць. Экспазіцыя адлюстроўвае пераемнасць традыцый беларускага народа ад мінулага да сучаснага, адзінства і згуртаванасць грамадства ў суровыя часы беларускай гісторыі.

***

Адпаведныя кніжныя выставы дзейнічаюць ва ўсіх філіялах райбібліятэкі ў аграгарадках. Дарэчы, мерапрыемствы ў рамках Года народнага адзінства запланаваны ў бібліятэках раёна на працягу года. Гэта цыкл гістарычных замалёвак, гучныя чытанні, краязнаўчыя гадзіны, віртуальныя экскурсіі, літаратурныя калажы, вусныя часопісы і гэтак далей.

Святлана Ганчарова, фота аўтара і з архіву Бераставіцкай райбібліятэкі

У Малабераставіцкай бібліятэцы
У Алекшыцкай бібліятэцы


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *