У бібліятэках Бераставіцкага раёна адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы

Культура Лента новостей

21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Для большасці нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, роднай з’яўляецца менавіта беларуская мова. Роднай – значыць, любімай, дарагой, самай-самай. Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну ім засталася па-сапраўднаму унікальная мова – самая мілагучная і самая старажытная сярод славянскіх.

З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў бібліятэках Бераставіцкага раёна былі арганізаваны кніжныя выставы пад назвамі “З любоўю кожны радок”, “У родным слове – цэлы свет”, “Роднай мовы пералівы”, “Жывая крыніца беларускай мовы”, “Дакраніся да роднага слова”, “Скарбы роднай мовы”, “Беларуская мова – мелодыя сэрца”, “Мову матчыну шануйце” і іншыя. Наведваючы філіялы Бераставіцкай райбібліятэкі, чытачы атрымалі магчымасць пачытаць уголас літаратурныя творы на роднай мове і атрымаць асалоду ад гучання сакавітага беларускага слова.

Акрамя гэтага, у бібліятэках раёна адбыліся тэматычныя ўрокі, прагляды літаратуры, паэтычныя вернісажы і літаратурныя падарожжы.

***

«З легендаў і казак … ты выткана дзіўная, родная мова!» — пад такой назвай прайшоў тэматычны ўрок у філіяле “Алекшыцкая сельская бібліятэка”. Вучні чыталі мастацкія творы, адгадвалі загадкі, расказвалі прыказкі і прымаўкі, удзельнічалі ў віктарынах, здзейснілі падарожжа ў гісторыю Міжнароднага дня роднай мовы. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў бібліятэкары звярнулі на кніжную выставу, якая раскрыла юным чытачам асаблівасці беларускай мовы і яе паходжання. Падчас тэматычнага ўрока вучні прыйшлі да высновы, што наша родная мова для нас – самая прыгожая. Менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, моц і прыгажосць народнага слова.

***

У філіяле “Канюхоўская інтэграваная сельская бібліятэка” святу прысвяцілі літаратурныя замалёўкі пад назвай “Мовай даражыць умейце”. Бібліятэкар расказала юным чытачам аб тым, як беларуская мова праходзіла доўгі і складаны шлях развіцця, як узнікла беларускае кнігадрукаванне і які ўплыў на гэтыя працэсы аказалі выдатныя беларускія асветнікі і дзеячы культуры. Вучні прачыталі творы аб роднай мове беларускіх аўтараў П. Панчанкі, М. Танка, М. Мятліцкага, А. Васілевіч, Я. Сіпакова і пазнаёміліся з кніжнай выставай «Каб гучала родная мова».  

***

У філіяле “Масалянская інтэграваная сельская бібліятэка” прайшоў адкрыты прагляд літаратуры “Скарбы роднай мовы”, падчас якога чытачы  пазнаёміліся з беларускамоўнымі творамі нашых славутых паэтаў і пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Івана Мележа, Івана Шамякіна і іншых выдатных мастакоў слова.

***

У філіяле “Малабераставіцкая інтэграваная сельская бібліятэка” Міжнародны дзень роднай мовы прайшоў пад дэвізам “Люблю цябе, зямлі бацькоўскай слова!”. Мэта мерапрыемства – папулярызаваць беларускую мову, выхаваць у школьнікаў пачуццё павагі і любві да роднага слова, выклікаць цікавасць да твораў беларускіх пісьменнікаў. Наведвальнікі бібліятэкі ў гэты дзень атрымалі магчымасць пазнаёміцца з тэматычнай выставай “Родная мова, цудоўная мова”, на якой былі прадстаўлены кнігі па гісторыі беларускай мовы, беларускія часопісы, аўдыё-кнігі, творы беларускіх аўтараў — як класікаў, так і сучаснікаў. У атмасферы добразычлівасці гучалі вершы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Дубоўкі і іншых.

***

У філіяле “Пархімаўская інтэграваная сельская бібліятэка” прайшло літаратурнае падарожжа “Родныя казкі, што добра раюць” з удзелам выхаванцаў дзіцячага садка. Хлопчыкі і дзяўчынкі падарожнічалі па беларускіх народных казках і казках беларускіх пісьменнікаў, адгадвалі загадкі і любімых казачных персанажаў.

***

У філіяле “Пагранічная сельская бібліятэка” дзейнічала кніжная выстава “З любоўю кожны радок …”.  Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены не толькі кнігі на роднай мове ад класікаў беларускай літаратуры да сучасных аўтараў, але і даведачная літаратура, і паэтычныя творы аўтараў Яўгеніі Дзяжко і Васілісы Пазнуховай, якія жылі ў аг. Пагранічны. Маленькім чытачам бібліятэкары прапанавалі казкі, крылатыя выразы, прымаўкі, прыказкі, вершы і апавяданні на роднай мове.

***

Бібліятэкары філіяла “Дзіцячая бібіліятэка” правялі для сваіх  юных чытачоў паэтычны вернісаж “Які гэта цуд, мова родная мая”.  Школьнікам было прапанавана падарожжа ў гісторыю роднага слова. Падчас мерапрыемства гучалі цікавыя выказванні беларускіх пісьменнікаў аб роднай мове. Дзеці адгадвалі тэматычныя рэбусы і загадкі, адказвалі на пытанні літаратурных віктарын “Рассыпаныя прыказкі і прымаўкі”, “Словазнаўцы”, “Адгадай твор па радках”. Цікавасць выклікала тэматычная зона “З любоўю да роднага слова” з творамі беларускіх пісьменнікаў.

***

У раённай бібліятэцы адбылася акцыя “Гучы, роднае слова”, падчас якой чытачы і бібліятэкары чыталі творы на беларускай мове.

У чытальнай зале райбібліятэкі адбыўся таксама  літаратурны вернісаж “Беларуская мова – мелодыя сэрца”. Госці вернісажа – падлеткі – з задавальненнем уключыліся ў лінгвістычную гульню “Знаўцы роднай мовы” і хутка перакладалі словы з рускай мовы на беларускую і наадварот. Для ўдасканалення ведаў па роднай мове супрацоўнік бібліятэкі прэзентавала вучням найноўшыя дапаможнікі па беларускай граматыцы, а таксама мастацкія творы сучасных беларускіх аўтараў і  пераклады на беларускую мову сусветна вядомых замежных пісьменнікаў.

Падрыхтавала Святлана Ганчарова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *