У Бераставіцкім ліцэі прайшла творчая сустрэча з паэтам і аўтарам песень Леанідам Панасевічам

Лента новостей

Сустрэчу з сапраўды творчым чалавекам часта параўноўваюць з глытком свежага паветра. Такія людзі як маленькія сонейкі выпраменьваюць святло, заражаюць сваёй моцнай жыццёвай і творчай энергетыкай. І не здзіўлюся, што камусьці з маладых людзей-навучэнцаў Бераставіцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, якія прысутнічалі на сустрэчы з паэтам-песеннікам Леанідам Панасевічам, захацелася ўзяць у рукі аловак, паперу і напісаць верш.

Творчая сустрэча паэта, аўтара песень Леаніда Міхайлавіча Панасевіча з навучэнцамі ліцэя праходзіла па ініцыятыве Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага.  Трэба адзначыць, што бібліятэчныя работнікі надаюць значную ўвагу захаванню літаратурных традыцый на Бераставіччыне, падтрымліваюць мясцовых аматараў мастацкага слова, выпускаючы зборнікі іх твораў, арганізоўваючы літаратурныя вечарыны і сустрэчы з чытачамі рознага ўзросту. Пра гэта, дарэчы, расказала ва ўступным слове дырэктар райбібліятэкі Таццяна Марцішэвіч. А галоўны захавальнік фондаў музея Вавёркі Яўген Волкаў, які таксама прысутнічаў на сутрэчы, спыніўся на тых творах літаратурнай музейнай спадчыны, якія маюць дачыненне да Бераставіччыны, у прыватнасці, на мемуарных помніках нашых землякоў.

Леанід Міхайлавіч прадставіў на суд юных слухачоў сваю песенную творчасць па такіх тэматычных напрамках, як настальгія па бацькоўскаму дому і па сваёй малой радзіме, любоў да матулі, патрыятычныя пачуцці да Бацькаўшчыны, памяць пра загінуўшых на Вялікай Айчыннай вайне і, вядома ж,  каханне. Дарэчы, гэта тыя адвечныя тэмы, якія закранаюць самыя патаемныя струны душы кожнага чалавека незалежна ад яго ўзросту. Песні ж пра любоў у розных яе праявах займаюць у творчасці аўтара, бадай, самае значнае месца. Леанід Міхайлавіч жартуе, што “з трохсот яго песень – трыста пяцьдзясят пра любоў…”, маючы на ўвазе, што калі дазволіць лёс, ён і далей у сваёй творчасці  будзе звяртацца да гэтай жыццясцвярджальнай тэмы.   

Лірычныя песні Леаніда Міхайлавіча знайшлі водгук у сэрцах юнакоў, якія прысутнічалі на мерапрыемстве. Прагучаўшыя пад кранальнае відэасуправаджэнне запісы яго аўтарскіх твораў у выкананні мясцовых артыстаў пакінулі ў слухачоў самае яркае ўражанне, душэўна ўсхвалявалі і прымусілі задумацца ад сапраўдных чалавечых каштоўнасцях.

Для даведкі: Леанід Панасевіч жыве ў Малой Бераставіцы. Ён аўтар звыш трохсот песень, якія сабраны ў пятнаццаць зборнікаў. Педагог, гісторык па адукацыі, Леанід Міхайлавіч мае 50-гадовы настаўніцкі стаж і лічыць сваю творчасць спосабам самарэалізацыі, спробай адказаць на агульначалавечыя пытанні праз вершаваныя радкі і мелодыі, якія ў аўтара непарыўныя.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *