У Бераставіцкай цэнтральнай раённай бальніцы пасля рамонту адкрыліся аддзяленні неўралогіі і педыатрыі

Актуально Лента новостей

15 мая ў  Бераставіцкай цэнтральнай раённай бальніцы адбылася доўгачаканая падзея: пасля капітальнага рамонту ў тэрапеўтычным корпусе адкрыліся аддзяленні неўралогіі і педыатрыі.

Чатыры месяцы рамонту, які вялі будаўнікі ААТ “Бераставіцкая ПМК-141”,  — і вось вынік. Выгляд цэлага паверху корпуса кардынальна перамяніўся: цяпер тут светлыя і ўтульныя палаты, у працэдурных кабінетах стаіць новае сучаснае абсталяванне, ёсць палата павышанай камфортнасці — для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Таксама абсталяваны зручны пакой адпачынку для медперсаналу. Усё зроблена якасна і з густам. Без сумненняў, у новых умовах тут стане значна прыемней працаваць медработнікам і лячыцца іх пацыентам.

Ва ўрачыстым адкрыцці двух аддзяленняў прынялі ўдзел начальнік упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак, старшыня райвыканкама Антон Кулісевіч і яго намеснікі Валерый Хелскі і Сяргей Чыкун, галоўны ўрач ЦРБ Станіслаў Сарасек, дырэктар ПМК-141 Віктар Лукашэвіч, а таксама прадстаўнікі СВК раёна, якія аказвалі матэрыяльную дапамогу ў ажыццяўленні рамонту. Дарэчы, сродкі на яго былі выдзелены не толькі з абласнога і раённага бюджэтаў, але і кіраўнікамі ўсіх СВК раёна, а таксама трох фермерскіх гаспадарак.

Нагадаем, што ў мінулым годзе капітальны рамонт быў выкананы ў стацыянары для лячэння інфекцыйных захворванняў, а два гады таму быў адкрыты новы рэнтгенкабінет, рэканструяваны і перааснашчаны аперацыйна-рэанімацыйны блок ЦРБ. Трэба меркаваць, на чарзе цяпер рамонт першага і другога паверхаў корпусу. Усе гэтыя меры прымаюцца ў рамках агульнарэспубліканскай праграмы мадэрнізацыі медустаноў і накіраваны на павышэнне якасці медыцынскага абслугоўвання як па краіне ў цэлым, так і ў нашым раёне ў прыватнасці.

Вікторыя ДЗЕРЖАНОВІЧ, фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *