Уборка цукровых буракоў ідзе ў Бераставіцкім раёне

Лента новостей

IMG_0019Уборка цукровых буракоў у раёне і іх здача вядзецца згодна з квотамі, таму што адразу перапрацаваць столькі каштоўнай сыравіны немагчыма. Ды і сапраўдны “бураковы сезон” яшчэ далёка не ў разгары, толькі ў кастрычніку “салодкія карані” пачнуць набіраць добрую цукрыстасць.
У СВК “Цецяроўка” гэтай восенню трэба ўбраць 300 гектараў такой выгаднай культуры. Гібрыд з адметнай назвай “Нэнсі” даў прыкладна 420 цэнтнераў з гектара, цукрыстасць пакуль ніжэй за базісную.
Цукровыя буракі патрабуюць да сябе пільнай увагі на працягу ўсяго росту і выспявання. Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Віктара Белабокага, на палях сёлета правялі 3 хімпраполкі, а таксама належныя неаднаразовыя падкормкі рознымі мікраэлементамі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Напрыклад, вельмі важна даць гэтай капрызнай расліне дастаткова бору, інакш напаткае яе захворванне — “сэрцайка”. Сярэдзіна пад бацвіннем у бурака робіцца слабой і пачынае гніць, таму лепш папярэдзіць такую небяспеку, каб не было страт. А ўвогуле, спецыяльны комплекс утрымлівае больш за дзясятак неабходных мікраэлементаў і распрацаваны вучонымі спецыяльна для “салодкіх каранёў”.
На рухавым імпартным буракаўборачным камбайне “Вервайт”, які выкарыстоўваецца тут ужо дзясяты сезон, з самага лепшага боку паказвае сябе інжынер па эксплуатацыі машынна — трактарнага парка Дзмітрый Кухарчык (на здымку). У час уборкі ўраджаю ён звычайна сядае за штурвал энерганасычанай тэхнікі, а зімой займаецца рамонтам. Справу сваю любіць, таму і заслужыў шчырую павагу ў калектыве. Ён растлумачыў, як працуе такая адмысловая тэхніка, замяніўшая вялікую колькасць рабочых рук. Разумная машына лоўка зразае бацвінне, абтрасае зямлю, а потым падае караняплоды па транспарцёры ў бункер. Такія буракі ўжо можна адразу дастаўляць на прыёмны пункт. Прыемна паглядзець на вялізны бункер з амаль чыстымі “салодкімі каранямі” з новага ўраджаю. Не дарма стараліся спецыялісты і механізатары.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *