Турыстычныя маршруты бераставічан

Лента новостей

Усё больш актыўна выбіраюцца нашы землякі ў турыстычныя паездкі, на экскурсіі па роднай Беларусі. Пра гэта сведчыць і сёлетняе лета. Тыя, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, накіроўваюцца, вядома, у старажытныя палацава-паркавыя комплексы. Так сёлета зрабілі, да прыкладу, і работнікі філіяла “Гроднааблпаліва”, а таксама аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк”. Іх турыстычны маршрут пралягаў у Нясвіж, Мір і ў музей старадаўніх рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі”.
—Уражанняў не пераказаць колькі!—эмацыянальна дзеліцца са мной убачаным галоўны эканаміст філіяла “Гроднааблпаліва” Наталля Богдан.—У Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе нас уразіла проста ўсё: велічнасць і хараство замка Радзівілаў, яго залы—паляўнічы, тэатральны, абедзенны, залаты і інш., іх убранства, мэбля. Увогуле, расказаць пра ўсё проста немагчыма—гэта трэба бачыць. Нам яшчэ і пашанцавала: у жніўні якраз працавала выстава “Каралеўскія скарбы—еўрапейскія шэдэўры 1600-1800”, і змаглі ўбачыць самыя раскошныя рэчы і ўпрыгожанні англійскай каралеўскай сям’і.
Не менш чым сам замак, уразіў і цудоўны мясцовы парк, упрыгожаны самымі рознымі скульптурнымі ансамблямі. Па ім, каб абыйсці ўвесь, трэба гуляць не адзін дзень.
А колькі цікавага ўбачылі мы ў музеі старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі” пад Мінскам! На свае вочы бачылі, як ствараюцца прыгожыя карціны і карзіны з лазы, а з-пад рук ганчара выходзіць жбан, на ткацкім станку тчэцца палатно, уручную плятуцца паясы, выкоўваецца ў кузні падкова, а таксама як пячэцца ў печы хлеб, варыцца сыр і г.д. Нам дарылі рэчы, ды і купіць маглі тут усё, што спадабалася, нас частавалі свежапрыгатаванымі прысмакамі. Бачылі мы даўнейшы млын і домік, куды сяляне звозілі муку на памол, каталіся на конях. Вельмі зацікавіла выстава рэтра-аўтамабіляў і многае іншае. Пераначаваўшы на Гродзеншчыне ў турыстычным комплексе “У Нікадзіма”, мы накіраваліся ў Мірскі замак і адтуль таксама вярталіся з незабыўнымі ўражаннямі.
Наталля Богдан кажа, што падобныя паездкі—гэта не толькі актыўны, карысны адпачынак, але і цудоўная магчымасць расшырыць свой кругагляд, далучыцца да скарбніцы айчыннай і сусветнай архітэктуры і мастацтва.
Так лічаць і ўсе іншыя, хто імкнецца паехаць на экскурсію, у цікавую паездку. Работнікі птушкафабрыкі, да прыкладу, пабывалі гэтым летам у Брэсце, а члены раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў—у Жыровічах і ў Белавежскай пушчы… Усе задаволены такім карысным адпачынкам.
Марыя Драпеза



1 комментарий по теме “Турыстычныя маршруты бераставічан

  1. Сапраўды, вандраванне — захапляючая рэч. Лічу, што чалавек, хаця б адзін раз у год, але павінен выбрацца ў вандроўку.Не абавязкова за мяжу. Цікавых мясцін дастаткова і ў нас. Кожная вобласць мае свае адметныя месцы — Браслаў, Глыбокае, Паставы, Будслаў, Вілейка, Мядзель,Брэст, Пінск, Лагішын і г.д. Калі бліжэй, то можна паехаць па даволі цікавых маршрутах Навагрудак — Любча — Шчорсы — Карэлічы — Мір — Нясвіж, альбо Ваўкавыск — Ізабелін — Падароск(Краскі)- Ружаны — Косаўскі замак (палац) — Івацэвічы — Быцень — Жыровічы — Слонім. Неверагодная прыгажосць у Любчы. Любчанскі замак аднаўляецца намаганнямі фактычна аднаго чалавека — ураджэнца Любчы, а цяпер прыватнага прадпрымальніка з Мінска. Ёсць канкрэтныя вынікі Поўнасцю адноўлена адна вежа , паўднёвая сцяна замка і вядуцца работы на галоўнай вежы. З замкавай гары можна ўбачыць прыгожыя краявіды — стужка Нёмана (там ён яшчэ вузкі), за ім шырокія лугі, а на даляглядзе сцяна Налібоцкай пушчы. Раю пабываць.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *