Сюды я ў думках залятаю…

Лента новостей Тема недели

Вёска Навасёлкі Алекшыцкага сельсавета — мой родны кут. Тут я нарадзіўся, тут  праз поле бегаў на ўрокі ў  Масалянскую дзесяцігодку. І хаця цяжкае было маё пасляваеннае дзяцінства,  я успамінаю тыя незабыўныя гады з асаблівым хваляваннем, сумам і радасцю. Адным словам, сюды я ў думках часта залятаю.

Мой бацька, Канстанцін Антонавіч, працаваў старшым  майстрам у вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі №37 у вёсцы Муравана, што каля  Малой Бераставіцы. Потым яго прызначылі намеснікам дырэктара гэтай установы. На жаль, жыццё яго абарвалася трагічна. Ён загінуў у аварыі на дарозе 16 жніўня 1955 года. Тады  мне, старэйшаму з дзяцей, яшчэ не споўнілася 11 гадоў, сястрычцы Веры  было 7, а браціку Мікалаю  5 гадкоў.

У далейшым сястра стала вучоным заатэхнікам, а брат, маёр міліцыі, 25 гадоў узначальваў  службу ДАІ свайго раёна. 

Я скончыў школу з медалём і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя  Янкі Купалы. Гэтая навучальная установа  была ў сарака пяці кіламетрах ад роднай хаты. Маці жадала, каб я менавіта сюды пайшоў вучыцца, бо сталіца далёка ад нас. Да таго ж, у Гродне жыла сям’я маёй роднай цёткі, якая з першых дзён вучобы замяніла мне маці. Амаль кожны дзень па дарозе з інстытута я забягаў да яе на абед.

Пасля смерці бацькі маці пайшла працаваць у калгас даяркай, каб выгадаваць нас. Я вельмі шкадаваў яе, бо ў трыццаць гадоў яна засталася ўдавой. Калі яна плакала, мне таксама хацелася, гледзячы на яе, плакаць. Я нярэдка чуў, калі  вясковыя  жанчыны казалі, што Ганна — гэта скура ды косці. Вясной яна накіроўвалася на ферму а чацвёртай гадзіне раніцы. Я паціхеньку, каб не чулі брат і сястра, бег следам за маці. Цягаў сілас і муку на сваіх дзіцячых плячах, а гной са стойлаў вывозіў ваганеткай – так называлася падвясное (на рэйцы) прыстасаванне. Гэты занятак быў небяспечным, бо ваганетка часам зрывалася з рэйкі і валілася прама на ногі. Тады ж ніякай размовы аб ахове працы не вялося.

Я рана пайшоў за плугам і стаў разам з дарослымі мужыкамі ў пракос. Маё дзяцінства было такім, як казаў класік: “Голад бацькам мне быў, гадаваў і карміў. Бяда маткай была, праца сілу дала.”

Пасля фермы ў Новым Двары я, крышку паспаўшы, бег на заняткі. Любіў матэматыку. Рускую літаратуру выкладаў з 7-га класа Іван Іванавіч  Ракевіч, які прыходзіў на ўрокі ў салдацкай гімнасцёрцы і, як артыст, выдатна чытаў вершы Пушкіна і Лермантава. Ён даваў ацэнку маім першым пробам пяра, а мае вершы размяшчаліся ў школьнай сценгазеце.

Ужо ў выпускным класе ў 1961 годзе я напісаў гэты верш пра малую радзіму:

Хатка мая сівая з бярвення…

Пад асеннім небам чыстым

З глыбіні твайго сумлення

Прарасло маё дзяцінства.

Помню, бабка ранкам крэкча,

Пхнецца ў цеснае ваконца

Ды цягае з цёмнай печы

Пірагі, нібыта сонцы.

Гэтым часам певень зважны,

Самы  слаўны ў наваколлі,

Звонкім голасам працяжным

Цішыню, як збан, расколе.

А каштан, мой сябра, з ночы

Б’е ў шыбы гучна з болем:

— Пойдзем, пойдзем, малы хлопча,

Летнім садам, лугам, полем!

…Хатка мая сівая з бярвення,

Не пайшла ты шляхам новым,

А з глыбіні твайго сумлення

Я бяру для вершаў словы.

Мая першая кніжка, зборнік прозы і паэзіі, выйшла ў Мінску. Яна была вынікам маіх вандровак у якасці ўласнага карэспандэнта газеты “Транспортный вестник” –спачатку па Гродзенскай, а пасля па Брэсцкай вобласці на працягу 20 гадоў, з 2000 па 2019.

На заслужаны адпачынак я пайшоў у 2019 годзе і прысвяціў сябе літаратурнай дзейнасці. За гэты час выдаў дзве дэтэктыўныя аповесці “Чужая родня” і “Никто не хочет умирать». На маім рахунку цяпер чатыры кніжкі, якія вышлі з друку. Яшчэ дзве чакаюць сваёй чаргі. Цяпер працую над трэцім дэтэктывам. Яны напісаны на рускай мове, бо збіраюся па іх падрыхтаваць сцэнарыі мастацкіх стужак. Калі не атрымаецца зрабіць гэта мне пры жыцці, дык спадзяюся, што гэта зможа рэалізаваць мая дачка, якая замужам у Маскве. Тэксты я перадаў ёй. Там жыве яшчэ адзін мой сваяк, які быў  ваенным аташэ Расіі у афрыканскіх краінах. Ён, карэнны масквіч, мае шмат сяброў сярод артыстаў, з якімі ў свій час хадзіў у школу. Нарэшце, мой старэйшы унук пасля журфака МГУ працуе на тэлеканале РБК галоўным рэдактарам перадачы “Автоньюс”. Вельмі хацелася б, каб яны дапамаглі рэалізаваць мой апошні запавет.

Кастусь Станкевіч, г. Баранавічы

Фото Сяргея ХІЛЮТЫ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *