Стратэгія поспеху Бераставіцкага масласырзавода

Лента новостей

Неаднойчы мне здаралася чуць ад людзей: “Дзякуй Богу, што ў нас у раёне ёсць масласырзавод!” І гэта сапраўды так – зараз тут працуюць 156 чалавек, і калектыў з упэўненасцю глядзіць у будучае. А для Бераставіччыны такое сучаснае перапрацоўчае прадпрыемства, адно з лепшых у рэспубліцы, якое зарабляе валюту, сапраўды значыць вельмі многа. Удзельная вага Бераставіцкага масласырзавода ў агульным аб’ёме прамысловай вытворчасці раёна займае 82%. Гэта наш галоўны экспарцёр прадукцыі. Масласырзаводу належыць 99% аб’ёму экспартных паставак па раёне.
Дырэктар Іван Блашко родам са Шчучынскага раёна. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ён працуе на адказных пасадах. Пачынаў галоўным заатэхнікам гаспадаркі, а зараз з’яўляецца паспяховым кіраўніком перапрацоўчага прадпрыемства. Дырэктарам маслысырзавода ён стаў ў верасні 2007 года. Гэта сапраўдны гаспадар і вопытны аўтарытэтны чалавек са стратэгічным мысленнем, які думае пра будучае калектыву. Кіраўнік здолеў аб’яднаць людзей і зацікавіць іх агульнай справай. Ён патрабавальны, але ўважлівы і добразычлівы чалавек. Стаўка на новыя тэхналогіі і развіццё вытворчасці апраўдвае сябе. З 2008 па 2011 год уключна вытворчасць прадукцыі на прадпрыемстве павялічылася ў супастаўных цэнах у два з паловай ра-зы, а экспарт – у два. Іван Іванавіч пастаянна цікавіцца ўсім новым і сучасным, тым, што можа пайсці на карысць вытворчасці.
Асаблівая ўвага тут надаецца мадэрнізацыі. У мінулым годзе ўстаноўлены сучасная лінія пасолкі сырзерня ў патоку, якая дазваляе атрымліваць 100% салодкай сыроваткі, а таксама навейшае імпартнае абсталяванне, якое за кошт нанафільтрацыі дазваляе падгушчваць і ў далейшым на галаўным прадпрыемстве высушваць сыроватку. Яна выкарыстоўваецца ў фармацэўтычнай прамысловасці, для вытворчасці кандытарскіх вырабаў і каўбас. За лістапад, снежань і сту-дзень на перапрацоўчым прадпрыемстве атрымалі 3212 тон канцэнтраванай сыроваткі, што дазволіла мець дадатковы прыбытак.
У мінулым годзе аб’ём вытворчасці прадукцыі ў супастаўных цэнах тут склаў 116,2%. Сыроў выраблена 3451 тона, масла–533. Аб’ём экспарту дасягнуў 15137,9 тысячы долараў ЗША. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 12381 мільён рублёў.
Добры старт узяты і на гэты год. Пры прагнозным паказчыку па экспарце 105,4% рэальная лічба за студзень дасягнула 107,2%. Ёсць рост і па астатніх паказчыках.
Напярэдадні свята абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь хочацца адзначыць уклад мужчын у агульны поспех усяго калектыву. На Бераставіцкім масласырзаводзе шчыра ўдзячны ветэранам працы – Сяргею Данілавічу Шляхотку, Мар’яну Станіслававічу Баеру, Івану Барысавічу Коніку. З самага лепшага боку паказваюць сябе і мужчыны, якія ўмацоўваюць вытворчасць сёння. Яны апора і “моцнае звяно” калектыву. Напрыклад, вялікая адказнасць ляжыць на начальніку цэха вытворчасці Сяргею Камандзенку. Ён пачынаў з простага рабочага, а зараз кіруе многімі людзьмі. У полі яго зроку бесперабойная работа і выдатная якасць прадукцыі. Гэты адукаваны і камунікабельны чалавек заслужыў шчырую павагу ў калектыве. За энергазабеспячэннем прадпрыемства пільна сочыць інжынер – энергетык Вадзім Федарэнкаў. З адказнасцю падыходзіць да сваіх абавязкаў інжынер – механік Дзяніс Кажэўнікаў. Немагчыма пералічыць усіх сумленных працаўнікоў, якія ўносяць свой важкі ўклад у агульную скарбонку і канкурэнтаздольнасць прадпрыемства. Кожны з іх няхай прыме шчырыя віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны, якія і ў самай мірнай працы так выдатна праяўляюць сябе! Моцнага ўсім здароўя, цудоўнага настрою, радасці, аптымізму, удачы, шчасця! Няхай расце дабрабыт іх сем’яў, і кожны новы год для прадпрыемства будзе яшчэ больш паспяховым!
Ніна Наддэ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *