Стаўка на добрыя гатункі і захаванне тэхналогій робіцца ў СВП “АграМір”

Лента новостей

Дзмітрый Дзяшко і Віктар Каваленя
Дзмітрый Дзяшко і Віктар Каваленя

Спрадвечны калаўрот сялянскіх работ не прызнае прамаруджвання. Здаецца, яшчэ нядаўна на хлебных нівах гулі камбайны, а зараз глеба ўжо ўпарадкавана пад будучы ўраджай. На палетках СВП “АграМір” мне давялося пабачыць, як сеюць азімы рапс. Перад сяўбой правялі культывацыю і выраўноўванне глебы, а за штурвалам магутнага “Джон Дзіра” з пасяўным агрэгатам АПП-6 быў вопытны механізатар Віктар Каваленя. Стаж гэтага адказнага і працавітага чалавека перайшоў ужо на чацвёрты дзясятак, цяжка нават уявіць, якое агромністае поле было б, калі б у думках “скласці” ўсе тыя нівы, дзе за гэтыя гады прайшоўся яго трактар. А што чалавек гэты сапраўды вельмі дасціпны і старанны, можна было ўпэўніцца па такой дэталі. Нягледзячы на нашу з выконваючым абавязкі галоўнага агранома Дзмітрыем Дзяжко красамоўную жэстыкуляцыю спыніцца, механізатар зрабіў гэта толькі спраўна “закончыўшы радок”. Якасць сяўбы ў яго бездакорная, спорнае насенне запатрабаванай выгаднай культуры хутка абудзіцца ў зямлі і дасць густыя зялёныя парасткі.
Азімага рапсу ў СВП “АграМір” запланавана пасеяць 250 гектараў, трыцікале – 280 і пшаніцы – 300. Стаўка робіцца на перспектыўныя гатункі. Рапс будзе трох “відаў” – Рохан, Геркулес і Гідрамель. Напрыклад, Рохан – гэта гатунак новага пакалення гібрыдаў азімага рапсу. Ён вылучаецца высокай ураджайнасцю і выдатнымі суадносінамі “зерне-салома”. Многім даводзілася бачыць, што рапс бывае нізкі і высокі. Калі сцябло вельмі высокае, гэта не зусім добра, галоўнае, каб былі добрыя стручкі. Рохан якраз аптымальны па такім крытэрыі. А карані ў яго развітыя, доўгія, таму могуць забяспечваць расліну вільгаццю нават у спёку. Гэты гатунак добра перазімоўвае, устойлівы да захворванняў.
Тры гатункі вы­бралі і трыці­кале. Гэта Вітон, Мадэрата і Гранада. Пшаніца будзе Багатка і Сюіта. У кожнага гатунку свае плюсы, кардынальным з якіх з’яўляецца ўраджайнасць. Гэты год быў добрым, нягледзячы на “капрызы надвор’я”. Няхай і будучы апраўдае чаканні нашых землякоў, а зямля шчодра аддзячыць за клопат!
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *