Старадварэцкія школьнікі перамаглі ў адборачным туры міжнароднага сацыяльна-адукацыйнага конкурсу «Мова продкаў»

Год малой родины Образование

Конкурс «Мова продкаў» прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. Гэта выдатная магчымасць прыцягнуць увагу падрастаючага пакалення да роднай мовы, прывіць любоў да яе, расказаць пра вытокі свайго роду і нацыі. Арганізатар конкурсу – дыстанцыйны цэнтр гарманічнага развіцця «СА-Тварэнне».

Вучаніцы  Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы  Марыя Габрусевіч і Дарына Трафімчык прынялі ўдзел у намінацыі «Вершы на роднай мове» на тэму «Спяваю табе, Радзіма» ва ўзроставай катэгорыі 6-11 гадоў. У Год малой радзімы дзяўчынкі напісалі вершы аб роднай Бераставіччыне. Яны з задавальненнем і з вялікай адказнасцю рыхтаваліся да сваіх выступленняў. Відэазапісы былі адпраўлены ў арганізацыйны цэнтр.

31 сакавіка наступіў хвалюючы дзень абвяшчэння пераможцаў Нацыянальнага тура другога патоку. У спісе імёны і прозвішчы тых дзяцей, працы якіх ацэнены экспертамі не менш 27 балаў з 30-ці магчымых. І нашы прозвішчы таксама там!

Гэта быў сур’ёзны экзамен, пасля якога лепшыя будуць змагацца за званне пераможцы Міжнароднага класа.

На адрас школы прыйшло заданне на фінальны тур. Да 14 мая мы павінны прадставіць відэазапіс вершаў на тэму «Мая Рэспубліка» вядомых аўтараў Беларусі. Пажадайце нам поспеху!

Людміла Тапарыўская, настаўнік пачатковых класаў Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы

 

Мая Бераставіца

Есць сярод лясоў і гаеў

Невялікі гарадок.

На ўзгорках, каля рэчкі

Сэрцу мілы мне куток.

 

Гоман птушак летам чуўся,

На касцёле бусла клёкат.

Каля возера прайдуся

Шчупакоў учую плёскат.

 

Можна тут вады напіцца –

Есць цудоўная крыніца.

І бяжыць – бяжыць вадзіца

Па маёй Бераставіцы.

 

  Дарына Трафімчык, вучаніца 1 класа

 

Абяцанне

Мне пашчаслівіла радзіцца

На зямлі, якая завецца Бераставіца.

Тут лес навокал зеляніцца,

І б’е крыштальная крыніца.

 

Свет зорак у возеры іскрыцца,

Люстэркам ззяе ў ім вадзіцца.

Хадкевіча тут прызрак наравіцца

Начамі ў падзямеллі прыюціцца.

 

Ужо пяць вякоў жыццё ўсё бурліцца:

Ад чужакоў прышлося бараніцца,

Галодным годам цяжка патрудзіцца,

На святах розных дружна весяліцца.

 

Зямля Бераставіцы ганарыцца

Людзьмі, што тут рашылі пасяліцца.

Я абяцаю вам: і Бераст, і Тавіца –

Што буду славіць я сваю Бераставіцу.

Марыя Габрусевіч, вучаніца 5 класа

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *