Семінар кіраўнікоў клубных устаноў прайшоў на Бераставіччыне

Лента новостей

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14Як разнастаіць вольны час моладзі? Якія формы работы ўстаноў культуры сёння найбольш дзейсныя і запатрабаваныя сярод школьнікаў і навучэнцаў, працуючых юнакоў і дзяўчат? Аб гэтым ішла размова на семінары дырэктараў, загадчыкаў і мастацкіх кіраўнікоў клубных устаноў раёна, які адбыўся 16 красавіка на базе раённага Дома культуры, Малабераставіцкага і Эйсмантаўскага цэнтральных Дамоў культуры.

Семінар быў выязны. Яго аргані­затары – а гэта метадысты раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці – прапанавалі ўдзельнікам не проста “сухую” тэорыю, а непасрэднае знаёмства з вопытам работы калег, а дакладней з іх найбольш удалымі напрацоўкамі, якія дазваляюць прыцягнуць да актыўнай грамадскай і творчай дзейнасці як мага большае кола маладых людзей.
Адкрыла сустрэчу дырэктар РМЦ НТ Алена Місюля, якая прааналізавала той спектр масавых мерапрыемстваў, якія ў студзені-сакавіку былі праведзены работнікамі клубных устаноў у рамках Года моладзі. Як правіла, гэта тыповыя для ўсіх тэматычныя дыскатэкі, віктарыны, гульнявыя і канцэртна-гульнявыя праграмы да святаў і памятных дат. Аднак, як падкрэсліла Алена Аляксандраўна, сёння сярод моладзі найбольш папулярныя такія формы культурна-масавай работы, якія прадугледжваюць актыўнае прыцягненне маладых людзей непасрэдна ў сам працэс падрыхтоўкі і правядзення таго ці іншага мерапрыемства, больш шырокае выкарыстанне спартыўных элементаў, рухавых гульняў, у выніку якіх нараджаецца асаблівы камандны дух, азарт і яркія эмоцыі, наладжванне сустрэч на адкрытым паветры накшталт старых добрых “маёвак” толькі ў сучаснай інтэрпрэтацыі і г.д.
Больш падрабязна на асаблівасцях выкарыстання моладдзю свайго вольнага часу і на пабудове клубнай работы з улікам гэтых асаблівасцяў спынілася метадыст па арганізацыі вольнага часу насельніцтва РМЦ НТ Яна Зорына. А метадыст па аматарскіх аб’яднаннях Кацярына Ганчарова расказала аб перспектывах стварэння ва ўстановах культуры раёна маладзёжных клубаў па інтарэсах.
Дарэчы, наколькі ўдала можна спалучыць уласнае захапленне са справай арганізыцыі вольнага часу падрастаючага пакалення ўдзельнікі семінара даведаліся з выступлення кіраўніка народнага аматарскага аб’яднання “Вінт” РДК Аляксандра Унуковіча. У прыватнасці, Аляксандр Вацлававіч расказаў пра выставачную дзейнасць аб’яднання, якая папулярызуе авіямадэльную справу сярод школьнікаў. Ён прадэманстараў некалькі радыёкіраваных мадэляў, створаных ім разам з гурткоўцамі для новай калекцыі самалётаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прапанаваў клубным работнікам сумеснае правядзенне выстаў.
Прыклад сумеснай работы ўсіх зацікаўленых структур таксама быў прадэманстраваны культработнікам. У якасці нагляднага прыкладу ім было прапанавана стаць удзельнікамі акцыі па прафілактыцы табакакурэння “Дыши легко!”, арганізаванай аддзелам па рабоце з моладдзю РДК сумесна з ГА “БРСМ”. На пляцоўцы каля возера ў райцэнтры валанцёры Вялікабераставіцкай СШ раздавалі прахожым буклеты па здароваму ладу жыцця, прапаноўвалі пакінуць адбітак сваёй далоні на сімвалічным экране здароўя.
Дарэчы, работа па папулярызацыі здаровага і актыўнага ладу жыцця сярод падрастаючага пакалення па-ранейшаму актуальная. У форме турніраў, турыстычных злётаў, фестываляў, прафілактычных праектаў, шматлікіх лекцый, прэзентацый, акцый яна павінна знаходзіць адлюстраванне і на працягу Года моладзі.
Удзельнікі ўзорнага маладзёжнага тэатральнага калектыву “Сонейка” Малабераставіцкага ЦДК (дырэктар Ганна Варанцова, мастацкі кіраўнік і рэжысёр тэатра Любоў Валейка) тэму здаровага ладу жыцця і выкаранення шкодных звычак узялі за аснову сваёй чарговай пастаноўкі. “Жаніх для Бабы Ягі” – такую назву мела тэатралізаванае прадстаўленне юных артыстаў, якое яны паказалі ўдзельнікам семінара. Казка на сучасны лад, гумар і пэўны падтэкст даступна данеслі да аўдыторыі асноўную думку: быць здаровым сёння модна!
Як выкарыстаць папулярныя ў падлеткавым асяроддзі элементы флэш-моба, культработнікі змаглі паглядзець у Эйсмантаўскім ЦДК (дырэктар Рыта Каспшак). Гасцям было прапанавана энергічнае выступленне ўдзельнікаў агітбрыгады Эйсмантаўскай СШ і клуба па інтарэсах “Рытм”, якое суправа­джалася відэапрэзентацыяй з жыцця мясцовай установы адукацыі.
***
Год моладзі толькі пачаўся, а таму ў работнікаў клубных устаноў раёна яшчэ ёсць час рэалізаваць на практыцы метадычныя рэкамендацыі, прапанаваныя арганізатарамі семінара. Хацелася б, каб у культурнай сферы для мясцовай моладзі гэты год сапраўды стаў адметным.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *