СВК «Пархімаўцы»: За “сухімі” лічбамі – жывыя людзі, іх праца

Лента новостей

Ва ўсе вякі для жанчын складалі вершы і песні, таму што менавіта яны – “лепшая палова чалавецтва”. Але тыя, хто жывуць у вёсцы, заслугоўваюць яшчэ большай павагі. Яны не толькі стараюцца паказаць сябе з лепшага боку, рупяцца аб прысядзібных гаспадарках, падтрымліваюць агеньчык дамашняга ачага, “надвор’е” ў доме.
Са “слабога полу” склаўся моцны і дружны калектыў ў бухгалтэрыі СВК “Пархімаўцы”. Галоўны бухгалтар Ніна Аляксандраўна Букас – наша зямлячка, родам з Бераставіцкага раёна. Матэматыку палюбіла са школьных гадоў. Прафесію выбрала па прызванні, закончыла Ашмянскі сельгастэхнікум. Маладым спецыялістам Ніна Аляксандраўна прыйшла ў гаспадарку і год ад года ўдасканальвала свае веды і навыкі.
— Ваша прафесія найперш за ўсё звязана з лічбамі. А ці ёсць у ёй для Вас, вобразна кажучы, якая-небудзь “паэзія”, тое, што стварае добры настрой? – цікава было даведацца мне.
— Безумоўна! За “сухімі” лічбамі – жывыя людзі, іх праца. Бачу, чым жыве калектыў, як развіваецца вытворчасць, што выгадна, што рэнтабельна, што дае прыбытак. Прыемна, калі паказчыкі добрыя і ёсць аддача.
А намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Марына Эдуардаўна Карпуць таксама з цеплынёй і павагай гаворыць пра бухгалтарскіх работнікаў:
— Яны не толькі выконваюць свае “прамыя” абавязкі, але і дапамагалі на ўборцы бульбы, падбіралі цукровыя буракі. А дома яны выдатныя гаспадыні, добрыя мамы… Ёсць у нас і маладыя. Яны таксама стараюцца.
Лічбы, факты, інвестыцыі
Гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці збожжавых, цукровых буракоў, мяса і малака. У гэтым годзе тут атрыманы добры ўраджай. Па ўраджайнасці збожжавых – 65,4 цэнтнера з гектара, сельгаскааператыў на чацвёртым месцы ў раёне.
Пад поўную патрэбу назапашана кармоў для жывёлы. Сенажу нарыхтавалі на 37,8% больш, чым у мінулым годзе, сіласу – на 52%, сена – на 5,8%. На адну ўмоўную галаву прыходзіцца звыш 29 кармавых адзінак.
Надой на карову па гаспадарцы за 9 месяцаў гэтага года склаў 4424 кілаграмы, што на 8 кілаграмаў больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Вышэйшым гатункам і “экстрай” здалі 74,1% малака. Таварнасць узрасла да 88,1% і павялічылася на 5,5%. А на малочнатаварнай ферме “Данілкі” атрымалі 5046 кілаграмаў малака (плюс 142).
Валавая прывага буйной рагатай жывёлы ў СВК “Пархімаўцы” дасягнула 403 тон, што на 7 тон больш, чым летась. Сярэднясутачная прывага – 740 грамаў (плюс 62 грамы).
Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі жывёлагадоўлі ў гэтай гаспадарцы – 11%. Выручка за 9 месяцаў дасягнула 12 мільярдаў 408 мільёнаў рублёў. Рост склаў 41,4%.
Безумоўна, для аптымізацыі вытворчасці неабходны інвестыцыі. У гэтым годзе ў СВК “Пархімаўцы” набылі зернеўборачны камбайн КЗС -1218, плуг-глыбокаўзрыхляльнік, прыкатваючы каток, культыватар, барану, агрэгат глебаапрацоўчы, касілку-плюшчылку прычапную і іншае.

Мы жадаем шчасця вам!
Разам з іншымі сельгаскааператывамі Бераставіччыны СВК “Пархімаўцы” ўносіць свой уклад ва ўмацаванне эканомікі раёна. Вядома, што ў сённяшніх умовах, калі даражэе літаральна ўсё, гэта вельмі няпроста. У кожнай аргані-зацыі ёсць свае цяжкасці, “ідэальных” месцаў проста не бывае. Тым большай павагі заслугоўваюць людзі, якія прысвяцілі сваё жыццё адраджэнню вёскі і сельскай гаспадарцы.
Каб мець добрую аддачу, трэба ўкладваць. Гэта старая ісціна, якая і зараз не згубіла свайго сэнсу. Чалавеку трэба стварыць добрыя ўмовы для жыцця і работы, каб яму і яго сям’і было цёпла і ўтульна, каб ён разумеў, што працу яго цэняць. Менавіта пра гэта клапоцяцца ў СВК “Пархімаўцы”. У гэтым годзе там уведзены ў эксплуатацыю 4 новыя дамы. Нават вуліца значна папрыгажэла, стала зусім іншай. Пры кожным з асабнякоў прасторны добраўпарадкаваны ўчастак. За кошт сельгаскааператыва зроблена агароджа. Навасёлы задаволеныя сваімі жыллёвымі ўмовамі. У кожным асабняку па 3 пакоі, усе выгоды. У дамах звіняць дзіцячыя галасы. Людзі на сваіх неабжытых яшчэ ўчастках пасадзяць дрэўцы, кветкі, і тады сядзіб будзе зусім не пазнаць. Мне давялося пагутарыць з сем’ямі Міхальчэня і Рожка (на здымках). Такога выдатнага жылля ў іх раней, вядома, не было, хаця пра ўтульны ўласны дом усе мараць. Цяжка перадаць радасць людзей, калі іх мара нарэшце ўвасабляецца ў рэальнасць. З наваселлем, паважаныя вяскоўцы, жывіце багата, а ў вашых сем’ях няхай заўсёды пануе каханне і лад!
Механізатары, вадзіцелі, слесары… Праца іх нялёгкая, “прыземленая”, здаецца, што не так шмат у ёй рамантыкі, але можна з поўным правам сцвярджаць, што занятак гэты – для сапраўдных мужчын. Таму што даручаную справу кожны раз трэба выконваць якасна, “лёгкага” хлеба там не бывае. А палявыя работы патрабуюць асаблівай адказнасці. Зямля шчыра аддзячвае толькі тады, калі “адчувае” любоў і клопат. Механізатар Дзмітрый Анішчык у час жніва працаваў на сушылцы, зараз возіць салому для патрэб жывёлагадоўлі. Ён не толькі сам стараецца, але яшчэ паказвае добры прыклад маладому механізатару Віталію Шумігаю, які нядаўна атрымаў адукацыю ў Бераставіцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі. Дарэчы, юнак шчыра ўдзячны свайму майстру вытворчага навучання Юрыю Яскулду, той многаму яго навучыў.
Механізатар Аляксандр Карпуць сеяў, зараз заняты на ворыве, а Сяргей Бычкоўскі добра папрацаваў на жніве, на нарыхтоўцы сена, на ўборцы “каралевы палёў” на зерне. Мікалай Капылец убіраў кукурузу на сілас. Трактарысты Юрый Цяслюк, Сяргей Сушко і Віктар Маслоўскі выконваюць розныя віды работ і таксама заслужылі шчырую павагу ў калектыве. Даўно працуюць і паказваюць сябе з лепшага боку бацька і сын Сыраквашыны Васіль і Уладзімір. Адказнасцю вылучаюцца таксама электрагазазваршчык Міхаіл Тапчылка і токар Віктар Пугачэўскі. Механізатар Дзмітрый Бондар і слесары Міхаіл Яроцкі і Уладзімір Сяпееў зараз займаюцца рамонтам тэхнікі, пастаноўкай яе на захаванне. Людзі стараюцца, каб яна служыла як мага даўжэй. Больш 20 гадоў аддаў працы ў гаспадарцы механізатар Франц Клімовіч. Пагрузчык свой беражэ, тэхніку ён таксама любіць і шануе.
Вадзіцелі Аляксей Македон і Сяргей Дожын – таксама прафесіяналы сваёй справы. У Аляксея – сапраўдная дынастыя. Мама яго працуе аператарам машыннага даення на малочнатаварным комплексе “Даўбянкі”, бацька – слесар на малочна- таварным комплексе “Канчаны”, родная сястра – намеснік галоўнага бухгалтара, а жонка – бухгалтар. Вядома, што пры такім дачыненні да поспехаў роднай гаспадаркі людзі адчуваюць, як кожны на сваім месцы мацуе яе. А Сяргей на жніве працаваў на пажарнай машыне. Зараз абодва вадзіцелі вывозяць арганічныя ўгнаенні.
Шчырай павагай у калектыве карыстаюцца вартаўнік малочнатаварнай фермы “Данілкі” Жанна Міндо, лабарант Таццяна Ядчанка. Жанна 13 гадоў працавала аператарам машыннага даення. Яна мясцовая, а Таццяна – прыезджая, з Гомельскай вобласці, але працуе ў гаспадарцы ўжо больш за 20 гадоў і сапраўды знайшла тут другую радзіму.
Наталля Гаўрылік – цялятніца на малочнатаварным комплексе “Канчаны”. Гэтая добрая жанчына даглядае цялят, як малых дзетак, любіць жывёлу. Тэрыторыя комплексу добраўпарадкаваная. Арыгінальны выгляд ёй прыдае муляж каровы.
З-за абмежаванасці газетнай старонкі немагчыма пералічыць усіх сумленных працаўнікоў, кожны з якіх стараецца на сваім месцы. З надыходзячым прафесійным святам, калектыў СВК “Пархімаўцы”! Плённага развіцця гэтай гаспадарцы, далейшых поспехаў, а людзям няхай спадарожнічаюць моцнае здароўе, удача, бадзёры настрой! Дабрабыту кожнай сям’і!
На здымках:  бухгалтарская служба; навасёлы Міхальчэня і Рожка; Дзмітрый Анішчык і Віталій Шумігай; Франц Клімовіч; Аляксей Македон і Сяргей Дожын; Таццяна Ядчанка; Жанна Міндо; Наталля Гаўрылік.

Ніна Наддэ



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *