Сваё поле Людмілы Арцюхевіч

Лента новостей

IMG_0030 1Цёплае прыемнае ўражанне склалася ў мяне ад гутаркі з гэтай простай абаяльнай жанчынай, жыхаркай аграгарадка Малая Бераставіца. Ужо чацвёрты год пасля смерці мужа, Канстанціна Арцюхевіча, Людміла Уладзіміраўна працягвае яго справу, яна кіраўнік сялянска- фермерскай гаспадаркі “Канстанта”.
…Маладая прыгожая настаўніца беларускай мовы і літаратуры выйшла замуж за вадзіцеля з мясцовай гаспадаркі, працавітага, добрага і сціплага хлопца. З такім чалавекам сапраўды можна было адчуваць сябе “за мужам”, радавацца моцнаму мужчынскаму плячу і мець надзейны тыл. Сям’я была дружная, такая, аб якой многія мараць. Разам пераадольвалі цяжкасці, стваралі сваё гняздо, цешыліся першым дзіцячым усмешкам, гадавалі дачку і сына.
А пра фермерства ўпершыню задумаліся ў 1995 годзе, калі з’явілася такая магчымасць. Людзі быццам адчулі ў сабе спрадвечную сялянскую прагу да зямлі — карміцелькі. Для нашых прашчураў мець уласны яе кавалак часта было марай. Спачатку Арцюхевічы ўзялі 50 гектараў зямлі, якія зараз “разрасліся” да 204. Той вясной пасеялі яравыя збожжавыя.
— Любові да зямлі навучыў мяне Косця, — расказвае Людміла Уладзіміраўна. —Сваё поле – гэта шчасце, ні з чым не параўнальнае. Убачыць першыя зялёныя ўсходы на ім было вялікай радасцю.
Пачыналі з адным трактарам і машынай, а зараз у фермерскай гаспадарцы пяць трактароў, два айчынныя камбайны, пагрузчык, тры магутныя грузавікі.
Пасеялі ў той першы вызначальны год не толькі збожжавыя, але і цукровыя буракі. Людміла Уладзіміраўна ўспамінае цяжкія будні ад цямна да цямна:
— Быў такі энтузіязм! А буракі зараслі, трэба было палоць. Мы і сталі іх палоць з мужам удваіх. Цэлы дзень працавалі, не разгінаючыся. І толькі калі ўбачылі, што самі ўсё ж не справімся, нанялі людзей, каб дапамаглі.
Абодвум прыйшлося авалодаць сапраўднай агранамічнай адукацыяй, сакрэтамі і шматлікімі тонкасцямі земляробства. Крок за крокам глебу акультурвалі, каб павышалася яе ўрадлівасць.
— Калі муж памёр, для мяне гэта было вялікім ўдарам, — расказвае жанчына. — Я потым нават на помніку напісала: “Апусцела без цябе зямля”. Але гараваць не было калі. Фермерская гаспадарка чакала, работу адкладваць было нельга. У нас жа акрамя зямлі, яшчэ і жывёла. За ўсё прыйшлося брацца самой, хаця спачатку і не верыла, што спраўлюся…
Настаўніца любіла свой прадмет і дзяцей, працаваць у школе ёй падабалася, але прыйшлося-такі выбіраць нешта адно. Яна не змагла адмовіцца ад фермерства, адчувала свой абавязак перад зямлёй і справай мужа. Мяркую, тое, што яна яе працягвае – найлепшы яму помнік…
Я шчыра спачуваю жанчыне. Хаця прайшоў ужо час, страта яе не стала меншай, і мы разам шкадуем такога рэдкага, дастойнага, добрага чалавека.
Зараз у Людмілы Арцюхевіч свая моцная каманда аднадумцаў. Гэта 13 чалавек, з якіх 5 механізатараў, вадзіцель, падсобныя рабочыя.
— Трохі я зараз раблю і па — свойму, не так, як Косця, — усміхаецца мая субяседніца. – Я, як жанчына, сачу, каб больш было парадку, ў сезон каб абочыны былі абкошаныя, каб было прыгожа.
Разам з такім тузінам клопатаў, а гэта яшчэ кожны год аптымальныя тэрміны палявых работ, падкормка і догляд пасеваў, уборка, выкананне дзяржзаказу, усё тое, што патрабуе своечасовай пільнай ўвагі і гаспадарчага вока фермера, ужо не заўсёды знаходзіцца столькі часу, як раней, у жанчыны на сваю сядзібу. З жартам яна ўспамінае, як летам суседка аднойчы пацікавілся:
— Люда, у цябе памідоры ёсць?
А гаспадыня іх і не бачыла, з таго часу, як пасадзіла…
Ці ёсць у яе маральнае задавальненне ад таго, што зроблена? Вядома. Удалым для фермерскай гаспадаркі, нягледзячы на познюю вясну і капрызы надвор’я, стаў гэты год. Парадаваў рапс. Яго сабралі па 30 цэнтнераў з гектара, цукровых буракоў – звыш 400 цэнтнераў з гектара, збожжавых – 42 цэнтнеры з гектара пасля дапрацоўкі. Выкананы дзяржзаказ.
— Нам з мужам удалося ўдыхнуць жыццё ў сваю задумку, — працягвае нашу размову Людміла Уладзіміраўна. – Тое, што задуманае ўдалося рэалізаваць, вялікая справа. Моцную падтрымку адчуваю ад нашых працаўнікоў. Я ім вельмі ўдзячна. Пасля працоўных будняў і святы ў нас адметныя, душэўныя, нават Дажынкі свае спраўлялі. У мяне растуць дзве унучкі Віталіна і Злата, і ўнук, якога мы назвалі Косцем ў гонар дзеда. Ёсць каму перадаць сваю справу…
А ў вольную хвілінку, якая бывае зараз так нячаста, цягнецца рука гэтай шчырай беларускі да кніг нашых выдатных класікаў – Івана Мележа, Васіля Быкава…
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *