Са святам Нараджэння Хрыстова!

Лента новостей Тема недели

Дарагія ў Хрысце браты і сёстры,  чытачы «Бераставіцкай газеты»!

Вось і  адышоў у гісторыю чарговы год нашага жыцця. Год 2020-ы. Нам вельмі хацелася б, каб разам з ім адышлі і больш не вярталіся тыя цяжкасці і праблемы, якія ён нам прынёс. Мы молім аб гэтым Бога і спадзяёмся, што Ён нас не пакіне. Таму з вялікай надзеяй сустракаем свята Яго нараджэння — нараджэння Слова, якое «…сталася целам і пасялілася між намі». Менавіта такі адказ дае Бог чалавеку, які церпіць: «…вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» .

І сярод цемры вечнага змроку Неба абвяшчае нам вялікую радасць! Радасць ад таго, што нарадзіўся доўгачаканы Збавіцель. Нарадзіўся Той, хто з’яўляецца «Дарогай, Праўдай і Жыццём». Хто нясе справядлівасць, любоў і прабачэнне. Той, хто пазней скажа пра сябе: «Я — святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця».             

Таму нябесныя хоры анёлаў заклікаюць пастушкоў, людзей простых і з адкрытым сэрцам, каб прыйсці і пакланіцца Добраму Пастыру людскіх душаў. Няхай жа і мы не застанёмся ўбаку ад Падзеі, якую Бог падрыхтаваў для нас, каб распаліць нашае сэрца агнём сваёй Любові.

Каб мы сталі больш адкрытыя і ўважлівыя адзін да аднаго, каб самі навучыліся любіць і цаніць тое, што маем у сваім жыцці, і,  найперш, само жыццё, як дар бязмежнай Божай мудрасці.

Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго! І няхай гэтае Божае Немаўля стане для кожнага з нас крыніцай надзеі, святла і супакою. А Яго бласлаўленне спадарожнічае нам і нашай роднай Беларусі праз увесь 2021 год.

Cа святам!

Святары Бераставіцкай акругі

Фота з сайта https://riafan.ru



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *