Рэспубліканскі семінар прайшоў на базе Бераставіцкага і Гродзенскага раёнаў

Лента новостей

Для правядзення рэспублікан­скага семінара — вучобы па выка­нанні тэхналагічных патраба­ванняў па арганізацыі вырошчвання рамонтнага маладняку буйной рагатай жывёлы Гродзенская вобласць, а таксама Гродзенскі і Бераставіцкі раёны былі выбраны невыпадкова. Менавіта сюды былі запрошаны спецыялісты з іншых месцаў рэспублікі, каб убачыць сваімі вачамі, як вядзецца вытворчасць па новых тэхналогіях, пераняць перадавы вопыт і нешта цікавае для сябе. Пасля мерапрыемства на Гродзеншчыне будуць праве-дзены вучобы ў абласцях, мэтай якіх ставіцца давядзенне важнай інфармацыі да вытворцаў. У рабоце семінара прынялі ўдзел намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Васіль Казакевіч, менеджар фірмы “Шауман” Ян Роусек, прадстаўнікі Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі імя Вышалескага, дзяржаўнай установы “Цэнтр інфармацыйных сістэм у жывёлагадоўлі”, лабараторыі кармлення і фізіялогіі харчавання буйной рагатай жывёлы РУП “НПЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі” і іншыя.
З кароткай інфармацыяй аб асноўных напрамках работы, накі­раваных на далейшае павышэнне эфектыўнасці жывёлагадоўчай галіны ў раёне высту­піў старшыня Бераставіцкага райвыканкама Антон Кулісевіч.

Стаўка на перадавыя тэхналогіі, увядзенне ў эксплуатацыю новых малочнатаварных комплексаў дазволіць умацаваць дабрабыт гаспадарак, ісці ў нагу з часам. Што канкрэтна зроблена на Бераставіччыне, можна было паглядзець на прыкладзе вядомага на ўсю рэспубліку СВК імя Варанецкага. На малочнатаварным комплексе “Рымуцеўцы” добрыя вынікі дае сучасная тэхналогія вырошчвання рамонтнага маладняку ў малочны перыяд. Схема кармлення жывёлы накіравана на атрыманне тэхналагічных сярэднясутачных прываг і высокую захаванасць. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Вікенцій Адамчук расказаў пра замкнуты цыкл ад нараджэння цяляці да ўводу каровы ў дойны статак. Тут клапоцяцца пра імунную сістэму нованароджаных. Ёсць пастаянны “банк малодзіва”. У першыя суткі пасля нараджэння цяля павінна атрымаць 10 % ад уласнай вагі малодзіва. Адзначыць за добрую работу ў начны час можна даглядчыкаў Ядвігу Барташэвіч і Наталлю Іядкоўскую. На пяты дзень пасля дачы малодзіва да канца выпайкі цялятам даецца сквашанае мурашынай кіслатой малако. Гэта ўмацоўвае іх здароўе. Аператар па догляду за цялятамі ўзростам 1 – 4 месяцы Святлана Эйсмант добра выконвае свае абавязкі. Кармленне жывёлы далей вядзецца згодна з тэхналагічнымі нормамі. А штучнае асемяненне рамонтных цялушак праводзіцца ва ўзросце 14 – 15 месяцаў і з жывой масай іх не менш за 380 кг. За захаваннем тэхналогій сочаць начальнік комплексу Іна Абуховіч, заатэхнік-селекцыянер Дзмітрый Кузьміцкі, тэхнік — асемянатар Андрэй Маціеўскі і іншыя. Дзякуючы добрасумленнай рабоце працаўнікоў гаспадаркі, ветэрынарнай службы, за першае паўгоддзе сярэднясутачны надой тут склаў 22,4 кг малака ад каровы (плюс 200 г у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года), на малочнатаварным комплексе “Рымуцеўцы” – 25,1 кг (плюс 1 кг). У СВК імя Варанецкага ў кароў у сярэднім па тры з паловай лактацыі, што на адну больш, чым прыкладна па рэспубліцы. Гаспадарка набліжаецца да суадносін адзін да аднаго сенажу і сіласу ў кармленні, што ўмацуе здароўе жывёлы.
Працягваўся семінар у СВК “Свіслач” Гродзенскага раёна. Пра тэхналогію інтэнсіўнага вырошчвання рамонтнага маладняку расказаў старшыня СВК Васіль Густыр і яго намеснік Анатоль Барысевіч. Наш раён і Гродзенскі – своеасаблівыя сапернікі за высокія паказчыкі ў рэспубліканскім спаборніцтве, і абодва паказваюць сябе з самага лепшага боку, умацоўваючы аўтарытэт Гродзеншчыны. Справай гонару, акрамя высокіх надояў, тут лічаць наблізіцца да чатырох лактацый кароў.
Вынікі рэспубліканскага мерапрыемства падвёў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Казакевіч. Ён зрабіў акцэнт на ўкараненні перадавога вопыту і вырошчванні здаровага маладняку, павелічэнні колькасці лактацый кароў. Цікавым было выступленне менеджара фірмы “Шауман” Яна Роусека, які расказаў пра сусветны вопыт, у прыватнасці, у Чэхіі. У Еўропе прыняты высокія стандарты, і ў нас ёсць магчымасці наблізіцца да іх, працаваць эфектыўна, у чым дапамогуць сучасныя веды.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Теги:

1 комментарий по теме “Рэспубліканскі семінар прайшоў на базе Бераставіцкага і Гродзенскага раёнаў

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *