РУСП «МАСАЛЯНЫ»: пра карані, сучаснасць і здабыткі

Лента новостей

Не так часта даводзіцца бываць у Масалянах, але кожны раз з нейкім асаблівым пачуццём набліжаешся да канторы цяперашняга сельскагаспадарчага прадпрыемства. Гісторыя тут на кожным кроку. Стары парк, сам будынак канторы, які часткова захаваўся з пачатку яшчэ мінулага стагоддзя, і нават дуб побач, з левага боку ад былой панскай сядзібы, які нядаўна давялося ўбачыць з больш пышнай кронай на фотаздымку 1939 года, настойліва нагадваюць пра дзень учарашні, такі далёкі, а з другога боку — вельмі блізкі. У такім асаблівым месцы нават гэты здымак мне пашанцавала зрабіць у стылі “рэтра”. Прыехалі на жывёлагадоўчы комплекс, размаўляем з брыгадзірам Вольгай Гурчанка, з даглядчыкамі. Раптам у полі зроку з’явілася жанчына з канём, якая набліжалася ў наш бок. — Гэта таксама адна з нашых,-заўважыўшы маю зацікаўленасць, сказаў хтосьці з жанчын. Камеру я трымаў у руках. “Чым не ўпрыгожанне на святочную старонку газеты, прысвечаную працаўнікам гаспадаркі?” – неяк маланкава прамільгнула ў галаве. Вось так з’явіўся здымак Зоі Садаўнічай, якая занята на дарошчванні цялушак. І хоць коней “класічных” сёння амаль поўнасцю замянілі іх “стальныя” браты, і менавіта яны з’яўляюцца адным з сімвалаў сучаснай сельскай гаспадаркі, усё ж і коні сям-там надзейна працягваюць служыць людзям. А на фермах добры конь – гэта проста знаходка. Не прайшло яшчэ і паўгода, як РУСП “Масаляны” узначаліў новы кіраўнік – Алег Восіпавіч Антушэвіч. Сваю працоўную дзейнасць ён пачынаў дзесяць гадоў таму побач, у суседнім CВК імя Варанецкага. Быў садаводам, аграхімікам, а з 2003 года займаў адказную пасаду галоўнага агранома. Нарадзіўся у горадзе, у Гродне, але свой лёс звязаў менавіта з нашай зямлёй, бо тут засталіся яго карані. Тут нарадзіўся яго бацька, тут жылі яго бабуля і дзядуля. І вось у разгары гэтага лета – чарговая вяха ў жыцці. Хаця ў плане адлегласці пераезд з аднаго месца працы на другое быў зусім кароткім, аднак “міжпасадная дыстанцыя” павялічылася значна. Цяпер ужо не толькі праблемы раслінаводства хвалявалі маладога кіраўніка. Кола яго клопатаў павялічылася ў разы. — Каб гаспадарка эфектыўна развівалася,- гаворыць Алег Восіпавіч,- неабходна пастаянная мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы. – А для гэтага, як вядома, патрэбны грошы. Аднак іх, якраз, найчасцей і не хапае, Вырашыць праблему дапамагаюць крэдыты, але,,, цяпер да 40 працэнтаў заробленых грошай прыходзіцца накіроўваць на іх пагашэнне. Тым не менш гаспадарка паступова развіваецца. У гэтым годзе у лізінг узялі энерганасычаны трактар МТЗ-3022 з прычапнымі агрэгатамі, кормаўборачны камбайн “Палессе”, дзякуючы якому нарыхтавалі ўвесь сілас. Набылі таксама прэс-падборшчык з абмотчыкам для нарыхтоўкі сена па новай тэхналогіі. Вельмі актуальнай яшчэ застаецца праблема замены зернесушылкі, бо тая, што ёсць у гаспадарцы, і маральна, і фізічна састарэла – ёй ужо больш за 40 гадоў. Мадэрнізуецца і вытворчая база. У снежні мінулага года быў здадзены ў эксплуатацыю сучасны жывёлагадоўчы комплекс на 800 дойных кароў. А сёлета на новае месца жыхарства “пераедуць” цялушкі. Для іх збудаваны новы прафілакторый, і цяпер увесь маладняк буйной рагатай жывёлы будзе размешчаны пад адным дахам. Дзякуючы канцэнтрацыі жывёлы ў адным месцы, разлічваюць паменшыць энергазатраты. Больш зручнасцей будзе і ў арганізацыі самога вытворчага працэсу. Да цяперашняга часу цялушкі знаходзіліся ў трох розных будынках. І, нарэшце, яшчэ адзін немалаважны фактар высокапрадукцыйнай дзейнасці любога калектыву – стварэнне спрыяльных сацыяльна-бытавых умоў для яго працаўнікоў. На гэту дэталь тут таксама звяртаюць увагу. Прыгожыя сучасныя вуліцы ў Масалянах папоўніліся ў кастрычніку яшчэ 6 новымі дамамі з 10 кватэрамі. У большасць з іх перасяліліся ўжо сем’і працаўнікоў гаспадаркі.

Юрый Калюта і Віктар Карпук ужо ўнеслі свой важкі ўклад у будучы ўраджай. На новым трактары МТЗ-3022 яны аралі поле пад веснавую сяўбу. Працуючы ў дзве змены, днём і ноччу, за суткі падымалі пласт на 40-45 гектарах. А ўсяго ў гаспадарцы ўзарана пад зябліва каля 700 гектараў зямлі.
Маргарыта Салыга і Таццяна Пячко надойваюць на малочнатаварным комплексе ў Масалянах да 6 тон малака за змену. Чалавека, якому не часта даводзілася бываць на жывёлагадоўчых фермах, не могуць не ўразіць чысціня і парадак, якія пануюць тут. А крыху запацеўшы аб’ектыў фотакамеры мне прапанавалі працерці адных з папяровых ручнікоў, якія вісяць тут на відным месцы, каб заўсёды быць пад рукамі.
Мікалай Іванавіч Сыс, галоўны эканаміст РУСП “Масаляны”: –Рэнтабельнасць гаспадаркі склала за 9 месяцаў 19,4%, што амаль на 3% перавышае мінулагодні ўзровень. Найбольшы прыбытак атрыманы ў жывёлагадоўчай галіне. Валавы надой за 10 месяцаў склаў 5110 тон, або на 645 тон больш, чым у мінулым годзе. Ад кожнай каровы за гэты перыяд надоена ў сярэднім па 6420 кг малака, што таксама значна перавышае мінулагодні паказчык. Добрых вынікаў дабіліся жывёлаводы і ў мясным цэху. Вытворчасць мяса за 10 месяцаў перавысіла 410 т, амаль на 7 т больш за мінулагодні ўзровень. Валавая прывага буйной рагатай жывёлы склала больш за 390 тон, а сярэднясутачная прывага кожнай галавы – 753 г, у тым ліку на адкорме – 1010 г. Дзяржаве за гэты перыяд рэалізавана больш за 350 тон мяса. Для патрэб жывёлагадоўлі нарыхтавана 8800 тон сенажу і больш за 10 з паловай тысяч тон сіласу. На кожную ўмоўную галаву жывёлы назапашана па 27,4 цэнтнеры кармавых адзінак. Ураджайнасць кукурузы на зялёную масу склала 425 ц/га, а на зерне – 101. Нядрэнна ўрадзілі на гэты год цукровыя буракі. Іх у сярэднім атрымалі па 543 ц/га. Ураджайнасць бульбы перавысіла 310 цэнтнераў.
Задаволены вынікамі чарговага ўзважвання цялушак даглядчыкі жывёлы Ніна Кіку і Віталій Мазырка, брыгадзір Вольга Гурчанка, яе памочнік Аксана Кандратовіч.
Не было, мабыць, такіх грузаў у гаспадарцы, якія б не перавозіў Мікалай Ясюля. Гэта і сянаж, і сілас, і збожжа, і буракі і многае іншае. А для таго, каб МАЗ надзейна і далей служыў, прыходзіцца часамі і пра яго паклапаціцца. Асабліва цяпер, калі напружанасць работ на палях адышла на задні план.
У тым, што гаспадарка добра забяспечана на зімовы перыяд вітаміннымі кармамі, немалая заслуга і Андрэя Спогара. Яго рабочы дзень у летні перыяд пачынаўся з 6 гадзін раніцы. Спачатку на сваім “Палессі” ён касіў зялёную масу для ферм, а потым працаваў на перспектыву – нарыхтоўваў сянаж з шматгадовых траў, люцэрны, канюшыны.
У Юрыя Шляхтуна таксама вельмі адказная місія ў гаспадарцы. З ранняй вясны да позняй восені ён ажыццяўляе догляд за пасевамі. Яго 24-мятровы апырсквальнік не “шкадуе” ні пустазелля, ні шкодных насякомых. А для апрацоўкі меншых палеткаў ён мае, адпаведна, і меншы апырсквальнік. Цяпер іх дбайны механізатар паставіў па ўсіх правілах на захаванне.

Падрыхтаваў Сяргей Хілюта



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *