Раённы турыстычны злёт: тры дні спаборніцтваў і рамантыкі

Актуально Общество

Стаўшы ўжо традыцыйным раённы маладзёжны турыстычны злёт у чарговы раз сабраў сваіх прыхільнікаў у лясным масіве аг.Пагранічны.
28-30 чэрвеня, на тры дні пакінуўшы свае працоўныя кабінеты і камфортныя хатнія ўмовы, маладыя людзі з прадпрыемстваў і арганізацый раёна акунуліся ў жыццё сапраўдных турыстаў. Ночы ў палатцы, ежа, прыгатаваная на кастры, і цэлы шэраг спартыўных выпрабаванняў, якія чакалі на працягу ўсіх дзён турзлёту, – гэта сапраўдная рамантыка для моцных духам і целам.
А такіх маладых людзей, як аказалася, на Бераставіччыне нямала. Сёлета ўдзел у турыстычным злёце прынялі 12 каманд: іх прадставілі практычна ўсе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы (за выключэннем АФ “Стары Дворац”), ААТ “Бераставіцкая ПМК-141”, ЦРБ, аддзел адукацыі райвыканкама і Бераставіцкі РЭС.
Надвор’е, якое перад гэтым палохала турыстаў дажджамі і прахалодай, стабілізавалася і падарыла на час мерапрыемства цёплыя і сонечныя дні.
Першы дзень турзлёту каманды распачалі спаборніцтвамі па валейболе, перацягванню каната, гульнёй “Гарады”, вечарам іх чакаў яшчэ конкурс “Быт турыста” з прадстаўленнем жартоўнага турыстычнага меню.
Першае месца ў найбольш відовішчных спаборніцтвах па перацягванні каната заняла каманда СВК “Малабераставіцкі элітгас”, другое – СВК “Цецяроўка”, трэцяе – РУСП “Масаляны”.
У спаборніцтвах па валейболе лепшымі сталі каманды СВК “Малабераставіцкі элітгас”, СВК імя Варанецкага і СВК “Цецяроўка”.
У гульні “Гарады” перамогу атрымала каманда СВК “Малабераставіцкі элітгас”, другое месца заняла каманда СПП “АграМір”, трэцяе – каманда СВК ”Пархімаўцы”.
Другі дзень турыстычнага злёту быў яшчэ больш насычаным і цікавым. Каманды чакалі спаборніцтвы па падняццю гіры, падцягванню, дартсу, распілоўцы бервяна, турыстычная паласа перашкод і конкурс турыстычнай песні.
Першае месца ў падняцці гіры заняў Віталій Піваварчык з СВК імя Варанецкага, другім стаў Мікалай Кармазын з СВК “Пархімаўцы”, трэцім – Анатолій Пашкевіч з СВК “Малабераставіцкі элітгас”.
У падцягванні мацнейшымі аказаліся Уладзімір Габрусевіч (аддзел адукацыі райвыканкама), Яўгеній Цюшкевіч (СВК “Пархімаўцы”) і Мікалай Болзан (РУСП “Масаляны”). Спаборніцтвы па дартсу выявілі самых меткіх турыстаў. Сярод жанчын імі сталі Крысціна Цан (СВК “Малабераставіцкі элітгас”), Вольга Пабядзінская (ААТ “Бераставіцкая ПМК-141”) і Анжаліка Барцэвіч (СВК “Макараўцы”). Сярод мужчын у гэтым конкурсе перамогу атрымалі Сяргей Рэйшаль (СВК “Малабераставіцкі элітгас”), Дзмітрый Данільчык (РУСП “Масаляны”) і Валянцін Жывель  (СВК “Цецяроўка”) .
Многа выпрабаванняў чакала каманды і на турыстычнай паласе перашкод. Найлепш з імі справіліся прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама, Бераставіцкай ЦРБ і СВК “Пархімаўцы”.
У спаборніцтвах па распілоўцы бервяна першае месца заняла каманда СВК “Малабераставіцкі элітгас”, другое – СВК “Пархімаўцы”, трэцяе – СВП “АграМір”.
Найбольш ярка выканалі турыстычную песню каманды РУСП “Масаляны”, аддзела адукацыі райвыканкама і СВК “Цецяроўка”.
Трэці дзень турзлёту закончыўся спаборніцтвамі па армрэслінгу, у якіх перамогу атрымалі Андрэй Каржанеўскі (СВК “Цецяроўка”), Юрый Труш (аддзел адукацыі райвыканкама) і Аляксандр Садаўнічы (СВК “Малабераставіцкі элітгас”), і конкурсам сценгазет. Лепшыя сценгазеты прадставілі каманды аддзела адукацыі райвыканкама, СВК “Цецяроўка”, ААТ “Бераставіцкая ПМК -141”.
У конкурсе “Быт турыста” перамогу атрымалі каманды СВК “Алекшыцы”, СВК “Макараўцы” і СВК “Цецяроўка”.
Па выніках усяго турыстычнага злёту пераможцам стала каманда СВК “Малабераставіцкі элітгас”, другое месца – у каманды СВК “Цецяроўка”, трэцяе месца занялі прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама.
Пераможцы і прызёры турыстычнага злёту, а таксама асобных відаў спаборніцтваў атрымалі граматы РК ГА “БРСМ” і падарункі аддзела па справах моладзі райвыканкама. Каманда СВК “Малабераставіцкі элітгас” прадставіць наш раён на абласным турыстычным злёце.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *