Работа з народнымі майстрамі: сёння гэта важна


Пасяджэнне на гэты раз было выязным. Удзельнікі школы-вучобы сабраліся ў Малабераставіцкім ЦДК, дзе наладжана цесная сувязь з народнымі майстрамі.
Метадыст па фальклору  і  этнаграфіі М.П.Юшкевіч пазнаёміла прысутных з той работай, якая праводзіцца раённым метадычным цэнтрам народнай творчасці, установамі культуры раёна, Бераставіцкім Домам рамёстваў па падтрымцы народных  умельцаў. Гэты напрамак работы—адзін з важнейшых на сённяшні дзень, таму што захаванню і развіццю традыцыйнай нацыянальнай культуры цяпер надаецца значная ўвага, падмацаваная адпаведнымі дзяржаўнымі нарматыўнымі актамі.
У РМЦ створаны так званы “банк дадзеных” народных майстроў і, увогуле, мясцовых асаблівасцяў традыцыйнай культуры. Ёсць карта раёна, з пазначанымі на ёй месцамі бытавання тых ці іншых рамёстваў, фальклорных адметнасцяў. Існуе картатэка асноўных звестак аб народных промыслах нашага рэгіёна і іх найбольш яркіх прадстаўніках. Аналіз работы клубных устаноў з народнымі майстрамі паказвае, што іх у раёне налічваецца каля 70-ці. Найбольш развіта ў нас падвойнае ткацтва, вышыўка, вязанне кручком і г.д. Этнаграфічныя  “куточкі” і выставы вырабаў народных майстроў пастаянна дзейнічаюць у Пархімаўскім Доме культуры і вольнага часу, Старадварэцкім, Алекшыцкім, Вялікаэйсмантаўскім, Канюхоўскім цэнтральных Дамах культуры і іншых.
Увогуле, у раёне штогод рыхтуюцца звыш 50-ці выстаў народных умельцаў. Вырабы нашых майстрых—бо ў большасці сваёй гэта жанчыны—выстаўляюцца і на абласным узроўні, і на рэспубліканскім. Гэтаму спрыяюць праводзімыя святы вёсак, фестывалі, масавыя гулянні, вечарыны, клубныя пасяджэнні па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву і шэраг іншых мерапрыемстваў. У многіх клубах працуюць гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Якраз на гэтых занятках і адбываецца перадача ведаў па рамёствах і промыслах падрастаючаму пакаленню.
Са сваімі мясцовымі майстрыхамі дырэктар Малабераставіцкага ЦДК Л.П.Валейка пазнаёміла ўдзельнікаў школы-вучобы ў форме вячорак пад назвай “Вясковыя забавы ў гаспадынькі Любавы”. Кожная з жанчын расказала пра сябе і сваё захапленне. Тут жа, на выставе, былі прадстаўлены і вырабы малабераставіцкіх майстрых.
Падчас сустрэчы ўдзельнікам школы-вучобы была прапанавана таксама гульнёва-забаўляльная праграма, якую можна выкарыстаць пры рабоце з народнымі майстрамі ў якасці адной з форм арганізацыі  іх клубных пасяджэнняў. Вопытам сваёй работы ў гэтым кірунку дзялілася загадчыца Лішкаўскага клуба-музея І.І.Ільінава. Адбыўся таксама майстар-клас па саломапляценню, які правяла дырэктар Бераставіцкага Дома рамёстваў Т.М.Касьян.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *