Некранутая чалавекам прырода заўсёды выклікае нейкае асаблівае пачуццё. А калі ў маляўнічых мясцінах шырока прадстаўлены яшчэ і жывёльны свет, прывабнасць такіх куточкаў узрастае ўдвайне. Гэтыя словы ў поўнай меры можна аднесці да біялагічнага заказніка мясцовага значэння, які раскінуўся на балоце паміж вёскамі Ярмолічы і Грайна. Такі статус балота атрымала ў 2003 годзе дзякуючы намаганням грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Ранняй вясной, у час пералёту птушак, тут асабліва ажыўлена. Чароды гусей, лебедзяў, чапляў спыняюцца ў гэтых мясцінах для адпачынку. Сёлета пералёт птушак пачаўся крыху раней звычайнага. Ужо на мінулым тыдні тут можна было ўбачыць некалькі дзясяткаў белых чапляў. Птушкі гэтыя вельмі асцярожныя, і сфатаграфаваць іх удавалася толькі са значнай адлегласці. Белая чапля – рэдкая птушка, якая доўгі час лічылася залётным відам на тэрыторыі Беларусі. І толькі ў канцы мінулага веку яна пачала гнездавацца ў паўднёвых раёнах краіны, а ў апошнія гады ўчасціліся яе залёты на ўсёй тэрыторыі рэспублікі, да самых паўночных раёнаў Віцебскай вобласці. Сто гадоў таму белых чапляў было вельмі мала ў Беларусі. Іх знішчалі, паколькі прыгожыя белыя перыны шырока выкарыстоўваліся для ўпрыгожання жаночых капелюшоў. Сёння колькасць гэтай птушкі павялічваецца, але ўсё ж белая чапля занесена ў Чырвоную кнігу.
А яшчэ гэта балота прадстаўляе вялікую зацікаўленасць для арнітолагаў таму, што яно з’яўляецца адным з пяці найважнейшых месцаў гнездавання вяртлявай чаротаўкі ў Беларусі. Па падліках навукоўцаў, тут спяваюць не менш за 70-80 самцоў гэтага глабальна знікаючага віду. Акрамя яе тут гняздуюцца і прыпыняюцца падчас міграцый яшчэ дзясяткі відаў розных птушак.
Цеснае супрацоўніцтва наладжана паміж грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Канюхоўскай яслямі-садам – сярэдняй школай. Мясцовыя школьнікі – таксама нярэдкія наведвальнікі біялагічнага заказніка.
— Дзякуючы арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, — гаворыць Марына Бурая, настаўніца біялогіі, кіраўнік факультатыва “Зялёная школа”, — мы атрымліваем дадатковыя веды, літаратуру. У прыватнасці, атрымалі прыгожую кніжку “Птушкі Еўропы”, якую выкарыстоўваем для таго, каб вызначыць птушак. Таксама нам падарылі даведнікі па земнаводных, даведнікі ўвогуле па расліннаму і жывёльнаму свету Беларусі. Нашы вучні выконваюць заданні па даручэнні арнітолагаў, удзельнічалі ў акцыі падліку буслоў. Перад Новым годам у школе была арганізавана цікавая фотавыстава, прысвечаная Году зязюлі, якім лічыўся 2014 год. Дзякуючы ўдзелу ў праекце “Зялёная школа”, мы атрымалі таксама падзорную трубу, два біноклі, лупу, якія выкарыстоўваем і пры правядзенні доследаў, і на экскурсіях, і на ўроках біялогіі і геаграфіі.
— Галоўнае, — гаворыць на заканчэнне Марына Раманаўна, — што дзеці вывучаюць свой родны край, прыроду, што яны разумеюць, як важна захоўваць гэту прыгажосць для будучых пакаленняў.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара