Працуюць у вытворчым цэху “Бераставіца” ААТ “Малочны Мір”

Лента новостей

IMG_0032“Свеціць нам сонейка – значыць, жывем!”– так проста і адначасова ёміста выказала сваё жыццёвае крэда ветэран працы і рабочая вытворчага цэха “Бераставіца” ААТ “Малочны Мір” Марыя Якімовіч. У сённяшнім напружаным рытме мы часта не звяртаем увагі на простыя радасці, якія прыносіць нам кожны звычайны дзень. Я слухаю нетаропкую гутарку маёй субяседніцы на роднай мове і літаральна адчуваю асалоду ад яе адметнага светаўспрымання і цікавай жыццёвай гісторыі. Яна павучальная ўжо таму, што прасякнута аптымізмам, а гэта бывае не так ужо і часта.

Сустракаючыся з людзьмі па доўгу сваёй прафесіі, мне даводзіцца выслухваць шчырыя аповеды пра жыццё, і бываюць яны самыя розныя, часам з процілеглымі меркаваннямі і сцвярджэннямі. У кожнага чалавека свае праблемы і турботы. Людзі спраўляюцца з імі, пераадольваюць цяжкасці, і небеспаспяхова. Але ўменне ад душы радавацца жыццю ёсць не ва ўсіх.
Бываючы ў вытворчым цэ­ху “Бераставіца”, мне часта пры­ходзілася звяртаць увагу, якое чыстае і адпрасаванае ў людзей спецадзенне, якія яны ўсе ахайныя, што безумоўна, стварае бадзёры настрой. А клапоціцца пра гэта Марыя Якімовіч са сваёй напарніцай. У пральную машыну вытворчага тыпу загружаюць адразу па 7 кілаграмаў вопраткі, затым пасля сушкі яе прасуюць, а калі трэба, дык нават і зашываюць. Ёсць тут і швейная машына.
А пазнаёміў мяне з такой добрай работніцай і цікавым чалавекам начальнік цэха Анатоль Сідлярэвіч. Ён і расказаў, што дачка гэтай жанчыны таксама працуе ў вытворчым цэху, паказвае сябе з самага лепшага боку, а значыць, у іх ужо склалася працоўная дынастыя. Тое, што бацькі і дзеці імкнуцца быць побач, сведчыць пра належныя ўмовы працы тут і павагу да людзей. Добрыя адносіны да працаўнікоў значаць для многіх нават больш, чым матэрыяльны бок. Калі чалавеку камфортна, ён будзе старацца рэалізаваць свой патэнцыял.
А ездзіць Марыя ў райцэнтр на працу з Малой Бераставіцы.
— Муж сказаў, вучыся, я цябе вазіць не буду, — з усмешкай успамінае жанчына. – Спачатку ў нас быў “Масквіч”. Курсы прайшла, трэба было здаваць тэорыю. Усе стаяць, дрыжаць, а я пайшла першая. Навошта доўга хвалявацца? Здала добра. А вось здача ва­джэння аўтамабіля прымусіла мяне засумнявацца ў сваіх здольнасцях. Міліцыя тады ж была не ў такой форме, як зараз. Як глянула я на чырвоную шапку міліцыянера, дык і ехаць баялася. А чалавек трапіўся на дзіва чулы, кажа: “А Вы на мяне не глядзіце.” І ваджэнне добра здала. Колькі радасці было!
“Жалезны конь” яе стаіць тут побач з вытворчым цэхам, па ім і пазнаюць людзі, ці Марыя сёння на змене.
І на працы, і дома жанчына такая ж увішная, старанная, нягледзячы на тое, што ўжо і на заслужаным адпачынку, і працягвае працаваць.
— У мяне ж пяць унукаў! – ахвотна раскрывае яна сваю матывацыю.
— Вось і на Новы год пад ёлачку кожнаму трэба падрыхтаваць падарунак. Гэта ўжо колькі грошай трэба, — працягвае яна. – А прадпрыемства дае даплату да пенсіі. Такога, мусіць, нідзе няма…
— Вы прыйшлі на маслазавод і дачку сюды прывялі. Іншага месца не захацелі сабе больш шукаць? – цікаўлюся далей.
— Не. Алена ўжо 14 гадоў тут працуе. Зараз яна апаратчык пастэрызацыі. Хаця і не заўсёды лёгка бывала нам, здаралася, і хварэлі, але іншага месца нам не трэба.
Жанчына ўсміхаецца. Яна расказвае мне, як і ў яе, і ў мужа былі цяжкія хваробы, так што нават ужо і не ведалі, што іх чакае, але крок за крокам, сілай волі і з гэтым удалося справіцца.
— Трэба радавацца жыццю, кожнаму дню, — гаворыць яна з усмешкай на заканчэнне нашай гутаркі.
А мне ўспамінаецца, як горача дзве гэтыя прывабныя праца­ві­тыя жанчыны абняліся, калі фата­графаваліся.
Сапраўдная дынастыя, і на працы, і ў жыцці. Добрага ім здароўя, шчасця ў дзецях – нашым дарагім працягу.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *