Прафесія па прызванні

Лента новостей Человек и его дело

… Хто са школьнікаў раёна не чуў пра турысцка-краязнаўчы лагер “Мерыдыян”, які не першы год існуе ў Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе? А ў мясцовых вучняў ён настолькі папулярны, што сярод жадаючых павандраваць з “Мерыдыянам” ствараецца нават конкурс. І не дзіўна: у паходы па роднай Бераставіччыне са школьнікамі ходзяць сапраўдныя аматары краязнаўчай справы і турызму: настаўнік геаграфіі Леанід Раманавіч Калеснік і настаўнік фізкультуры Уладзімір Анатольевіч Габрусевіч (на здымку). Хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца ў іх многаму: пераадольваць на маршруце паласу перашкод або пераправу, ставіць палатку, запальваць касцёр…
— А яшчэ – стойка пераносіць усе цяжкасці паходнага жыцця і ўмець радавацца яго вясёлым прыгодам, — кажа ў размове са мной Уладзімір Анатольевіч. – Важна, што ў час паходаў прывіваецца самастойнасць, пачуццё калектывізму.
Фізічна загартаваныя, вынослівыя, лёгкія на пад’ём – такія яны, выхаванцы Габрусевіча, якія “прайшлі праз “Мерыдыян”. А ўвогуле, са спортам усур’ёз сябруюць многія школьнікі. Урокі ж фізкультуры ў Вялікаэйсмантаўскай СШ любяць, бадай, усе з іх.
— І гэта не дзіўна, — лічыць метадыст райметодкабінета Інэса Сайко. – Выкладчык не толькі сам зацікаўлены сваёй справай, а ўмее зацікавіць прадметам і вучняў. Гэта важна, калі настаўнік прафесію выбірае па прызванні, калі ён – прыклад для дзяцей.
— Спортам захапляўся з дзяцінства, — расказвае Уладзімір Анатольевіч. – Я сам з Валотыняў, вучыўся ў Вялікіх Эйсмантах. Фізкультуру ў нас выкладаў Віктар Мікалаевіч Краўчук. І рабіў гэта так, што пасля школы я цвёрда ведаў: няма на свеце лепшай справы, чым гэтая. І вольнай барацьбой займаўся, з трэнерам Іванам Уладзіміравічам Кавалевічам мы аб’ехалі, выступаючы на спаборніцтвах, ледзь не палову былога Саюза. Мае настаўнікі былі асобамі. І я заўсёды стараюся раўняцца на іх, быць цікавым для сваіх вучняў, прыкладам ім.
Уладзімір Анатольевіч скончыў фізкультурны тэхнікум, затым Мінскі інстытут фізічнай культуры. Займаецца многімі відамі спорту. Тры гады запар па лыжных гонках у “Бераставіцкай лыжне” ўпэўнена трымае 1 месца. І ў сёлетнім мнагабор’і “Здароўе” работнікаў аддзела адукацыі – таксама першы, а ў вобласці – трэці. Футбол, валейбол, падцягванне… А на апошняй спартакіядзе сельсаветаў зразумеў, што і гіравы спорт для яго цікавы.
Ну як, скажыце, у такога настаўніка вучні могуць абыякава адносіцца да заняткаў фізкультурай і спортам? На раённай лыжне пастаянна займаюць першае агульнакаманднае месца. Уваходзяць у склад зборнай раёна па спаборніцтвах “Снежны снайпер”, “Абаронца Айчыны”. Сёлета менавіта Вялікаэйсмантаўская школа абараняе ў вобласці гонар нашага раёна ў мнагабор’і “Здароўе”… Арцём Македон, Мікіта Татур, Вадзім Балабуеў, Ілона Мілашэўская, Дар’я Янкоўская, Ілона Габрусевіч… Спартыўных дзяцей, якім настаўнік дапамагае развіць свае прыродныя здольнасці, у школе нямала. Дарэчы, Ілона Габрусевіч – малодшая дачка Уладзіміра Анатольевіча, якая займаецца рознымі відамі спорту, у тым ліку вольнай барацьбой.
Самая, бадай, высокая і ганаровая ўзнагарода для любога настаўніка – калі вучні працягваюць яго справу. І Уладзімір Анатольевіч з задавальненнем расказвае мне, што выпускнікі школы Ганна Іядкоўская і Рэнат Лісоўскі вучацца на аддзяленні фізічнай культуры Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы.
З прафесійным святам Вас, Уладзімір Анатольевіч, а таксама ўсіх настаўнікаў фізкультуры школ раёна.
Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *