Прафесійная арыентацыя вучняў у Старадварэцкім   яслях-садзе-базавай школе

Лента новостей

 Прафарыентацыя – вельмі аб’ёмнае паняцце, якое прадугледжвае шырокі комплекс мер па аказанні дапамогі ў выбары прафесіі. Адной з задач Старадварэцкага ясляў-сада-базавай школы заключаецца ў тым, каб як мага лепш задаволіць запыты дзяцей, каб кожны выпускнік знайшоў сябе ў пэўнай прафесійнай дзейнасці, быў добра падрыхтаваны да самастойнага жыцця.

Педагагічны калектыў нашай установы прыйшоў да высновы, што прафесійная арыентацыя вучняў – адна з важнейшых функцый шко­лы. Як бы дзіця ні вучылася, якім бы значным аб’ёмам прадметных ведаў ні валодала, яму не адысці ад праблемы выбару прафесіі. I тут вялікая роля адводзіцца настаўніку, класнаму кіраўніку, бацькам, якія не толькі абавязаны дапамагчы, але і павінны быць прыкладам адкрытасці, творчасці, адданасці любімай справе.

У нашай школе працуе 18 настаўнікаў. I хіба яны выбіралі сваю прафесію, кіруючыся яе прэстыжнасцю ці матэрыяльнымі інтарэсамі? Безумоўна, не. Для іх школа – гэта лёс, справа па душы. Многія з настаўнікаў не толькі змаглі прывіць дзецям любоў да свайго прадмета, але і прадвызначыць выбар вучнямі будучай прафесіі.

Стварыць неабходныя ўмовы для атрымання вучнямі якасных ведаў, для прафесійнага і жыццёвага самавызначэння выпускнікоў дазваляюць пашырэнне дапрофільнай адукацыі, дыферэнцыяцыя адукацыйнага працэсу, актыўная прафарыентацыя.

Для мэтанакіраванага і сістэматычнага правядзення прафесійнага самавызначэння ў школе праводзяцца  класныя гадзіны па прафесійнай арыентацыі, пачынаючы з 1 класа,  аформлены куток  па прафесійнай арыентацыі. Пастаянна арганізоўваюцца экскуріі на вытворчасць, установы і прадпрыемствы (у 2017/2018 навучальным годзе вучні старэйшых класаў наведалі  Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Гродзенскую каланчу — помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя, працоўныя аб’екты аграфірмы “Стары Дворац”).

Настаўнікі-моваведы праводзяць конкурсы сачыненняў на тэмы «Мая будучая прафесія», «Якой я бачу сваю будучую прафесію» і інш.

Значную работу праводзяць настаўнікі пачатковых класаў і класныя кіраўнікі 5-9 класаў па афармленні альбомаў «Прафесіі маіх бацькоў» з фотаздымкамі на рабочых месцах.

Вялікую падтрымку ў правядзенні прафарыентацыі аказваюць бацькі. На бацькоўскіх сходах пастаянна вядзецца адкрыты дыялог па дадзенай праблеме.

Вучням старэйшых класаў своечасова падаецца інфармацыя аб прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, аб навучальных установах нашай вобласці  і Рэспублікі Беларусь, прапануюцца канкрэтныя рэкамендацыі.

На 2018/2019 навучальны год для навучэнцаў запланаваны экскурсіі ў рэдакцыю “Бераставіцкай газеты”, Бераставіцкі камбінат бытавога абслугоўвання, раённы вузел электрасувязі, МНС і РАУС.

Сёння ў нашым раёне застаецца патрэба ў аграномах, заатэхніках, ветурачах, аператарах машыннага даення, механізатарах, жывёлаводах. Шмат маладых спецыялістаў і рабочых аграфірмы “Стары Дворац” – нашы выпускнікі, якія пасля атрымання сельскагаспадарчай адукацыі вярнуліся працаваць у родную вёску і не пашкадавалі аб сваім выбары. Выпускнік нашай навучальнай установы С.А. Кавальчук працуе дырэктарам аграфірмы “Стары Дворац”, В.С.Емельянчык працуе ў роднай гаспадарцы бухгалтарам-касірам, М.М.Сцепанчук– загадчык цэнтральнага склада, А.П.Мазан, П.П.Мазан, В.В. Выкпіш– трактарысты, а яшчэ шмат  іншых, сярод якіх медыцынскі персанал раённай  бальніцы, работнікі  РЭС, супрацоўнікі МНС, ДПС, спецыялісты аграфірмы – усе яны пастаянныя і жаданыя госці ва ўстанове адукацыі  для сустрэч з цяперашнімі вучнямі, якія мы арганізоўваем рэгулярна.

Такім чынам, нашы выпускнікі і іх бацькі, адміністрацыя і настаўнікі школы, падыходзяць да выбару будучай прафесіі нашых навучэнцаў вельмі прадумана.

А значыць, разам з грамадзянска-патрыятычным і ідэйна-маральным выхаваннем прафарыентацыя выконвае адну з важнейшых функцый школы – выхаванне сапраўднага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, якое магчыма толькі сумеснымі намаганнямі педагагічнага калектыву, вучняў, бацькоў і соцыуму.

Марына Высоцкая, адказная за прафарыентацыйную работу ў Старадварэцкім   яслях-садзе-базавай школе



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *