Прафарыентацыйная работа ў Пархімаўскай базавай школе

Лента новостей

Сельская школа была і ёсць нешта большае, чым проста ўстанова адукацыі. Яна адыгрывае  больш значную ролю ў жыцці вучня, яго сям’і, сельскага грамадства, чым школа ў буйным абласным цэнтры і нават у малым горадзе. У той жа час сельская школа заслугоўвае асаблівай падтрымкі і ўвагі не толькі з боку дзяржавы, але і мясцовых уладаў, мясцовага соцыума. Прыкладам таму можа служыць гісторыя стварэння і існавання Пархімаўскай базавай школы.

13 кастрычніка 1970 года адкрыў дзверы новы будынак школы. Школа была пабудавана ўсяго за 10 месяцаў  на сродкі калгаса імя Горкага. Мабыць, ужо з тых часоў і наладзілася  сувязь школы і базавай гаспадаркі. У той час у школе вучылася 164 вучні, працавала 16 настаўнікаў.  За апошнія 5 гадоў школа змяніла сваё аблічча. Аднак і сёння значны матэрыяльны ўклад уносіць КСУП “Пархімаўцы” ў абнаўленне школы, папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

У школе навучаецца 53 вучні з 38 сямей. З іх 33 (55%) бацькоў працуе ў базавай гаспадарцы. Дзеці з маленства бачаць працу бацькоў, старэйшых братоў і сясцёр, вучацца паважаць і цаніць вынікі іх працы, прымаюць пасільны ўдзел у вядзенні хатняй гаспадаркі. Кіруючыся прымаўкай “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” найбольш актуальным накірункам выхаваўчай работы школы мы бачым  прафесійнае самавызначэнне школьнікаў. У працэсе адукацыйнай дзейнасці праводзім работу па арыентаванні старшакласнікаў на выбар рабочых, сельскагаспадарчых прафесій. Педагагічны калектыў школы бачыць мэтазгоднасць эфектыўнай прафарыентацыйнай работы з вучнямі і іх бацькамі толькі ў супрацоўніцтве школы і  КСУП “Пархімаўцы”.

З мэтай папулярызацыі сельскагаспадарчых прафесій 8 і 9 класы школы прымаюць удзел у праекце “Выпускнікі Бераставіцкага ліцэя- нашы знакамітыя землякі” . У рамках праекта адбываюцца сустрэчы з выпускнікамі ліцэя- перадавікамі гаспадаркі.  

Не застаецца ў баку праўленне гаспадаркі ад адукацыйнага працэсу школы. Стала традыцыйным аказанне матэрыяльнай дапамогі ад гаспадаркі навучэнцам, якія заканчваюць 9 клас, а таксама першакласнікам да 1 верасня. Устаноўлена стыпендыя ад гаспадаркі выпускнікам школы, якія закончылі ІІ ступень агульнай сярэдняй адукацыі на 9-10 балаў.

Кожны год у рамках тыдня прафарыентацыі адбываецца сустрэча старшыні гаспадаркі з выпускнікамі школы. Старшыня знаёміць вучняў 8-9 класаў з прафесіямі, запатрабаванымі ў гаспадарцы. Таксама ён дае інфармацыю аб поўным сацыяльным пакеце гарантый выпускнікам з моманту паступлення іх ва ўстановы прфесійна-тэхнічнага і сярэдняга спецыяльнага навучання, да падтрымкі іх у якасці маладых спецыялістаў, як работнікаў гаспадаркі.  У рамках пазакласнай работы арганізаваны экскурсіі ў мехдвор гаспадаркі, жывёлагадоўчыя фермы, дзе вучні могуць больш даведацца не толькі аб сельскагаспадарчых прафесіях, але і ўмовах працы сваіх бацькоў.

Вынікі сумеснай прафарыентацыйнай дзейнасці можна прасачыць за апошнія 5 гадоў. У сярэднім каля 50% выпускнікоў школы выбіраюць для далейшага навучання прафесійна-тэхнічныя навучальныя ўстановы раёна і вобласці, у большасці — Бераставіцкі сельскагаспадарчы ліцэй. Аднак і тыя выпускнікі, якія атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці не ў Бераставіцкім раёне, таксама вяртаюцца ў нашу гаспадарку. Памятаюць, што “дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”.

Аксана Аўдзітоўская, дырэктар Пархімаўскай базавай школы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *