Прафарыентацыйная работа ў Макараўскім яслях-садзе – сярэдняй школе

Образование Общество

Кожны  малады чалавек  у свой час задумваецца   аб тым, якую прафесію выбраць, як рэалізаваць сябе ў самастойным жыцці. 

Педагагічны калектыў Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы работу па прафесійным самавызначэнні будуе зыходзячы  з арыентацыі сваіх выпускнікоў на неабходныя, запатрабаваныя  ў бліжэйшым вытворчым і сельскагаспадарчым асяроддзі прафесіі.  Вялікую  ўвагу мы надаем  выхаванню ў дзяцей павагі да зямлі і сельскагаспадарчай працы, што садзейнічае замацаванню нашых выпускнікоў на сваёй роднай зямлі.  

Вучні  прымаюць удзел у жыцці свайго раёна, вёскі, дапамагаюць ветэранам працы.  Працоўныя акцыі, аперацыі, дэсанты,  якія арганізуюцца  па ініцыятыве органаў вучнёўскага самакіравання  пад кіраўніцтвам педагогаў,  замацоўваюць ў навучэнцаў  пачуццё  адказнасці за свой край, сваю вёску, школу.

 Ва ўстанове адукацыі   праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі  розных  арганізацый раёна: РАНС, РАУС, Бераставіцкай ЦРБ, Макараўскай амбулаторыі,  пад час якіх  навучэнцы знаёмяцца з рознымі прафесіямі. Асаблівая ўвага надаецца ўзаемадзеянню ўстановы адукацыі з КСУП “Макараўцы”.  Хлопчыкі і дзяўчынкі адпраўляюцца на    экскурсіі на мехдвары, на малочна-таварныя комплексы, зернасклады, магазіны. Праводзяцца сустрэчы з людзьмі розных сельскагаспадарчых прафесій. Частым  госцем ва ўстанове з’яўляецца намеснік дырэктара  па ідэалагічнай рабоце КСУП “Макараўцы”  А.М.Капіца.  Адным з відаў прафарыентацыйнай работы з’яўляюцца экскурсіі на вытворчыя сельскагаспадарчыя аб’екты. Асноўная мэта такіх  экскурсій – даць агульнае ўяўленне аб сучаснай вытворчасці, прывіць павагу да людзей, якія працуюць у сельскай гаспадарцы.

Вось і нядаўна вучні 8 – 10 класаў   пабывалі на малочна-таварным  комплексе  “777 – Канюхі”,  дзе пазнаёміліся з умовамі і спецыфікай працы, асаблівасцямі вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі, даведаліся,  якія спецыялісты працуюць на прадпрыемстве. Ветэрынарны урач  КСУП “Макараўцы” Міхаіл Мікалаевіч Жук паказаў асноўныя памяшканні комплексу, растлумачыў працэс дойкі кароў на сучаснай ферме. А яшчэ ўразіла дзяцей тое, што пры даенні кароў і дыягностыцы стану здароўя жывёл выкарыстоўваецца камп’ютар.   Напэўна, кожны з прысутных пераканаўся ў тым, што працаваць у сельскай гаспадарцы цяжка, але  ганарова, бо карміць хлебам, малаком людзей – годная  прафесія.

Спадзяемся, што нашы выпускнікі  і далей будуць вяртацца ў сваю гаспадарку пасля заканчэння навучальных устаноў. Нездарма кажуць: “Дзе нарадзіўся там і прыгадзіўся”.

Алена Будніцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Макараўскага ясляў-сада – сярэдняй школы  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *