Прайшоў Дзень ведаў. Наперадзе – Дзень беларускага пісьменства

Лента новостей

1 верасня па традыцыі школы расчынілі дзверы для сваіх вучняў. Новы навучальны год пачаў ужо свой адлік…
На традыцыйную лінейку ў Вялікабераставіцкай сярэдняй школе сабралася, як заўсёды, шмат гасцей. У атсмаферы ўрачыстасці ў школе віталі першакласнікаў і будучых выпускнікоў, а таксама маладых спецыялістаў, што прыбылі сюды на работу. Віншуючы школьнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў, начальнік аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама Т.М.Аксаміт сказала:
— Мне прыемна адзначыць, што на працягу шматлікіх гадоў Вялікабераставіцкая школа паказвае высокія вынікі па многіх пазіцыях: алімпіядны рух, спартыўныя спаборніцтвы, творчыя мерапрыемствы, цэнтралізаванае тэсціраванне і ўступная кампанія, ну і, вядома ж, ваша школа — лепшая па добраўпарадкаванні і азеляненні.
Таццяна Міхайлаўна выказала таксама перакананасць у тым, што фінансавыя сродкі на рамонт школы абавязкова знойдуцца. А напрыканцы яна павіншавала ўсіх з нагоды Дня ведаў і пачатку новага навучальнага года і пажадала дасягнуць новых поспехаў.
З віншавальнымі словамі таксама звярнуліся да вучняў дырэктар школы Н.М.Пачобут і старшыня раённага Савета дэпутатў М.В.Пісарык.
У працяг мерапрыемства адзінаццацікласнікі ўручылі сваім будучым пераемнікам — першакласнікам — кнігі “Беларусь — наша Радзіма”. Пасля ўрачыстасці вучні занялі свае месцы за партамі, а для 54 першакласнікаў адбыўся іх першы ў жыцці урок.
У суботу ж і панядзелак (а ў асобных школах і на працягу тыдня) у школах раёна адбудуцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня беларускай пісьменнасці. Так, у Вялікабераставіцкай СШ будзе арганізаваная экскурсія ў школьную бібліятэку “Асветнікі Беларусі”, пройдуць тэматычныя класныя гадзіны пад агульнай назвай “Залатая скрыжаль”, адбудзецца віктарына “Па старонках беларускіх фаліянтаў” і конкурс сачыненняў “Запавет нашчадкам”. У Малабераставіцкай СШ пройдуць літаратурная вечарына “Нам засталася спадчына” і тэматычны выпуск газеты “Школьны калейдаскоп”. У Масалянскім дзіцячым садзе-базавай школе мерапрыемсты з нагоды свята будуць ладзіцца на працягу цэлага Тыдня беларускай мовы і літаратуры.

Нэтбукі — у навучанне

З новага навучальнага года ў Беларусі пачынаецца рэалізацыя масштабнага камп’ютарна-адукацыйнага праекта “Адзін вучань — адзін камп’ютар”. Яго мэта — забяспечыць кожнага школьніка ўласным партатыўным камп’ютарам, у якім будуць захоўвацца ўсе яго падручнікі, сшыткі і іншыя вучэбныя матэрыялы.
Эксперыментальнымі пляцоўкамі стануць гімназіі №7, 20 і 30 г.Мінска, Васілішкаўская СШ Шчучынскага раёна, гімназія №4 г.Смаргоні, вучэбна-педагагічны комплекс “Сыраваткінскі дзіцячы сад-школа” Смаргонскага раёна і Наваполацкая гімназія.
Эксперымент разлічаны на некалькі гадоў. Па яго ўмовах нэтбукі будуць захоўвацца ў школе і дамоў выдавацца не будуць. За кожным навучэнцам будзе замацаваны персанальны нэтбук.
Дарэчы, калі эксперымент пройдзе паспяхова, беларускія прадпрыемствы атрымаюць заказ на выпуск 820 тысяч нэтбукаў для школьнікаў, што стане тут крупнейшым заказам у сферы інфармацыйных тэхналогій.
Вікторыя Дзержановіч



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *