Прадметны тыдзень – стымул для вучобы

Лента новостей Образование

2Прадметны тыдзень як форма метадычнай, вучэбнай і пазакласнай работы ў школе ўяўляе сабой комплекс узаемазвязаных мерапрыемстваў, аб’яднаных агульнай тэмай. Мерапрыемствы прадметнага тыдня пашыраюць звыклыя рамкі вывучэння той ці іншай дысцыпліны, прапануюць разнастайныя формы дзейнасці, спрыяюць асобаснаму развіццю вучняў, а таксама павышаюць іх зацікаўленнасць у вывучэнні вучэбных дысцыплін.
У Пархімаўскай базавай школе ў пачатку лютага прайшоў тыдзень гісторыі, геаграфіі і прадмета «Чалавек і свет», які быў напоўнены разнастайнымі віктарынамі, пазнавальнымі гульнямі і фотавыставамі.
Найбольш цікавым і запамінальным стала падарожжа па стужцы часу «Першыя людзі на Беларусі». У ходзе падарожжа настаўнік Віктар Кашлявік (на здымку) яскрава, эмацыянальна і даступна для навучэнцаў даў першапачатковае ўяўленне пра час, пра першыя пасяленні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пра першых яе жыхароў, іх заняткі, адзенне, ежу, спосабы вынаходніцтва агню. Вучні ў час такога падарожжа змаглі ўявіць сябе на месцы першабытных людзей і паспрабаваць здабыць агонь з дапамогай драўляных палачак, зляпіць посуд з гліны, намаляваць першабытных жывёл, выляпіць старажытную скульптуру або нават збудаваць макет жылля першабытнага чалавека.
Выклікаць цікавасць у вучняў да прадмета геаграфія, развіваць пазнавальную актыўнасць імкнулася настаўніца Жанна Матысік. З задавальненнем удзельнічалі малодшыя школьнікі ў фотавыставе “Падарожжа па роднай краіне”. Кожнаму хацелася паказаць свае фотаздымкі з наведаных вугалкоў Беларусі і даведацца, якія мясціны наведалі іх сябры.
А вось лепшымі знаўцамі прыроды роднага краю па выніках віктарыны “Мая Беларусь” сталі навучэнцы 3 ,4 ,5 і 7- га класаў.
Пазнавальная гульня “Пандора” насіла характар спаборніцтва паміж дзвюма камандамі-зборнымі 5 – 9 класаў, і нагадвала сабой “марскі бой”. Але гэта быў бой інтэлектуальны, на веданне навукі аб Зямлі, яе прыроды і насельніцтва. Пачалася гульня экскурсам у гісторыю развіцця навукі геаграфіі, першымі геаграфічнымі адкрыццямі. А потым разгарэўся гульнявы бой-спаборніцтва. І настолькі захапіў удзельнікаў, што яны не заўважалі ні часу, ні той вялікай колькасці пытанняў, на якія патрэбна было адказаць у час гульні. “Гэта было здорава!” – так ацанілі пазнавальную гульню камандзіры.
Практыкай даказана, што такія актыўныя формы работы з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі і выклікаюць найбольшую зацікаўленасць да вывучэння вучэбных дысцыплін сярод навучэнцаў.
Кацярына Кучынская, настаўнік пачатковых класаў Пархімаўскай БШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *