Пасвячэнне ў музыканты і мастакі адбылося ў Бераставіцкай дзіцячай школе мастацтваў

Лента новостей

Сорак дзевяць першакласнікаў Бераставіцкай школы мастацтваў далі “клятву юных аматараў мастацтва”, прайшлі своеасаблівы абрад пасвячэння ў музыканты і мастакі і атрымалі падарункі на памяць аб такой адметнай падзеі ў іх жыцці. Гэта цырымонія па старой добрай традыцыі адбываецца падчас канцэрта, які выкладчыкі і вучні школы наладжваюць напярэдадні самых радасных і доўгачаканых свят— Ражства і Новага года. Арганізатары святочнага мерапрыемства штогод стараюцца падрыхтаваць урачыстасць так, каб яна надоўга запомнілася самым маленькім вучням, якія толькі робяць свае першыя крокі ў цудоўны свет мастацтва.
Вось і сёлета дзецям была прапанавана музычная казка-вандроўка па чароўнай краіне Музыкі, галоўныя героі якой—Скрыпічны ключ, Мажор, Мінор, Пауза, Ноткі—пазнаёмілі іх з асноўнымі “законамі і правіламі”, што пануюць у гэтай краіне. Не абышлося і без музычных віншаванняў. Іх падарылі першакласнікам і ўсім гасцям свята ўдзельнікі малодшага і старэйшага ўзорных хораў школы “Манжэрок” і “Кампанэлі”, ансамбля ўзорнага духавога аркестра “TUTTI”, салісты Насця Янучак (4 кл.), Ксенія Карпач (3 кл.), Насця Цыхун (3 кл.), Вольга Карпач (3 кл.). Свае першыя творчыя дасягненні прадэманстравалі і першакласнікі: музыканты—Ілья Бутрыла, Антон Сарока, Антон Каваленя і мастакі. Малюнкі апошніх, дарэчы, можна было ўбачыць на выставе творчых работ навучэнцаў мастацкага аддзялення, якая мае прыгожую назву “Сны і мроі пад берастою” і адкрыта для ўсіх жадаючых у фае школы мастацтваў.

Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *