Палатно яе лёсу

Культура Лента новостей

3Героя чарговага “Ракурса” зноў падказалі чытачы. Патэлефанавала былая настаўніца Зінаіда Іванаўна Конік з Эймінаўцаў: “Газета піша пра людзей з цікавымі лёсамі, а ў апошні час найчасцей пра тых, хто перажыў вайну. Дык не абыйдзіце, калі ласка, увагай і нашу Соф’ю Іванаўну. Ёй 93 гады. Жыццё пражыла цяжкае: вайна адабрала мужа і малога сына”.
…Калі ехаць з Бераставіцы, то хата Соф’і Іванаўны Рудзік самая крайняя. Утульны інтэр’ер пакояў шыкоўна аздабляюць вязаныя бабай Зосяй – менавіта так называюць маю новую знаёмую ў вёсцы – прыгожыя сурвэткі. “На днях узялася вязаць яшчэ адну: сумна, ведаеце, без работы, то во корпаюся пакрысе”, – тлумачыць. – Няхай будзе на памяць праўнукам, ды і так каму люблю падарыць.” З цікавасцю разглядваю саматканыя дываны, вязаныя каляровыя ходнікі, сурвэткі на крэслах…

– Што мне расказаць пра сваю жытку? – уздыхае бабуля Зося. – Не карункамі яна вывязана, з суравых нітак выткана – а кужаль ён і ёсць кужаль…

Юнацтва
– Нарадзілася я ў 1922 годзе і таму добра помню, як жылося за польскім часам, – пачынае аповед баба Зося, углядваючыся ў свае далёкія дзяцінства і юнацтва. Татка наш памёр рана, пакінуўшы маме і дзеду з бабуляй горбу малых дзяцей: мне чатыры гады, меньшаму браціку ўсяго два, Валодзі сем, а старэйшаму, Ёзіку, адзінаццаць. Таму калі мае сяброўкі пайшлі вучыцца ў пяты клас польскай школы, то я стала мамінай памочніцай: і прала, і ткаць ёй памагала. А злазіў з зімы снег у полі – пасвіла каровы. Калі ж падабралася пад дзеўку, мяне адправілі служыць у Беласток, у яўрэя- фабрыканта малых дзяцей гадавала. Плаціў ён дзесяць злотых за месяц. Многа гэта ці мала? За два злотыя можна было купіць пуд жыта або метр добрага сітцу. Так што магла сабе і абноўку справіць, і сям’ю трохі падтрымаць. Ёзік з Валодзем у тую пару ўжо з бараной і плугам хадзілі.
Пра сваё жыццё ў Беластоку баба Зося расказвае вельмі скупа і зноў “вяртаецца” ў свае Эймінаўцы,
– Мой брат Ёзік і яго дружбакі палітыкавалі. Я хоць і падшпаркам яшчэ была, але пра многае ўжо здагадвалася, ды і чула падчас што-кольвек – як хлопцы пра сходкі ці маёўкі дамаўляліся або пра тое, як перад савецкімі святамі чырвоныя сцягі будуць вывешваць…
Моладзі тады было многа і ў нас, і ў Бераставічанах, Старынцах, Людзвінове. На свята Пятра і Паўла, бывала, да нас пад школу хлопцы і дзяўчаты з усяе акругі з’язджаліся. І да маяка каля Жаброў на гулянку хадзілі, на гойданку ў Старынцы. На такіх сустрэчах падпольшчыкі і вялі агітацыю супраць польскай улады, пракламацыі раздавалі.
– Помню, у нашай вёсцы часта бывала Галена Сягоднік з Жаброў, – працягвае баба Зося. – Яна, як разумею, у акрузе завадатаркай падпольных спраў была, бо моладзь яе слухала, раілася з ёю. Найбольш Галена сябравала з Надзяй Прымачок і часта бывала ў яе ў гасцях. Неяк я дачулася, што нашы хлопцы і дзяўчаты збіраюць грошы для камуністаў Іспаніі, дзе тады ішла грамадзянская вайна, вязалі рукавіцы, шкарпэткі. Помню, узяла я пяцьдзесят грошай і пайшла да Надзі Прымачок, каб таксама памагчы іспанцам. У Надзі была Галена Сягоднік. Здзівілася яна: “Ты ж малая яшчэ, а дзе грошай узяла?”
– Назбірала, – адказваю, – прынесла ўсе, што маю.
– Ну, то вялікі дзякуй табе, – сказала Галена. – Добрую справу ты зрабіла.
Бывалі ў Эймінаўцах і незнаёмыя мне хлопцы. Яны заходзілі да Мішы Зданчука, бацькоўская хата якога стаяла далей ад вёскі, на агародах. Аднойчы я чула, як Ёзік і яго сябры ўпаміналі ў гутарцы прозвішча Сяргей Прытыцкі. Сяргей ды Сяргей – гэтае імя мне, малой, ні аб чым тады не гаварыла. Але зімою 1936-га над падпольшчыкам Сяргеем Прытыцкім палякі ўчынілі ў Вільні суд. У вёсцы казалі, што ён страляў на судзе ў правакатара. Тады я і зразумела, што сярод тых незнаёмых хлопцаў, якія бывалі ў Эймінаўцах, мог быць і гэты адважны падпольшчык.
Не пазбегнуў турмы і мой брат Ёзік, яго сябры Мікалай і Аляксандр Марцуль, Валодзя Грышук, іншыя. Брат адседзеў ў Гродне дзевяць месяцаў, а хлопцы па году. Маці кожны тыдзень пяшком хадзіла ў Гродна, насіла перадачы, а падчас дзед запрагаў каня і яна ехала возам. Іншыя падпольшчыкі і ў Картуз-Бярозе сядзелі, там турма, казалі, была надта строгая, людзей моцна катавалі.
У верасні 1939 года прыйшлі, урэшце, саветы. Бачылі б вы, якая гэта радасць была, якое свята! Жыццё моладзі забурліла-закіпела, бы тая вада ў катле: уступалі ў камсамол, спявалі савецкія песні, ставілі пастаноўкі. Мы са Сцяпанам яшчэ не жанатыя былі. Дык ён, бывала, пасадзіць мяне на ровар і вязе на камсамольскі сход у Крынкі. На адным з гэтых сходаў выступаў Сяргей Прытыцкі. І мне здалося, што якраз гэтага хлопца аднаго разу і бачыла ў вёсцы.
Здавалася, наперадзе будзе светлае і шчаслівае жыццё.
Каб жа гэта не вайна…

Прапаў
без вестак
Пажаніліся мы ў 1940-м, а ў лютым 41-га сынок нарадзіўся, – працягвае свой расказ баба Зося. – І тут прыйшла Сцяпану павестка ў армію. Помню, май быў, усё вакол цвіло, радавала, а на сэрцы – такая туга! Усё роўна як ведала, што не ўбачу больш свайго Сцяпана. І ён моцна перажываў. Калі развітваўся, ніяк не мог адарвацца ад двухмесячнага Ванечкі. Таксама быццам прадчуваў, што не вернецца…
Служыў Сцяпан пад Масквой, у Нагінску. Спачатку пісьмы-трохкутнікі прыходзілі вельмі часта, пісаў, што сфатаграфаваўся і ў наступным пісьме прышле здымак. Але ні здымка, ні пісьма мы так і не дачакаліся. Гэтак ужо са свякрухай бедавалі, да варажэек хадзілі: ці жывы хоць? Тыя ўсё абнадзейвалі, але ад Сцяпана так і не было ніякіх вестак. Ужо і вызвалілі нас, і перамога настала. Мужчыны і хлопцы, што засталіся ў жывых, вярнуліся дахаты, а на загінуўшых прыходзілі пахаронкі, і ў хатах іх стаяў плач.
Плакалі-ўбіваліся і Зося з мамай: на вайне загінуў іх Вало­дзя… Ёзік быў моцна паранены, лячыўся ў шпіталі, але вылечылі, і ён вярнуўся.
– Да 49-года я жыла ў свякрухі, – працягвае свой аповед мая субяседніца. – Мы з ёю па-ранейшаму спадзяваліся, што Сцяпан усё ж вернецца. Абівалі парог ваенкамата, пісалі, куды маглі. Аднак нідзе нічога не маглі сказаць. А тут аднойчы выклікаюць і, падаючы нейкую паперу, кажуць, што радавы Сцяпан Усціловіч прапаў без вестак….
Крыўдна было, што сыночак ніколі нават не будзе ведаць, які ў яго быў татка: да вайны Сцяпан не фатаграфаваўся, а фотакарткі з арміі мы так і не атрымалі. Пэўна, Сцяпан загінуў у самым пачатку вайны, бо чаму ж ад яго не прыходзілі пісьмы?
Соф’я Іванаўна змаўкае. Няцяжка зразумець, наколькі няпроста даецца ёй гэты аповед.
Але час ішоў, і трэба было жыць. Да маладой жанчыны пасватаўся ўдавец са сваёй вёскі Аляксандр Рудзік. У яго памерла жонка, пакінушы двух сынкоў: старэйшы Толік хадзіў у дзявяты клас, а Валодзя яшчэ ў чацвёрты. Праз год у сям’і нарадзіўся Віталік.

Вайна нанесла
яшчэ адзін
удар
33Жанчына, якая прапанавала мне сустрэцца з Соф’яй Іванаўнай, коратка расказала і пра гора, якое ў 1959 годзе напаткала Рудзікаў і яшчэ тры вясковыя сям’і. І вось цяпер, гутарачы з бабай Зосяй, я не ведаю, як жа спытацца ў яе пра гэта, каб моцна не зачапіць тую незагойную рану. Выручыла суседка, якая зайшла ў хату. Марыя Ткачук не з чужых слоў ведае, што такое вайна і якое гора яна прыносіць – у маленстве яе вывезлі з сям’ёй у Германію.
– А ўжо цябе, Зося, вайна ох як моцна пакрыўдзіла: гэта ж і Сцяпана забрала, і дзіця праз пятнаццаць гадоў, – уздыхнула госця.
Абедзьве жанчыны заплакалі, і мацярынскае сэрца трохі размякла. А перада мной адкрылася бездань той трагедыі.
Стаяў снежань 1959-га. Дзе­вяцігадовы Віталік не мог дачакацца таго дня, калі яму павяжуць чырвоны гальштук.
… У піянеры чацвертакласнікаў прымалі напярэдадні дня Канстытуцыі на ўрачыстай агульнашкольнай лінейцы. Хлопчык прыбег дахаты шчаслівы:
– Мама, я стаў піянерам!
А назаўтра было свята, і дзеці не вучыліся. Хлапчукі гулялі, як звычайна, на вуліцы. Снегу тады яшчэ не было, але стаяў добры мароз. Коўзаліся на замёрзшай рачулцы, што працякала праз алешнік каля вёскі. Недзе там і знайшлі неўзарваны артылерыйскі снарад. Хлапчукі – народ цікаўны і, пэўна, вырашылі паспрабаваць, ці ўзарвецца ён на кастры.
…Калі раздаўся выбух, сэрца Соф’і Іванаўны скаланулася ад страшнага прадчування. Яна была тады ў суседкі. Калі пабегла ўздоўж па вясковай вуліцы і нехта сказаў, што хлопчыкі падарваліся на міне і яе Віталік таксама, ногі прыраслі да зямлі.
Вёска здранцвела ад гора. У клубе стаялі чатыры невялікія труны. На хлопчыках былі чырвоныя гальштукі, якія ім павязалі толькі ўчора…
Магілкі іх у Бераставіцы побач, у адной агароджы. І на здымку яны таксама разам.
– Першыя дні яна там толькі што не начавала, – паказвае на бабу Зосю суседка. Уздыхае і, выціраючы слёзы, выходзіць з хаты.
Мы ж нейкі час сядзім моўчкі. Урэшце бабуля, быццам прыняўшы нейкае важнае для сябе рашэнне, падымаецца і кліча мяне ў залу.
– Хадзем, пакажу вам свайго Віталіка, – кажа.
Паміж вокнамі на сцяне два вялікія партрэты – прыгожага хлопчыка і яго таткі, якога ўжо каторую пару таксама няма на свеце.
Бяру ў рукі фотаапарат і запытальна гляджу на бабулю. Яна разумее мяне і згодна ківае.
Перад тым як развітацца, прашу ў Соф’і Іванаўны дазволу сфатаграфаваць яе для газеты.
– Ах, які ўжо ў мае гады здымак?! – махае рукамі.
Даводжу, што нямнога зной­дзецца ў раёне яе аднагодак, якія без акуляраў гэтак, як яна, здолелі б вывязваць такія карункі, ды яшчэ узорамі, узятымі з часопіса “Ксюша”.
– Ну то хіба што з вязаннем здымуся, – пасуе перад пахвалой бабуля і сядае на сваё любімае месца каля цёплай печкі.
***
У хаце, якую ставіла з мужам Аляксандрам, яна жыве цяпер адна. Хаця не, не так: бабуля Зося бывае сам-насам толькі за любімым заняткам ды адпачываючы. Да яе прыходзяць суседзі, а галоўныя і заўсёды дарагія госці і памочнікі ў гэтай хаце – дзеці і шасцёра ўнукаў, дзевяцёра праўнукаў. Усіх яна бясконца любіць. А для іх бабуля – і галоўная дарадчыца, і цэнтр усяго Сусвету.
Ужо вяртаючыся з Эймінаўцаў, я падумала: лёс маёй новай знаёмай сапраўды не карункамі ўпрыгожаны, а з суравых нітак вытканы. Аднак гэтулькі маральнай сілы і душэўнага хараства ў гэтай жанчыны, што невыпадкова, пэўна, ёй падораны такі доўгі век.
Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *