Падарыце сабе радасць у Год кнігі

Лента новостей

Кніга назаўсёды застанецца адным з самых значных вынаходніцтваў чалавецтва. Шчаслівы той чалавек, які палюбіў чытаць. Наш адметны класік Янка Купала сцвярджаў, што “кнігі — самыя верныя сябры”… Памятаю, як імкну-ліся заахвоціць нас чытаць наша першая настаўніца Ніна Антонаўна Марозава і школьны бібліятэкар Любоў Сцяпанаўна Жукоўская. Пачыналася ўсё, вядома, з казак. Ніна Антонаўна шмат чытала нам, і мы сядзелі так ціха, што здаецца, было чутна, як муха праляціць. А Любоў Сцяпанаўна давала ў бібліятэцы наступную кнігу толькі тады, калі раскажаш змест папярэдняй. А на кнігі ўтваралася чарга. Мы пыталіся адзін у аднаго: “Ну, што, прачытаў ужо? Калі прачытаеш? Дасі тады мне?” Тая цудоўная дзіцячая літаратура, сапраўднае “акно” у дзівосны свет з усімі яго скарбамі, запомнілася назаўсёды.
Мне радасна пазнаць тых аўтараў і многіх іншых на паліцах кніжных магазінаў у г. п. В. Бераставіца. І хаця ў нас няма такога багатага выбару, як у буйных гарадах, знайсці для сябе нешта прыемнае можна.
— Беларускіх кніг шмат і іх купляюць, — расказала мне прадавец «Детского мира» Зоя Хілюта. – Вельмі ахвотна купляюць казкі. А настаўнікі з Алекшыцкай сярэдняй школы завялі добрую традыцыю, якую можна было б падхапіць і іншым. Яны купляюць кнігі беларускіх паэтаў і празаікаў, каб падарыць дзецям. Гэта вельмі добра. Калі дзіця атрымае кнігу ў падарунак з рук настаўніка, вядома, што яно захоча яе прачытаць…
А ў магазіне “Крынічка” прадавец Надзея Дудко таксама сказала, што беларускую літаратуру купляюць. Тут можна ўбачыць творы беларускіх класікаў. Скажу па сабе, што праз гады і з жыццёвым вопытам яны ўспрымаюцца зусім па — іншаму, чым раней. Пачытайце, не пашкадуеце! Нельга быць культурным чалавекам і не ведаць свайго, роднага, тых імён і духоўных скарбаў, што занялі пачэснае месца ў сусветнай літаратуры. Падарыце сабе радасць!
На здымках: прадаўцы Зоя Хілюта і Надзея Дудко з кнігамі на роднай мове.

Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *