Падарунак ад чытачоў атрымала Бераставіцкая раённая бібліятэка

Лента новостей

1Незвычайныя калекцыі з’явіліся ў чытальнай зале філіяла “Дзіцячая бібліятэка” Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага і ў яго пакоі для самых маленькіх наведвальнікаў. Некалькі калекцыйных серый папулярнага выдавецтва DeAgostini, якія распаўсюджваюцца праз гандлёвую сетку РУП “Белсаюздрук”, падарылі бібліятэцы яе актыўныя чытачы – мама і сын Наталля і Дзмітрый Кулікоўскія з г.п. В.Бераставіца.

Назва першай і найбольш аб’ёмнай калекцыі – “Жывёлы на ферме Васіля і Васілісы”. Яна ўяўляе сабой вялікую колькасць фігурак розных сельскагаспадарчых і хатніх жывёл, мініяцюрныя пабудовы – жылы дом фермераў, свінарнік, кароўнік, курнік, а яшчэ агарод, сажалку, шэраг патрэбных у гаспадарцы інструментаў, прылад працы і іншых элементаў сапраўднай фермы. У часопісах, якія ўваходзяць у калекцыю “Жывёлы на ферме Васіля і Васілісы”, можна даведацца шмат цікавых фактаў і гісторый пра жыццё на ферме, пра хатніх жывёл і догляд за імі, пра вырошчванне сельгаскультур і перапрацоўку прадукцыі.
– Мы пачалі збіраць калекцыю, калі Дзіма быў яшчэ зусім маленькім, – расказвае Наталля. – Працэс моцна захапіў нас. Кожны наступны выпуск мы чакалі з вялікім нецярпеннем. Я не расчаравалася такім набыткам. Наадварот, калекцыя аказалася вельмі карыснай пры першым знаёмстве сына са светам жывёл і раслін. Мы гулялі з ім разам, чыталі ў часопісах пазнавальныя, часта вясёлыя, разлічаныя на самых маленькіх дзетак аповеды, а таксама самі выдумлялі незвычайныя прыгоды для жыхароў фермы. Фігуркі прыгожыя, яркія, іх прыемна браць у рукі. Дзіма вырас. Ён у трэцім класе. Яму цікавыя ўжо зусім іншыя рэчы, а мне захацелася, каб гэта калекцыя прынесла карысць яшчэ каму-небудзь. Таму мы і прынеслі яе ў дзіцячы пакой бібліятэкі. Спадзяюся, тут яна будзе запатрабавана.
2Нагадаю чытачам, што пакой для самых маленькіх наведваль­нікаў дзейнічае ў дзіцячай бібліятэцы ўжо некалькі гадоў і карыстаецца папулярнасцю ў дашкольнікаў і іх бацькоў. Яркія фарбы інтэр’ера, цацкі, цудоўныя кніжкі – усё тут спрыяе адпачынку і атрыманню ведаў праз гульню.
Машынкі, канструктары, мазаі­ка, даміно, шашкі і лато, мячы, кубікі і пірамідкі – хлопчыкам і дзяўчынкам тут сапраўды ёсць у што пагуляць і чым заняць свой вольны час. Да таго ж увазе маленькіх чытачоў прадстаўлены дастаткова багаты фонд дзіцячай літаратуры. Прычым ёсць кніжкі незвычайнай формы і памераў. Напрыклад, кніжкі-цацкі, якія дазваляюць дзіцяці не толькі разглядаць і чытаць іх, але і гуляць з імі, раскладваць або размалёўваць старонкі, націскаць розныя клавішы і чуць гукі, мелодыі. Гэта і кніжкі-вырубкі, кніжкі з пазламі, пазнавальныя энцыклапедыі, маляўнічыя казкі і шэраг іншых выданняў.
– Наталля Уладзіміраўна і Дзмітрый падарылі нам, да таго ж, склееную пластыкавую мадэль самалёта, картонны макет Эйфелевай вежы, драўляныя машынкі, кніжкі-пазлы “Мая вясёлая азбука”, – расказвае загадчык філіяла “Дзіцячая бібліятэка” Аксана Кумпель. – Усё гэта таксама калекцыйныя серыі выдавецтва DeAgostini, сабраныя ў свой час мамай і сынам. А яшчэ – некалькі мяккіх цацак і жывых пакаёвых кветак.
Падчас гутаркі з Наталляй я разумею, што ў першую чаргу гэта яна, мама, – вельмі творчы цікаўны чалавек. Маладая жанчына шмат чым захапляецца і надае значую ўвагу выхаванню сына менавіта на ўласным прыкладзе. Яна лічыць, што праз такія сумесныя пазнавальныя гульні і гутаркі, агульную творчую дзейнасць, наведванне бібліятэкі і музея, дзеці лепш развіваюцца не толькі разумова, але і духоўна. Яны знаходзяцца з дарослымі ў даверлівых адносінах, дзеляцца сваімі сакрэтамі, абмяркоўваюць праблемы, задаюць пытанні. А гэта, згадзіцеся, важна. Асабліва цяпер – калі падрастаючае пакаленне з лёгкасцю трапляе ў “палон” віртуальнай рэальнасці, набываючы на прасторах інтэрнэту падчас няправільныя духоўныя арыенціры.
– Мы шмат чытаем, – гаворыць Наталля, – часта наведваем бібліятэку. Я захапляюся вязаннем, шыццём, люблю паэксперыментаваць у прыгатаванні кулінарных страў. Планую асвоіць бісерапляценне – калі ўжо што мяне захопіць, то пакуль не паспрабую, не супакоюся (смяецца). Мы з сынам у вольны час ходзім карміць вавёрку ў музей. Дзіма займаецца шахматамі ў школьным гуртку, першы год спрабуе сябе ў вольнай барацьбе, наведвае нядзельную школу пры храме. Я імкнуся, каб ён вырас рознабакова развітай асобай, але, найперш, добрым і чулым чалавекам.
– Мы даўно сябруем з гэтай сям’ёй, – кажа Аксана Паўлаўна. – Такіх чытаючых і творчых у нас – адзінкі. Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць Наталлі за падарунак. Безумоўна, ён будзе карысны самым маленькім наведвальнікам і знойдзе сваё прымяненне ў нашым дзіцячым пакоі і ў чытальнай зале.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *