На планёрцы ў старшыні Бераставіцкага райвыканкама разгледжаны пытанні захавання жыцця і здороўя людзей

Лента новостей

У час правядзення чарговай планёркі ў старшыні райвыканкама разглядаліся вельмі важныя і актуальныя пытанні. І датычыліся яны ў першую чаргу захавання жыцця і здароўя людзей. Начальнік інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду Бераставіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Л.Ю.Лемантовіч, выступаючы з інфармацыяй “Аб сумеснай рабоце аддзела, сельвыканкамаў, сельскай грамадскасці па папярэджанні гібелі людзей на пажарах” адзначыў, што, нягледзячы на праводзімую прафілактычную работу ў раёне, назіраецца такая тэндэнцыя: колькасць пажараў зніжаецца, а колькасць загінуўшых павялічваецца. Так, за апошнія два гады на тэрыторыі раёна адбылося — 45 пажараў, у якіх загінула 8 чалавек. У асноўным гэта састарэлыя і адзінока пражываючыя грамадзяне. Часцей за ўсё прычынай гібелі людзей стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні ў ложку ў нецвярозым стане. Больш за ўсё пажараў з гібеллю людзей здарылася на тэрыторыі Пархімаўскага і Алекшыцкага сельсаветаў. За 2010 год на тэрыторыі Пархімаўскага сельсавета адбылося 7 пажараў, загінула 2 чалавекі, у 2011 г. — 3, загінуў 1 чалавек, на тэрыторыі Алекшыцкага сельсавета за 2010г. — 2 пажары, за 2011 г.— 7, загінула 2 чалавекі. Як патлумачылі старшыні дадзеных сельвыканкамаў Л.К. Кладкевіч і В.Я. Галавач, сельвыканкамамі праводзіцца пэўная прафілактычная работа з дадзенай катэгорыяй грамадзян, але людзі зачастую самі абыякава ставяцца да свайго здароўя і жыцця, а на ўсе ўшчуванні і парады не звяртаюць увагі. Таксама імі было выказана пажаданне, каб аддзел унутраных спраў райвыканкама больш аператыўна працаваў па афармленні і адпраўцы пэўнай катэгорыі грамадзян у ЛПП, бо зачастую менавіта гэтыя жыхары сельсавета падвяргаюць небяспецы як сваё жыццё, так і жыццё іншых людзей.
Намеснік старшыні райвыканкама С.Я.Чыкун выказаў думку, што сельвыканкамы зачастую таксама недапрацоўваюць у сваёй рабоце з грамадзянамі пэўнай катэгорыі, недастаткова звяртаюць увагу на ўмовы іх пражывання. Для прыкладу быў прыведзены выпадак з жыхаром в.Старынцы Малышка, які пражываў у жудасных умовах, і толькі пасля ўмяшання райвыканкама пытанне аб яго перасяленні ў новае жыллё было вырашана.
Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама А.В.Маркевіч, выступаючы з інфармацыяй “Аб уплыве рашэння Бераставіцкага райвыканкама ад 30.06.2011 г. №319 “Аб забароне продажу пладова-ягадных він на крымінагенную сітуацыю ў раёне” ахарактарызаваў стан крымінагеннай сітуацыі па раёне за прошлы год. Аляксандр Васільевіч адзначыў, што дзякуючы прыняццю дадзенага рашэння, а таксама правядзенню шэрагу прафілактычных мер колькасць злачынстваў за 2011 год у параўнанні з 2010 знізілася. Так, за мінулы год было здзейснена 174 злачынствы (2010 г. –175), раней судзімымі – 69 (73), асобамі ў алкагольным ап’яненні – 49 (57), у сельскай мясцовасці – 120 (127), у грамадскіх месцах – 19. За мінулы год у дзяжурную часць паступіла на 34 паведамленні менш аб сямейна-бытавых сварках, чым за папярэдні год. Да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства, у т.л. і ў п’яным выглядзе ў 2011 годзе было прыцягнута на 125 чалавек менш, чым у 2010. Нават жыхарамі г.п.В.Бераставіца была выказана заўвага, што пасля забароны продажу пладова-ягадных він на вуліцах пасёлка, асабліва каля магазінаў па вул. Леніна і Матросава, стала менш грамадзян у стане моцнага алкагольнага ап’янення.
У час уборачнай кампаніі супрацоўнікамі РАУС было выяўлена толькі 16 фактаў знаходжання працаўнікоў АПК у стане алкагольнага ап’янення ў рабочы час на працоўных месцах.
У заключэнні свайго выступлення начальнік аддзела ўнутраных спраў прапанаваў прадоўжыць тэрмін дзеяння гэтага рашэння на тэрыторыі раёна. Падтрымаў гэту прапанову і галоўны ўрач РЦБ С.З.Сарасек.
Аб ходзе рэалізацыі дысконтнага гандлю ў раёне паведаміла прысутным дырэктар Бераставіцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўсаюза В.В.Парманчук. У прыватнасці, яна запэўніла кіраўніцтва раёна, што з 12 студзеня бягучага года гандлёвыя кропкі і нават аўтамагазіны працуюць з дысконтнымі картамі. Усяго ж такімі картамі будуць карыстацца каля 400 жыхароў раёна.
У час правядзення планёркі былі разгледжаны і іншыя не менш важныя пытанні. Датычыліся яны і ўтрымання ў парадку дарог і прыдарожнай тэрыторыі, і пераходу ў рэжым эканоміі асвятлення вуліц гарадскога пасёлка, і своечасовай ачысткі тратуараў ад снегу.
Таксама было прааналізавана выкананне дадзеных раней даручэнняў.
Зінаіда Самкова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *