На Бераставіччыне ідзе масавая ўборка збожжавых і зернебабовых культур

Актуально Лента новостей Сельское хозяйство Тема недели

Цёплае летняе надвор’е, якога нарэшце дачакаліся нашы аграрыі, спрыяе масавай уборцы збожжавых і зернебабовых культур.

У КСУП “Пархімаўцы”, дзе мы пабывалі ўчора, уборка актыўна ідзе ўжо чацвёрты дзень. У суботу ў гаспадарцы справілі “Зажынкі” і масава прыступілі да збору ўра­джаю гэтага года.
— Усе ўдзельнікі жніва працуюць з поўнай аддачай, — задаволены тэмпамі ўборкі старшыня КСУП “Пархімаўцы” Юрый Ярэміч, — на сённяшні дзень абмалочана амаль 20 працэнтаў ад усіх пасеваў зернявых, і калі дазволіць надвор’е, за дзён дзесяць справімся. Радуе і ўраджайнасць, яна ў гэтым годзе добрая, але пакуль рана яшчэ гаварыць аб канкрэтных лічбах, пачакаем, пакуль звязём усё збожжа ў зернясховішча.
На полі каля вёскі Жабры працавала некалькі камбайнаў, якія малацілі азімы ячмень. Старшыня гаспадаркі параіў сфатаграфаваць экіпаж у складзе старэйшага камбайнера Сяргея Пасталюка і яго памочніка Віталія Лойкі. Справа ў тым, што камбайн у Сяргея Пасталюка самы старэйшы ў гаспадарцы – “Ліда – 1600”, але ён не адстае і трымае тэмп на ўзроўні з калегамі, у якіх навейшая тэхніка.
Не падводзяць і вадзіцелі аўта­мабіляў, занятых на адвозцы зерня ад камбайнаў. Хутка і без затрымак стараюцца працаваць Аляксей Македон, Юрый Пугачэўскі і Андрэй Навасад, яны разумеюць, што толькі зладжаная праца камбайнера і вадзіцеля, якія знаходзяцца ў адной звязцы, дасць найлепшы вынік.
За тры дні ўборкі ў КСУП “Пар­хімаўцы” агульны намалот склаў ужо больш за 1200 тон. Каб адзначыць намалочаную першую тысячу тон збожжа, намеснік старшыні КСУП “Пархімаўцы” па ідэалагічнай рабоце Віктар Кашлявік прывёз у гэты дзень усім удзельнікам жніва на поле марожанае, каб такім чынам падзякаваць за напружаную працу на ўборцы і парадаваць іх прыемнай прахалодай гэтага пачастунку ў спякотны летні дзень.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *